Вы тут

Жылыя дамы і дзіцячыя садкі цяпер павінны будавацца адначасова


Будаўнічай галіне цяпер неабходна арыентавацца на далейшае зніжэнне выдаткаў і стварэнне камфортнага і зручнага жылля, паставіў задачу намеснік прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін падчас выніковай калегіі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва. Паводле яго слоў, пры правядзенні экспертызы больш не будуць прапускацца спрошчаныя варыянты, бо трэба ствараць комплексную забудову жылога асяроддзя.


Менавіта аб перспектывах развіцця тэрыторый жылой забудовы карэспандэнт «Звязды» пагутарыў з начальнікам галоўнага ўпраўлення горадабудаўніцтва, праектнай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Галінай Паўлавай.

— Пытанні аб недастатковай сацыяльнай інфраструктуры ўздымаюцца не ўпершыню. Гэта тэма на сёння забяспечана заканадаўчай базай?

— Узвядзенне жылых раёнаў гарадоў ажыццяўляецца ў краіне на падставе горадабудаўнічых планаў агульнага і дэталёвага планавання ў адпаведнасці з рэгламентам забудовы. Там дакладна прапісана, дзе і якія аб'екты дазваляецца размяшчаць. Яшчэ ў студзені 2014 года ўступіў у сілу Указ кіраўніка дзяржавы №26 «Аб удасканаленні будаўнічай дзейнасці», дзе канкрэтна прапісана, што раёны жылой забудовы павінны забяспечвацца ўсімі мінімальна неабходнымі аб'ектамі сацыяльнай інфраструктуры. Гэта магазіны, аптэкі, школы, дзіцячыя садкі, а таксама пажарныя дэпо — усё, што ўплывае на бяспеку насельніцтва і забяспечвае яго спрыяльным асяроддзем пражывання.

— У свой час я хадзіў у школу, якая ў раённым цэнтры стаяла ўпрытык да жылога дома...

— Цяпер пры развіцці тэрыторый павінны выконвацца і санітарныя нормы, дзе абавязкова прапісваецца адлегласць ад жылых дамоў да найбліжэйшых школьных устаноў. Гэта адлегласць рэгламентуецца ў залежнасці ад шчыльнасці насельніцтва. Увогуле, любое развіццё гарадскіх тэрыторый робіцца на падставе зацверджанага дэталёвага плана, дзе ўдакладняецца, якія аб'екты па гэтых нормах там павінны быць. Колькасць іх вызначаецца ў залежнасці ад змяшчальнасці школ, паліклінік, а таксама іншых нюансаў. А вось мясцовыя органы ўлады павінны адсочваць на сваёй тэрыторыі захаванне гэтых нормаў.

— У ідэале гэта так. Але мая сярэдняя дачка ў новым мікрараёне сталіцы два гады не магла пайсці ў дзіцячы садок, бо яго проста не было побач.

— Сітуацыя знаёмая. У сувязі з тым, што школы і дзіцячыя садкі фінансуюцца з бюджэту горада, то нярэдка іх будаўніцтва спазняецца. Відавочна, што спачатку адбываецца ўзвядзенне ліквідных аб'ектаў — жылля, дзе арганізатары атрымліваюць гарантаваны прыбытак. А вось будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў пераносіцца на больш позні тэрмін. А гэтага не павінна быць. Менавіта таму наша міністэрства падрыхтавала адпаведны інфармацыйны ліст выканкамам. У гэтым дакуменце мясцовым уладам рэкамендуецца пры выдзяленні інвестару зямельных участкаў пад будаўніцтва жылля абавязкова паведамляць апошнім, што на гэтай тэрыторыі пакуль не выконваюцца нормы па забеспячэнні пажарным дэпо і іншымі аб'ектамі інфраструктуры. Інвестар ужо на першапачатковым этапе павінен разумець, што менавіта ён будзе будаваць тут нейкія аб'екты інфраструктуры ў якасці дадатковай нагрузкі.

Адзначу, што гэта тычыцца схемы будаўніцтва камерцыйнага жылля. Пры ўзвядзенні жылля па дзяржзаказе і з выкарыстаннем ільготных крэдытаў існуе крыху іншы алгарытм будаўніцтва інфраструктуры. А з камерцыйным будаўніцтвам мясцовым уладам пажадана загадзя акрэсліць у сваіх рашэннях тое, якія аб'екты сацыяльнай інфраструктуры будзе будаваць горад, а якія — інвестар. І гэта бакі павінны ўдакладняць ужо на старце развіцця тэрыторый. У такім выпадку будучы арганізатар будаўніцтва будзе свядома вырашаць, ці займацца яму гэтым аб'ектам, ці не.

— Атрымліваецца, што цяпер будаўніцтва жылля і аб'ектаў сацыяльнай інфраструктуры павінна адбывацца паралельна?

— Вядома. Не павінна ўзнікаць сітуацый, калі жылы раён ужо заселены, а ў ім доўгі час няма інфраструктуры. Адсочваць падобныя моманты павінны мясцовыя органы ўлады, якія выдаюць дазволы на ажыццяўленне праектавання і будаўніцтва жылых дамоў. Менавіта яны кантралююць паслядоўнасць узвядзення ўсіх запланаваных будынкаў і збудаванняў на сваёй тэрыторыі.

— Ваша ўпраўленне займаецца распрацоўкай, а пры неабходнасці і карэкціроўкай усіх нормаў па развіцці тэрыторый. Аднак кантралююць выкананне заканадаўства іншыя структуры. На практыцы атрымліваецца не заўсёды ўсё гладка?

— На жаль, часам здараюцца адзінкавыя выпадкі з падобнымі праблемамі. Напрыклад, шмат было скаргаў ад жыхароў новага дома ў раёне вуліцы Каліноўскага г. Мінска. Там людзі купілі элітнае жыллё за сур'ёзныя грошы, а, па сутнасці, атрымалі ката ў мяшку. Першапачаткова ім абяцалі, што побач з домам будуць пабудаваны дзіцячы садок і школа, а ў выніку было прынята рашэнне ўпрытык пабудаваць яшчэ адзін жылы дом. Заўважу, што гэта ўжо з'яўляецца прамым парушэннем дэталёвага плана забудовы.

— Як прадухіліць паўтарэнне падобных сітуацый?

— Галоўным заслонам для такіх парушэнняў павінна стаць дзяржаўная экспертыза праектных рашэнняў. А калі праект не адпавядае дэталёваму плану забудовы, то будаўніцтва яго трэба забараняць ужо на гэтай стадыі. А вось калі аб'ект пабудаваны, то выпраўляць памылкі будзе значна больш складана. На наш погляд, спецыялісты дзяржэкспертызы павінны больш жорстка падыходзіць да ўзгаднення праектнай дакументацыі. Тут жылы будынак трэба разглядаць не толькі як каробку і канструкцыю, а больш уважліва звяртаць увагу на адпаведнасць горадабудаўнічым нормам, якія зацверджаны дэталёвым планам асваення тэрыторыі. Так, наша ўпраўленне можа карэктаваць гэтыя нормы ў сувязі з ушчыльненнем раёнаў, але такія змяненні не павінны выходзіць за межы прынцыповых момантаў дэталёвага плана забудовы. А экспертыза павінна надзейна адсякаць неправамерныя рашэнні мясцовых улад.

— Разам з тым яшчэ сустракаюцца выпадкі, калі падчас заключэння дагавораў з фірмай-забудоўшчыкам агучваюцца адны ўмовы, а пры засяленні аказваецца, што сацыяльнай інфраструктуры побач з домам няма...

— Гэта пытанне асобна ўздымалася на мінулай калегіі Мінбудархітэктуры. Тады было вырашана, што жыллё не павінна будавацца асобна ад узвядзення сацыяльнай інфраструктуры. Так, у гарадах не заўсёды хапае ўласных сродкаў, каб будаваць інфраструктуру своечасова. Значыць, грошы трэба эканоміць і зніжаць выдаткі. У сувязі з гэтым міністэрства зацвердзіла гранічныя нарматывы кошту па такіх аб'ектах сацыяльнай інфраструктуры, як фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, дзіцячыя садкі і школы. Дакумент прадугледжвае дакладнае адсочванне і мэтазгоднасць выкарыстання пэўных аб'ёмаў бюджэтных сродкаў на ўзвядзенне такіх аб'ектаў.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Новыя кварталы — толькі з інфраструктурай

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».