Вы тут

Нацыянальную зборную па футболе ўзначаліў Ігар Крывушэнка


Пасада, якая так доўга заставалася вакантнай, нарэшце, знайшла свайго ўладальніка. Пасля адстаўкі Аляксандра Хацкевіча, які быў галоўным трэнерам зборнай на працягу двух гадоў, прайшло ўжо тры месяцы. За гэты час агучваліся імёны многіх кандыдатаў — гэта і Алег Конанаў, і Віктар Скрыпнік, і Аляксандр Барадзюк, і Леанід Кучук, і Валерый Карпін, і іншыя. Сярод іх — і Ігар Крывушэнка, з якім было дасягнута пагадненне.


Пакуль Крывушэнка прызначаны выконваючым абавязкі галоўнага трэнера, але прыстаўка «в. а.» з'яўляецца толькі юрыдычнай фармальнасцю, на найбліжэйшым пасяджэнні выканкама Беларускай федэрацыі футбола Ігар Мікалаевіч будзе зацверджаны ў якасці галоўнага трэнера нацыянальнай каманды.

Адначасова ён працягне ўзначальваць і каманду «Тарпеда-БелАЗ». Як адзначае афіцыйны сайт жодзінскага клуба, сумяшчэнне было ўмовай, пры якой настаўнік пагадзіўся на прапанову ўзначаліць нацкаманду.

— Кіраваць зборнай заўсёды прыемна і ганарова, але ў той жа час і адказна. Разумею, што дадасца велізарны кавалак работы. Гэта — выклік, а на выклік заўсёды хочацца адказаць годна, — сказаў у інтэрв'ю АБФФ-ТБ Ігар Крывушэнка.

Пакуль не агучаны імёны памочнікаў новага галоўнага трэнера, але настаўнік адзначыў, што ў яго ўжо ёсць варыянты, спатрэбіцца ўсяго 2—3 дні, каб закрыць гэтае пытанне.

— У першую чаргу мая мэта — гэта стварэнне адзінага калектыву, які ў кожнай гульні будзе змагацца за перамогу. Старацца паказваць якасны футбол, але вынік ставіць на першае месца — план такі, — дадаў Ігар Мікалаевіч.

Дэбют 53-гадовага настаўніка ў нацыянальнай зборнай адбудзецца 25 сакавіка ў Стакгольме, дзе беларускія футбалісты правядуць адборачны матч чэмпіянату свету — 2018 супраць каманды Швецыі.

Нагадаем, сваю гульнявую кар'еру Ігар Крывушэнка пачаў у сталічным «Дынама», затым выступаў у гродзенскім «Нёмане», лідскім «Абутніку», якуцкім «Дынама», камандзе «Селенга» з Улан-Удэ. Трэнерскую дзейнасць ён пачаў у магілёўскім «Тарпеда-Кадзіна», а ў 2005-м узначаліў барысаўскі БАТЭ, з якім двойчы выйграў «золата» чэмпіянату Беларусі (2006, 2007). У 2008 годзе пад кіраўніцтвам Крывушэнкі мінскае «Дынама» стала сярэбраным прызёрам нацыянальнага першынства. У 2009-м спецыяліст перайшоў у новасібірскую «Сібір» і ўпершыню вывеў яе ў элітны дывізіён чэмпіянату Расіі, а ў наступным годзе, таксама ўпершыню, каманда стала фіналістам Кубка краіны і дэбютавала ў Лізе Еўропы. З 2012 года Ігар Крывушэнка трэніруе жодзінскі клуб, у мінулым сезоне тарпедаўцы ўпершыню сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Загаловак у газеце: Якасць гульні і вынік — на першае месца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».