Вы тут

У выхадныя сонейка прыгрэе месцамі да плюс 16 градусаў


Даволі цёплае, але дажджлівае надвор'е чакаецца ў Беларусі ў першай дэкадзе сакавіка, паведамляе намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Рыбакова.


Сіноптыкі адзначаюць, што па тэмпературным рэжыме сёлета сакавік больш нагадвае пачатак красавіка. А ў пятніцу ў нас чакаецца няўстойлівае надвор'е. Пад уплывам атмасферных франтоў ноччу, удзень пераважна па паўночнай частцы краіны пройдзе кароткачасовы дождж з мокрым снегам. Па паўночным усходзе краіны чакаецца моцны парывісты вецер. Максімальная тэмпература паветра складзе 2—7 цяпла.

Істотна цяплець пачне ў выхадныя. У суботу з ростам атмасфернага ціску надвор'е палепшыцца, калі на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць цёплае паветра з боку паўднёвага захаду Еўропы. Будзе пераважна без ападкаў, толькі па поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Ноччу і раніцай чакаюцца слабыя туман і галалёд, на асобных участках дарог галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 4 градусаў да 2 цяпла. Удзень — 3—10 цяпла, а па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца да плюс 14 градусаў. У нядзелю да нас завітаюць яшчэ больш актыўныя атмасферныя франты і цёплыя паветраныя масы, якія рухаюцца з паўднёвага захаду Еўропы. Уначы ў паўночных і паўночна-заходніх раёнах, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6 градусаў. Удзень будзе 9—16 цяпла, толькі ў паўночных раёнах прагназуецца плюс 6—8 градусаў.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, на старце наступнага тыдня будзе цёпла, але не абыдзецца і без ападкаў. У панядзелак уначы па паўночным захадзе, а ўдзень на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы і раніцай чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 2—7 цяпла, а ўдзень — ад плюс 5 да плюс 12 градусаў, па паўднёвым усходзе — да 15 цяпла. У аўторак кароткачасовыя дажджы прагназуюцца пераважна па заходняй палове краіны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, удзень — 3—10 цяпла, а па поўдні — да плюс 12 градусаў.

Увага! У сувязі з цёплым надвор'ем у найбліжэйшыя дні на рэках Беларусі працягнецца актыўнае разбурэнне ледзянога покрыва. Сіноптыкі паведамляюць, што на вадаёмах яшчэ захоўваецца ледзяное покрыва, але выходзіць на лёд небяспечна, бо там адзначаюцца расколіны, а месцамі лёд пацямнеў і актыўна растае.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Імклівая вясна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».