Вы тут

«Скарынаўка» — беларускі дыпламат у Лондане


Беларуская бібліятэка і музей імя Францішка Скарыны ў сталіцы Вялікабрытаніі па праве лічыцца найбуйнейшым цэнтрам беларусістыкі па-за межамі нашай краіны. Яе гісторыю і будучыню абмяркоўвалі падчас круглага стала ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Але якую каштоўнасць яна мае для ўсіх беларусаў?


Пачалася гісторыя «скарынаўкі» ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя дзякуючы групе святароў беларускай каталіцкай місіі ў Лондане: яны хацелі захаваць спадчыну, якая апынулася ў прыватных руках беларускіх эмігрантаў. Таксама беларуская бібліятэка павінна была стаць месцам навучання для тых, хто цікавіцца нашай краінай на Захадзе. Айцец Аляксандр Надсан, айцец Леў Гарошка і біскуп Чэслаў Сіповіч — гэта заснавальнікі маленькай Беларусі на поўначы Лондана, дзякуючы якім зараз мы маем вялікі цэнтр беларускай літаратуры і культуры ў Заходняй Еўропе.

Дзеля прэзентацыі «скарынаўкі» на Міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы Мінск наведаў Ігар Іваноў, сакратар Бібліятэчнай рады Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны. Ён нагадаў імёны тых, хто зрабіў унёсак у гэтую справу: даследчык беларускай культуры Гай Пікарда; славіст, даследчык беларускай гісторыі і культуры Джым Дынглі; даследчык беларускай літаратуры Арнольд Макмілін. Працаваў у бібліятэцы і Адам Мальдзіс, знакаміты беларускі навукоўца, літаратуразнаўца. Пэўны час ён быў нават «агентам» па падборы літаратуры для «скарынаўкі». Ігар Іваноў распавёў, што стварэнне бібліятэкі стала рэальнасцю, бо ў ёй была патрэба. І менавіта намаганні беларускіх святароў і брытанскіх экспертаў дазволілі заснаваць і пашырыць фонд ведаў пра нашу культурную спадчыну.

— Мы вызначылі чатыры кірункі, якімі б хацелі працягваць займацца як частка беларускай супольнасці ў Вялікабрытаніі. Бібліятэка ахоўвае культурную спадчыну беларусаў, умацоўвае жыццё гэтай супольнасці праз доступ да культурных артэфактаў у розных формах. Таксама садзейнічае, папулярызуе акадэмічнае беларусазнаўства і заахвочвае зацікаўленне Беларуссю сярод брытанскага грамадства, — падкрэсліў Ігар Іваноў.

Намеснік дырэктара Беларускага дзяржаўнага архівамузея літаратуры і мастацтваў Наталля Гардзіенка акцэнтавала ўвагу навукоўцаў на тым, што далёка не ўсе архіўныя зборы бібліятэкі яшчэ апісаныя і апрацаваныя. Яна наведвала «скарынаўку», працавала з яе матэрыяламі і як спецыяліст заклапочана лёсам дакументаў фонду бібліятэкі.

— «Скарынаўка» захавалася як уласна беларускі асяродак, інтэлектуальны, архіўны і кнігазборчы. Тут ёсць архівы не толькі брытанскіх беларусаў, але і нашых суайчыннікаў з усяго свету, — адзначыла Наталля Гардзіенка. — Матэрыялы бібліятэкі патрабуюць не проста апісання і вывучэння, але часам і рэстаўрацыі, кансервацыі, бо ўмовы захоўвання, на жаль, былі не вельмі добрыя. Гэта ўнікальныя зборы, якія мусяць быць пакінутымі для гісторыі і для даследчыкаў.

Але што асабліва цікавіць сёння: як больш наблізіць гэтую спадчыну да беларусаў? Бо не толькі брытанцы і іншыя еўрапейцы павінны мець пэўную сувязь з беларускай бібліятэкай, але і мы самі.

Алесь Суша, намеснік дырэктара па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, патлумачыў:

— Калі мы кажам пра двухбаковы фармат супрацоўніцтва, то тады павінны працаваць абодва бакі: і беларускі, і, у дадзеным выпадку, брытанскі. Ёсць цэлы шэраг механізмаў, якія даўно дзейнічаюць у супрацы ўстаноў культуры, у дадзеным выпадку бібліятэк. Мы маем фармальнасці кшталту дамовы аб супрацоўніцтве, мы маем механізмы міжбібліятэчнага, у тым ліку міжнароднага, дакументаабмену, у межах якога яшчэ з савецкага часу са скарынаўскай бібліятэкай абменьваемся літаратурай… Але вельмі важна, каб у шырокіх колаў грамадства з’явілася разуменне, што па-за межамі нашай краіны захоўваецца найбагацейшая культурная кніжная спадчына. Гэтыя матэрыялы могуць быць вернуты ў самых розных варыянтах. Нешта магло б быць вернута фізічна як арыгінальныя кніжныя помнікі. Гэта могуць быць акцыі добрай волі нашых калег у Вялікабрытаніі. Але пры ўсім гарачым жаданні атрымаць рэдкія кнігі мы не можам настойваць на гэтым. Другое, так званае часовае, вяртанне — стварэнне экспазіцый ці выставак для прадстаўлення «скарынаўкі» ў Беларусі на пэўны перыяд. Па шчырасці, сёння, калі межы ў нейкім сэнсе ўмоўнасць, нам не так істотна, дзе, у якім сховішчы ляжаць пэўныя рукапісы. Калі ёсць магчымасць прадставіць іх у экспазіцыі сёння тут, а заўтра — у Лондане, то гэта вырашае большасць пытанняў. Трэці кірунак — вяртанне ў віртуальным сэнсе. Стварэнне лічбавых калекцый ці электронных бібліятэк, якія будуць агульнадаступнымі праз сеціва. Такі варыянт можа быць здзейснены рознымі шляхамі. Чацвёрты варыянт — вяртанне ў навуковы і грамадскі ўжытак. Для гэтага мы ладзім такія сустрэчы, робім публікацыі ў сродках масавай інфармацыі і навуковых выданнях. Шматбаковая папулярызацыя беларускіх калекцый, што знаходзяцца за мяжой, — таксама вяртанне ў грамадскі ўжытак. Бо без разумення вартасці, без пашырэння звестак пра гэтыя калекцыі сэнсу ў іх вяртанні не будзе. Але ёсць і фармальнае, і рэальнае жаданне супрацоўнічаць. Ёсць і канкрэтныя людзі, спецыялісты, якія гараць ідэяй і гатовы сваімі сіламі працаваць дзеля гэтых патрэб.

Яна ПАЛЯШЧУК

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Што кожны ахвотны можа зрабіць, каб палепшыць любімы горад?

Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.

Грамадства

Час рабіць запасы

Час рабіць запасы

Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя. 

Навука

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

Колькі ў Беларусі карысных выкапняў?

У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.