Вы тут

Абвінавачанаму ў трагедыі ў ГЦ "Еўропа" прысудзілі 15 год зняволення


Мінскі гарадскі суд прыгаварыў абвінавачанага ў трагедыі ў ГЦ "Еўропа" Уладзіслава Казакевіча да 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.


Паколькі на момант здзяйснення злачынства Уладзіслаў Казакевіч быў непаўнагадовым, у дачыненні да яго не маглі прымяніць пажыццёвае заключэнне ці смяротнае пакаранне. Падлетка прысудзілі да 15 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Суд пастанавіў таксама спагнаць з хлопца кампенсацыю на карысць пацярпеўшых за матэрыяльную і маральную шкоду на агульную суму каля 221 тысячы рублёў.

— Сумненняў у вінаватасці Казакевіча і ў тым, што ён заслугоўвае такую адказнасць, не было, — пракаментаваў пасля пасяджэння пракурор Алег Буйлянкоў. — Яго псіхалагічны і псіхічны стан былі даследаваны дастаткова падрабязна экспертнымі спецыялістамі. Мяркую, суд прыйшоў да правільнага рашэння аб яго стане свядомасці.

Дзяржаўны абвінаваўца прызнаўся: дадзены выпадак — не толькі за час яго службы, але і ў гісторыі краіны — выключны. На пытанне аб тым, ці трэба службам аховы зрабіць для сябе нейкія вынікі пасля падзей 8 кастрычніка мінулага года, ён заўважыў, што дадзеныя крымінальнай справы хутчэй варта ўзяць да ўвагі органам, што займаюцца выхаваннем. "Тут сапраўды ёсць над чым падумаць — як уздзейнічаць на такіх асоб".

Муж загінуўшай Алены, Аляксандр, лічыць прысуд аб’ектыўным і справядлівым. “А мала гэта ці шмат… Вядома, караць за такія злачынствы трэба больш сур’ёзна. На маю думку, у законе ёсць прабелы, нашым дэпутатам варта над гэтым падумаць”, — выказаўся мужчына ў размове з журналістамі.

Нагадаем, трагедыя адбылася 8 кастрычніка 2016 года. У той вечар 17-гадовы Уладзіслаў Казакевіч зайшоў у гандлёвы цэнтр "Еўропа" з бензапілой і сякерай і пачаў нападаць на людзей. У выніку загінула 43-гадовая прадавец, яшчэ дзве жанчыны атрымалі раненні. Экспертыза паказала, што Казакевіч быў у стане свядомасці.

Што падштурхнула падлетка да такога жорсткага ўчынку? У гэтым спрабавалі разабрацца і суддзя, і пракурор. Па словах Уладзіслава, з 15 гадоў ён жыў адзін. Бацькі даўно ў разводзе, маці часта з’язджала ў Германію. Сяброў у хлопца не было. Казаў, што не бачыў у іх сэнсу. Аднакласнікі і знаёмыя лічылі падлетка дзіўным і замкнёным.

— Ты адчуваў сябе адзінокім? — спыталі ў Казакевіча падчас аднаго з допытаў.

— Не, мне заўсёды было добра аднаму.

— А пачуццё, што табе лепш аднаму, калі ўзнікла?

— 2-3 гады таму.

— Калі бацькі прыязджалі, ты быў рады?

— Не.

Два гады таму Уладзіслаў спрабаваў скончыць жыццё самагубствам. Пасля апошняй, чацвёртай, спробы, па патрабаванню міліцыі, бацькі адвезлі хлопца лячыцца ў Навінкі. Паўтара года пасля гэтага падлетак быў на ўліку ў дзіцячым псіхіятрычным дыспансеры. А напачатку 2016-га напісаў заяву, каб яго знялі з уліку. Адзін з псіхіятраў, які аглядаў Казакевіча, дыягнаставаў у яго шызоіднае расстройства асобы. Для гэтага расстройства характэрны паглыбленасць ва ўнутраны свет, арыентацыя на ўласныя фантазіі, эксцэнтрычнасць учынкаў. Падлетку рэкамендавалі прайсці курс псіхатэрапіі, але яго маці адмовілася. Ці магла хвароба паўплываць на паводзіны асуджанага? Адвакат Казакевіча у гэтым не сумняваўся. Іншыя лічылі паводзіны палетка ў судзе штучнымі.

Уладзіслаў расказваў, што любіў фільмы пра маньякаў, глядзеў у інтэрнэце відэа масавага забойства, чытаў літаратуру пра ІДІЛ. На ўсіх пасяджэннях ён выглядаў спакойным і абыякавым. У тым, што ўчыніў у той кастрычніцкі вечар, не раскайваўся і сваю віну прызнаў цалкам. “На жаль, я не выканаў усе свае планы па масавым забойстве. Я яшчэ вярнуся, каб кончыць пачатае”, — сказаў Казакевіч, калі яму далі ў судзе апошняе слова.

— Хачу хутчэй усё забыць, — прызналася пацярпеўшая Аксана, якая ў той вечар, 8 кастрычніка, зайшла перакусіць у адну з піцэрый гандлёвага цэнтра. Пасля ранення сякерай яна дагэтуль распрацоўвае руку і шмат часу праводзіць у бальніцы.

Родныя загінуўшай Алены наўрад ці калі-небудзь змогуць забыць падзеі таго дня. “У душы пустата. Што рабіць далей, пакуль няма адказу”.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.