Вы тут

Як «Звязда» пісала гісторыю (1938—1945)


Менавіта на гэты перыяд прыпадае самая жахлівая трагедыя мінулага стагоддзя, якую газета мужна перажыла разам са сваім народам. Не паспелі беларусы прыйсці ў сябе пасля «Вялікага тэрору», як іх чакала новае выпрабаванне. У цяжкі для краіны час — у гады Вялікай Айчыннай вайны — «Звязда» не толькі не спыніла свайго існавання, а і ўнесла вялікі ўклад у справу барацьбы з ворагам. Прычым інфармаваць насельніцтва аб зверствах акупантаў даводзілася ва ўмовах Мінскага падполля, у партызанскай зоне на востраве Зыслаў.


Уладзімір Амельянюк стаў рэдактарам першага падпольнага нумара газеты ў няпоўныя 25 гадоў.

Прадчуваючы небяспеку...

Калі гартаем старонкі яшчэ даваеннай «Звязды», адчуваецца напружанасць у свеце. Але агрэсіўныя дзеянні Германіі ў Заходняй і Цэнтральнай Еўропе не знаходзяць рэзкага асуджэння з боку Савецкага Саюза. У той жа час шырока асвятляюцца падзеі на Халхін-Голе, вызваленчы паход Чырвонай Арміі ў Польшчу, у выніку чаго тэрыторыя Заходняй Беларусі адышла да БССР.

Як ніколі раней, у газетных публікацыях гучыць тэма яднання. «Звязда» скіроўвае партыйныя арганізацыі на выхаванне працоўных у духу патрыятызму, адданасці вялікай справе Леніна. На яе старонках шырока адлюстроўваецца дзейнасць савецкіх патрыётаў, газета заклікае беларускі народ мацаваць абараназдольнасць краіны. Пачынаючы з красавіка 1941 года, рэгулярнымі становяцца матэрыялы на вайсковую тэматыку. У журналісцкіх артыкулах, а таксама праз фотаздымкі ваеннай тэхнікі і ўзбраення дэманструецца баявая моц Савецкага Саюза, яе несакрушальнасць.

Як газета «сустрэла» вайну

У той час як 22 чэрвеня 1941 года на полі бою гінулі першыя змагары за Радзіму, на газетных старонках панавала мірнае жыццё. «Звязда» асвятляла падзеі ўчарашняга дня: летнія канікулы школьнікаў, нарыхтоўку кармоў, гастролі Маскоўскага мастацкага акадэмічнага тэатра імя Горкага ў Мінску...

Вераломнаму нападу гітлераўскай Германіі на СССР прысвечаны наступны нумар, які выйшаў 23 чэрвеня на дзвюх старонках. Гэта быў панядзелак — дзень, калі газета не выдавалася, але абставіны ваеннага часу патрабавалі незапланаванага выпуску.

На першай старонцы друкуецца гістарычны зварот народнага камісара замежных спраў СССР Вячаслава Молатава, які заканчваецца легендарнымі словамі: «Вораг будзе разбіты. Перамога будзе за намі». У гэтым жа нумары апублікаваны ўказы Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб мабілізацыі ваеннаабавязаных...», «Аб аб'яўленні ў асобных мясцовасцях СССР ваеннага становішча», «Аб ваенным становішчы». Пад загалоўкам «Сцерці з твару Зямлі Германскі фашызм» змешчана рэзалюцыя, прынятая на мітынгу рабочых, служачых і інжынерна-тэхнічных работнікаў Віцебскай панчошна-трыкатажнай фабрыкі імя КІМ. Акрамя таго, публікуецца выступленне Чэрчыля па радыё: «Гітлер з'яўляецца пачварай у сваёй прагнасці крыві і разбою. Значыцца, небяспека для Расіі з'яўляецца нашай небяспекай і небяспекаю ЗША...»

Перад журналістамі «Звязды» паўстала неадкладная задача — не проста папярэдзіць людзей аб навіслай пагрозе, а і ўзняць беларускі народ на барацьбу з ворагам. Мабілізаваць насельніцтва сваімі артыкуламі дапамагаюць вайскоўцы Чырвонай Арміі, працоўныя, а таксама вядомыя пісьменнікі — у гэтым нумары друкуюцца вершы Я. Коласа «Шалёнага пса — на ланцуг», П. Глебкі «Смялей у бой», А. Бялевіча «Мы пойдзем за праўду».

У Мінску газета паспела выйсці яшчэ 24 чэрвеня. Меркавалася, што яе выданне адновіцца ў Магілёве, але ў сувязі з тым, што ў першыя ж дні вайны гітлераўцы захапілі значную частку Беларусі і набліжаліся да Магілёва, рэдакцыя вымушана была пераехаць у Гомель, дзе ў той час працавала друкарня фабрыкі «Палесдрук».

У адным з гомельскіх нумароў ад 29 чэрвеня звяртаюць на сябе ўвагу радкі, напісаныя нямецкімі лётчыкамі і салдатамі, якія не падтрымлівалі палітыку Гітлера: «... Мы на гэты раз кінулі бомбы так, што яны не прычынілі шкоды. Мы ўжо даўно таілі думку ўцячы ад Гітлера і пачаць мірнае жыццё, але баяліся. Цяпер мы ў Расіі. Тут нас добра прынялі. Браты лётчыкі і салдаты, следуйце нашаму прыкладу. Кіньце забойцу Гітлера і прыходзьце сюды, у Расію...». Побач — матэрыялы аб гераічных учынках савецкіх салдат, самаадданай працы калгаснікаў і рабочых, якія ўсімі сіламі імкнуцца дапамагчы краіне ў цяжкі час.

У Гомелі «Звязда» друкавалася нядоўга: апошні легальны нумар убачыў свет 13 жніўня 1941 года.

У гэтым доме па Выдавецкай вуліцы (цяперашняй Кульман) друкаваліся другі і трэці нумары падпольнай «Звязды».

У тыле ворага

Аднаўленне выхаду газеты ў акупаванай сталіцы стала не толькі падзеяй у гісторыі Мінскага падполля, а і вялікім подзвігам журналістаў-падпольшчыкаў. Выкананне гэтай надзвычай адказнай і небяспечнай задачы было даручана аднаму з яго актывістаў, учарашняму студэнту Камуністычнага інстытута журналістыкі Уладзіміру Амельянюку.

Першы нумар падпольнай «Звязды» выйшаў 18 мая 1942 года тыражом у 2 тысячы экзэмпляраў. На яе старонках расказваецца пра падзеі на фронце, подзвігі народных мсціўцаў, газета выкрывае хлуслівую фашысцкую прапаганду, звяртаецца да насельніцтва з заклікамі аказваць дапамогу партызанам: «...Бязлітасна знішчайце фашысцкіх гадаў, пашырайце партызанскую барацьбу. Зрабіце ўсё, каб наблізіць час разгрому і гібелі крывавага фашызму!», — заклікаюць журналісты.

Гітлераўцы добра ўсведамлялі, якую пагрозу нясе газета, чыю рэдакцыю яны так старанна шукалі. Пасля трагічнай гібелі Уладзіміра Амельянюка, які праз 20 гадоў пасля Перамогі пасмяротна стаў Героем Савецкага Саюза, усе абавязкі па выданні падпольнай «Звязды» перайшлі да членаў Мінскага падпольнага гаркама Вячаслава Нікіфарава, Ядвігі Савіцкай і Уладзіміра Казачонка.

З прычыны таго, што друкарня была перанесена ў іншае месца, а ў працэсе падрыхтоўкі газеты ўзнікалі цяжкасці, другі нумар падпольнай «Звязды» замест ліпеня, як было запланавана, выйшаў у жніўні. На першай старонцы — вялікі загаловак-лозунг «Беларусь была і будзе савецкай!». У перадавым артыкуле пад назвай «Правал планаў Гітлера» расказваецца пра вялікую моц і непераможнасць Чырвонай Арміі. Іншыя публікацыі прысвечаны ваеннай магутнасці СССР і краін антыгітлераўскай кааліцыі, барацьбе беларусаў і прадстаўнікоў іншых нацый супраць гітлераўцаў, баявым справам партызанскіх атрадаў Міншчыны.

У трэцім нумары падпольнай «Звязды», які ўбачыў свет 6 верасня 1942 года, шмат расказваецца пра подзвігі партызанскіх атрадаў, надрукаваны верш Якуба Коласа «Адпомсцім!». Да насельніцтва звяртаецца адзін з падпольшчыкаў мінскага чыгуначнага вузла Фёдар Кузняцоў: «...Не бойцеся крывавай расправы гітлераўскіх катаў. Ніколі не зламаць ім баявога духу нашых савецкіх грамадзян. Смела біце ворага, каб пасля вызвалення нашай зямлі мы горда маглі сказаць: «Мы, чыгуначнікі, сумленна выканалі свой абавязак перад Радзімай».

Чацвёрты нумар падпольнага выдання, датаваны 20 вераснем 1942 года, пачынаецца з перадавога артыкула, перадрукаванага з газеты «Правда». «Звязда» працягвае заклікаць беларускі народ змагацца з акупантамі, уступаць у шэрагі народных мсціўцаў, каб уласнымі ўчынкамі наблізіць дзень вызвалення ад ворагаў. Эфектыўнасць гэтых зваротаў пацвярджаецца ў наступных артыкулах нумара, дзе расказваецца, як гарадская і вясковая моладзь ідзе ў партызаны.

У занятым ворагам Мінску ўбачылі свет чатыры нумары «Звязды». Пяты нумар быў набраны і звярстаны — яго выхад планаваўся на 27 верасня 1942 года. Аднак у свет ён так і не выйшаў: гітлераўцы арыштавалі 21 падпольшчыка, сярод іх быў і Вячаслаў Нікіфараў, на якім ляжала адказнасць за выхад газеты. Многіх з арыштаваных закатавалі да смерці, лёс некаторых невядомы і дагэтуль...

Газета-«партызанка»

Выдавецкую дзейнасць «Звязда» працягвала сярод любанскіх балот, у партызанскім краі на востраве Зыслаў. Рэдактарам прызначылі вопытнага журналіста, даваеннага рэдактара рэспубліканскай камсамольска-маладзёжнай газеты «Чырвоная змена» Міхаіла Барашкава.

Першы нумар партызанскай «Звязды» ўбачыў свет 27 студзеня 1943 года. Газета радавала сваіх чытачоў, якія з нецярпеннем чакалі кожнага выпуску, двойчы на тыдзень — у сераду і суботу. На старонках выдання фарматам 1/8 друкаванага аркуша і тыражом 500 экзэмпляраў расказваецца пра падзеі на фронце, паведамляецца аб выніках «рэйкавай вайны», аб дыверсіях найбольш актыўных груп, прапагандуецца авалоданне насельніцтвам падрыўной справай. «Партызаны і партызанкі! — заклікае газета ў нумары за 29 верасня 1943 года. — Мініруйце ўсе шляхі адходу нямецкіх войск. Пад адхон нямецкія эшалоны! У паветра аўтамашыны, танкі і гарматы праціўніка. Ірвіце сувязь і чыгуначнае палатно, нападайце на тылы, высочвайце і знішчайце штабы і склады гаручага і боепрыпасаў. Агнём і куляй сустракайце нямецкіх фашыстаў заўсёды і ўсюды!»

Газетчыкі раяць мірным жыхарам як мага больш пасеяць азімых і яравых, заклікаюць надзейна хаваць сабраны ўраджай: «Набліжаецца гарачая пара — час уборкі. Кожны павінен загадзя абмеркаваць, як лепш убраць свой ураджай, дзе яго лепш схаваць, каб ён не дастаўся лютаму ворагу. Сяляне Беларусі! Арганізуйце пільную ахову свайго ўраджаю ад нямецкіх грабежнікаў... Гаспадары сваёй зямлі мы, а не немцы. Замест хлеба накормім гітлераўцаў свінцом і гарачым жалезам».

Там, дзе пабывала «Звязда», адразу ж мяняўся настрой у людзей, панавала ўпэўненасць у перамозе над гітлераўцамі. Многія, хто трымаў у руках тагачаснае выданне, якое ўсяляла надзею ў светлую будучыню і хуткую перамогу, ішлі ў партызаны. «Наша «Звязда» ззяе яркай зоркай у цемры, — звяртаецца да аднавяскоўцаў жыхар вёскі Боркі Сцяпан Балвановіч. — Яна прынесла нам радасную вестку аб перамогах Чырвонай Арміі і заклік роднай Кампартыі да нас. Давайце, таварышы, дзейнічаць больш рашуча». На наступны дзень, як у свет выйшлі гэтыя радкі, з той жа вёскі да народных мсціўцаў далучыліся 15 чалавек.

Нягледзячы на тое, што ў лютым 1944 года ад тыфу памёр рэдактар газеты-«партызанкі» Міхаіл Барашкаў і ад хваробы зляглі некаторыя супрацоўнікі выдання, «Звязда» працягвала выходзіць. А пасля вызвалення першых раёнаў ад нямецка-фашысцкіх акупантаў яе выпуск быў штодзённым. У новай рубрыцы — «У вызваленых раёнах» — распавядаецца аб аднаўленні народнай гаспадаркі, аб людзях, якія вяртаюцца ў вызваленыя населеныя пункты і пачынаюць будаваць жыццё наноў.

На Любаншчыне «Звязда» выходзіла 98 разоў. Апошні партызанскі нумар быў надрукаваны ў Слуцку. Усяго за час выдання газеты ў партызанскай зоне ўбачыла свет 105 нумароў.

Свя­точ­ны вы­пуск, пры­све­ча­ны пер­шай га­да­ві­не вы­зва­лен­ня Бе­ла­ру­сі. Ад­нак не ўвесь ты­раж быў ка­ля­ро­вым...

Святочныя нумары

Разам з жыхарамі ў вызвалены Мінск прыйшла і «Звязда». Першы нумар ужо ў мірнай сталіцы ўбачыў свет 10 ліпеня 1944 года і пачынаўся з баявога закліку: «Усе сілы беларускага народа — на гераічную падтрымку роднай Чырвонай Арміі ў яе свяшчэннай барацьбе за поўны разгром гітлераўскай Германіі». У тым жа духу — звароты ўрада БССР і ЦК Кампартыі.

Нумары за 1944 год цалкам адрозніваюцца ад той «Звязды», якая выходзіла падчас трох гадоў акупацыі. Са старонак выдання павявае духам Перамогі і гонарам за свой народ. Газета расказвае, як з руін і папялішчаў узнімаюцца фабрыкі і заводы, узводзяцца жылыя будынкі. «На аднаўленчыя работы 8 кастрычніка выйшла 33 000 мінчан, — паведамляе «Звязда» ў нумары ад 11 кастрычніка 1944 года. — Зроблена вялікая работа па разборцы разбураных будынкаў, зборы і аднаўленні будаўнічых матэрыялаў, па аднаўленні прадпрыемстваў і жылых дамоў, па падрыхтоўцы прадпрыемстваў да зімы, па ачыстцы вуліц, засыпцы ям і варонак...»

Шырока асвятляецца вызваленне кожнага беларускага горада, мястэчка. Дзякуючы аператыўным зводкам Саўінфармбюро чытачы даведваюцца аб поспехах на іншых франтах. «Учора Масква зноў тройчы салютавала ў чэсць новых бліскучых перамог Чырвонай Арміі, — піша «Звязда» 1 мая 1945 года. — Савецкія воіны авалодалі горадам Ялгава, фарсіравалі Нёман, прасунуліся ўперад на 50 кіламетраў, а па фронту 230 кіламетраў, авалодалі гарадамі Сядлец і Мінск (маецца на ўвазе Міньск-Мазавецкі ў Польшчы. — Аўт.), вядуць баі на подступах да Варшавы. Блізкі дзень поўнага разгрому ненавіснай гітлераўскай Германіі».

І ён настаў. Нумар за 9 мая 1945 года — надзвычай святочны. «Вораг разбіты! Перамога за намі!» — такімі словамі пачынаецца перадавіца. На першай паласе — фотаздымак Сталіна вялікага памеру ў святочным афармленні. У нумары надрукаваны акты «Аб безагаворачнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл», «Аб ваеннай капітуляцыі», указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР «Аб аб'яўленні 9 мая святам Перамогі». Усе матэрыялы нумара вызначаюцца ўрачыстасцю. З фотаздымкаў глядзяць героі Вялікай Перамогі, мірныя жыхары, якія дачакаліся гэтага дня.

З кожным нумарам газета ўсё больш становіцца падобнай да мірнага выдання. Якія тэмы хвалююць журналістаў у наступны, пасляваенны перыяд, — у чарговым выпуску рубрыкі.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

Рэгістрацыйныя карткі для таксістаў

А яшчэ нармальны рабочы дзень, адпачынак і права на «бальнічны»...

Здароўе

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Каварны і смяротны вірус: гепатыт варта трымаць пад кантролем

Ад захворванняў, звязаных з гепатытам, у свеце кожныя 30 секундаў памірае адзін чалавек.