Вы тут

Як бабуля зімуе ў вёсцы адна


Любоў Максімаўна Жабрун засталася ў Бортнавічах на зіму адна. Старшыня Хараўскога сельскага Савета Алена Пстыга расказала, што ў вёсцы яшчэ зарэгістравана некалькі чалавек. Дзве-тры бабулькі, вельмі верагодна, прыедуць на лета ў свае хаты, а вось зімуе Любоў Максімаўна адна на ўсю вёску.


Дочкі даўно клічуць маці да сябе, адна з іх жыве ў Пружанах, другая ў Мінску. Але ў іх невялікія кватэры. «Не хачу замінаць. Ды і не ўяўляю сабе, як змагу сядзець дзень пры дні на шостым паверсе», — гэта яна сказала мінскай дачцэ, калі тая прыехала вялікай машынай, каб забраць маці разам з рэчамі. «А пакуль яшчэ ёсць крыху сіл, і курэй, і кабанчыка трымаю, ды ўнукам які кавалак мяса падкіну, — разважае 78-гадовая вясковая жанчына, — а там, у вашым горадзе, з мяне якая карысць?»

Але не гэта асноўныя прычыны, па якіх апошняя жыхарка Бортнавічаў не хоча пакідаць вёску. Крыху пазней яна разгаварылася, расказала, як разам з мужам будавалі сваю хату.

— Тады не было прынята дапамагаць маладым, ды і, па праўдзе сказаць, не было асабліва ў бацькоў грошай. Мы, маладыя, усё самі рабілі са сваёй капейкі, эканомілі, кожны рубель лічылі, найбольш работы па будоўлі сваімі рукамі асілілі. Аднойчы нарабіўшыся за дзень на працы, потым на будоўлі сваёй хаты, надвячоркам зайшла ў магазін, купіла невялікі кавалак сала — усё, на што хапіла грошай, а потым выйшла ды самлела каля сцяны. Можа, ад недаядання, можа ад цяжкай работы. Вось так нам гэта хата дасталася, — уздыхае жанчына. — Але ж зрабілі ўсё для сябе, як хацелі, і печы з кафлі, і пакоі прасторныя. Тут усё такое роднае, кожная нітачка, здаецца, маімі рукамі перабраная. Дык як жа я магу гэта пакінуць? Гэта ж памяць пра Аляксея майго, а ён добры быў, уважлівы, ва ўсім мяне падтрымліваў. А гаспадар які! Дрывамі, што нарыхтаваў, яшчэ доўга паліць печ буду. Таму і збіраюся сядзець у нашай хаце, пакуль ногі будуць трымаць, — гаворыць Любоў Максімаўна.

Наўрад ці ў маладосці яна думала, што так прыкіпіць да роднага кута. Напачатку яны з маладым мужам падумвалі, каб пераехаць у горад, там шукаць работу і атрымліваць жыллё. Але тагачасны старшыня калгаса Антон Ніканоравіч Асадчук прапанаваў галаве сям'і самую прэстыжную работу па тым часе — калгаснага вадзіцеля. І калі Аляксею далі машыну, то ён тут і застаўся. Потым быў і брыгадзірам, і загадчыкам фермы, а калі выйшаў на пенсію, то аднавяскоўцы абралі старастам вёскі.

А цяпер вось і выбаршчыкаў не засталося, і вёска, лічы, адыходзіць у гісторыю. Толькі хаты пустыя стаяць. Раней жа ў Бортнавічах былі і школа, і магазін, і жывёлагадоўчая ферма, на якой Любоў Жабрун адпрацавала шмат гадоў. Успамінае, калі пачынала яшчэ ў 60-я гады, работа даяркі была вельмі цяжкая. Кароў у групе налічвалася дванаццаць, і нават не самым цяжкім уяўлялася тых кароў падаіць рукамі тры разы на дзень. Вельмі цяжка было напаіць зімою: кожную патрабавалася вывесці на вяроўцы з кароўніка ды даць напіцца, папярэдне выцягнуўшы вады са студні. «І так нацягаешся той вады за дзень, што рук не падняць, вось такая ў нас работа была», — успамінае Любоў Максімаўна.

— Як цяпер жыву? — перапытвае гаспадыня — У печы распалю, есці сабе і сваёй невялікай гаспадарцы прыгатую. Бывае, агорне нейкі сум, думкі адолеюць пра адзіноту, пра мужа, які пакінуў мяне на гэтым свеце, наплачуся... А потым сябе ў рукі вазьму, сяброўкам-сваячкам сваім патэлефаную, якія так як я, адны засталіся, пагаворым, сякімі-такімі навінамі абмяняемся. Вось і хутчэй час пройдзе. Вечарам дочкам пазваню, калі яны з работы папрыходзяць. За пружанскую сваю дачушку асабліва хвалююся, здароўе ў яе не вельмі. А пенсійны ўзрост паднялі, вы ведаеце. Работа на кансервавым заводзе нялёгкая, а другую, лягчэйшую, цяпер, самі разумееце, знайсці немагчыма. Вось так вечарам перамовімся, адна адну пашкадуем, ды і лягчэй, — гаворыць маці і бабуля сямейства.

Яшчэ жыхарка вёскі Бортнавічы расказала, што два разы на тыдзень да яе прыходзіць аўтакрама: «Расклад, ці бачылі, на дрэве насупраць вісіць». Усё, што трэба купіць з прадуктаў, прывозяць. А паколькі наша гераіня — падпісчыца раённай газеты, то двойчы ў тыдзень да яе прыходзіць паштовая машына з любімым выданнем. Жартам раю Любові Максімаўне падпісацца на штодзённую газету, тады паштовы работнік мусіць ездзіць кожны дзень, на што жанчына сур'ёзна адказвае: «Не, гэта было б непрыгожа з майго боку, так людзей нагружаць, і так да мяне адной ездзяць».

На падворку ў Любові Максімаўны прывязаны вялікі сабака Буран пароды аўчарка. Відавочна, недарма ж гадаванец свой хлеб есць. Калі мы заходзілі, то хатні ахоўнік папераджальна-грозна забрахаў, а вось як выходзілі: Буран брахаў, але хвастом віхляў, гэта азначала, што ён не вельмі злуецца. На ноч гаспадыня адпускае яго на доўгі ланцуг, такім чынам, сабака можа бегаць па ўсім падворку і выконваць сваю асноўную функцыю ахоўніка. Зусім адпускаць з прывязі сабаку не хоча, бо былі выпадкі, прыносіў дадому ўсялякую дрэнь, нават пластыкавыя бутэлькі. Гаспадар, ці бачыце, усё на падворак нясе. Але ў цэлым Буран разумны сабака, гаспадыня ім задаволеная.

— Хутка вясна, агарод пачнецца, птушкі ў ваколіцах заспяваюць, а там і суседкі пад'едуць, весялей будзе, — сказала на развітанне адзіная жыхарка Бортнавічаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Бортнавічы Пружанскага раёна: І да адной аўтакрама ды пошта прыходзяць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».