Вы тут

Беларускі мастак Каміль Камал ілюструе кнігі кітайскіх паэтаў


Расклаўшы перад сабою кнігі паэзіі розных гадоў, выдадзеныя ў Мінску, я шукаю ў ілюстрацыях, малюнках розных мастакоў тыя зярняткі, тыя штрыхі іх уласнага асэнсавання часу, якія яны спрабавалі дадаваць да паэтычных вышукаў вялікіх, вядомы і не ўсімі заўважаных мастакоў слова. Вось – кнігі, аформленыя легендарным графікам і жывапісцам Барысам Заборавым (зборнікі вершаў Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна). А вось – кнігі, якія прачытаў як кніжны графік не меней цікавы мастак Мікола Селяшчук (вершы і паэмы Якуба Коласа, Раісы Баравіковай)… А яшчэ – томік паэм ці паэтычных балад Таісы Бондар у афармленні Уладзіміра Тоўсціка. І – кніга паэзіі Якуба Коласа з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. Пошук кожнага з графікаў мае свой характар, свае асаблівасці, адметнасці.


Каміль Камал пазнаёміў мяне з малюнкамі да кнігі вершаў Мэн Хаажаня “Мудрасць гор маўклівых”. Кніга яшчэ толькі падрыхтавана да друку. Зборнік паэзіі старажытнага кітайскага паэта, які нарадзіўся ў 689, а памёр у 740 годзе, -- працяг серыі “Светлыя знакі: Паэты Кітая”, восьмая па ліку кніга… Дарэчы, серыя існуе з 2014 года. Адна кніга выйшла ў 2014 годзе. Тры зборнікі – у 2015. Яшчэ тры – у 2016 годзе…

Месяц у восеньскім небе

сягоння на дзіва зіхоткі.

Зоркамі зыркімі сталі

расінкі ў ягоным святле.

 

Шумна лятае сарока –

ад страху не знае, дзе сесці.

А светлячок праз акенца

ратунак у доме знайшоў.

Цень ад сафары змярцвелы

нікуды не зможа схавацца.

Чуецца ўночы выразна

суседскага праніка гук.

 

Мне тут ніхто не падкажа,

калі на спатканне ты прыйдзеш.

Буду стаяць я цярпліва,

на месяц далёкі глядзець.

(Пераклад Алеся Бадака).

Пераўвасабленні з паэзіі Мэн Хаажаня здзейснілі Валерыя Радунь, Алесь Бадак, Дар’я Нечыпарук, Юлія Алейчанка. За кожным з вершаў – подых Усходу, кітайскае светабачанне агульначалавечых памкненняў да гармоніі, да ідэалізацыі жыцця чалавека і яго асяроддзя, чалавека і грамадства. Сваімі яркімі, выразнымі малюнкамі, напоўненымі рухавасцю ліній і вобразаў, Каміль Камал уступае ў дыялог з прасторай і часам. Мастак імкнецца вылучыць атмасферу герояў, персанажаў кітайскага творцы. Беларускі графік любуецца выбранымі Мэн Хаажанем краявідамі, спрабуе ўявіць твар яго каханай…

Я на чужыне слухаю напевы,

Змяняе ціха новы год стары.

І ліхтары – як вогненныя дрэвы,

Нібы Чжулун іх раптам падпаліў.

(Пераклад Дар’і Нечыпарук).

Зазірнём у кітайскую міфалогію. Чжулун –імя Светланоснага цмока, боства з галавой чалавека і целам змяіі. Расплюшчваючы вочы, ён даваў Сусвету святло. А заплюшчваючы іх – апускаў зямлю ў змрок. Такі вось Чжулун – кіроўца і вартавы Святла і Цемры… Мне падаецца, што Каміль Камал па сутнасці ва ўсіх сваіх гарфічных работах апякуецца адным клопатам, адным пытаннем: мастак імкнецца разабрацца, пытае ў самога сябе і гледачоў, чытачоў пра тое, а навошта весці паэтычны рэй, навошта праз радкі асаблівага складу, якія не кожнаму дадзена вынайсці, перадаваць галоўныя сімвалы жыцця, таямніцы нашай прысутнасці ў свеце.

Беларускі мастак азербайджанскага паходжання (а вырас ён у Грузіі, прафесіяй авалодваў у вучэльнях і ў мастацкіх майстэрнях Тбілісі, Баку, Санкт-Пецярбурга, Кіева, Мінска) не першы раз спрабуе адкрыць свет кітайскай паэзіі, не першы раз уступае ў маўклівую спрэчку з Чжулунам – Светланосным цмокам… Раней Каміль Камал аформіў зборнікі вершаў Лі Цінчжаа, Ван Гачжэня. Розныя паэты, розныя эпохі і абставіны прывялі іх ў шырокі свет сэнсаў і ўсведамлення сілы і моцы Слова ў засваенні розуму Сусвету. Лі Цінчжаа – кітайская паэтэса сярэдневечча. Нарадзілася ў 1084 годзе… Жыла, вынаходзіла словы, высякала іх з думак і ўражанняў праз усю першую палову дванаццатага стагоддзя… Цяжка і ўявіць, што ў гэтым часе кітайцы ўжо мелі такога ўзроўню паэзію!..

Бязладдзе думак, цішыня,

Адчай і ўзлёты мар…

Напятых нерваў не суняць,

І кожны гук – удар.

 

Прамень бліснуў – і цемра зноў

На плечы налягла.

І кубку цёплага віна

Не падштурхнуць сціла.

(Пераклад Вольгі Іпатавай).

А былі ж яшчэ і ранейшыя выразныя крокі кітайскай паэзіі, якія дайшлі да нашага часу. Былі і застаюцца з намі кітайскія лірыкі Цюй Юань (340 – 278 гг. да нашай эры. Вось бы Камілю Камалу як мастаку, графіку “прачытаць”, намаляваць яго велічную паэму “Лісао”!), Цзя І (201 – 169 гг. да нашай эры), Сыма Сян-жу (179 – 118 гг. да нашай эры)…

Каміль Камал беражліва, тонка адцяняе часіны сярэдневечча, прастору, па-мастацку засвоеную і перададзеную нашчадкам Лі Цінчжао. Другі паэт, які прыцягнуў увагу беларускага творцы, -- Ван Гачжэнь. Ён толькі нядаўна пайшоў з жыцця, пісаў на мяжы дваццатага і дваццаць першага стагоддзяў. І зараз застаецца самым папулярным паэтам Кітая. Тыражы кніг Ван Гачжэня налічваюць недзе каля дзесяці мільёнаў асобнікаў… Нідзе ў свеце такімі масавымі накладамі сёння не выдаюць паэзію. Ніводзін з лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры з ліку паэтаў не можа параўнацца тыражамі з Ван Гачжэнем… І Камілю Камалу цікава, што ж прыцягвае, што прымушае кітайцаў чытаць і перачытваць Ван Гачжэня.  Наш суайчыннік знаходзіцца ў пошуку адказаў і на гэтае пытанне.

Гледзячы на малюнкі Каміля Камала, я згадваю кітайскага мастака, каліграфа і перакладчыка беларускай паэзіі Гаа Мана. Нараджэннем з 1926 года, ён і зараз жыве і працуе ў Кітаі, Пекіне. У сваіх графічных працах, сваіх малюнках Гаа Ман стараецца сумясціць два накірункі мастацкіх пошукаў. Ён часта звяртаецца да літаратурных сюжэтаў, ён піша партрэты мастакоў слова. Дарэчы, Гаа Ман – аўтар партрэтаў беларускіх пісьменнікаў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Святланы Алексіевіч, Навума Гальпяровіча, Алеся Адамовіча, Васіля Быкава… І зараз, калі адна за другой выходзяць кнігі кітайскіх паэтаў на беларускай мове ў афармленні Каміля Камала, мне чамусьці падумалася: а чаму б ім, кітайскаму і беларускаму творцу, не сабраць разам сваё прачытанне кітайскай паэзіі. Ведаю, што ў Гаа Мана ёсць бліскучыя, выразныя ілюстрацыі да твораў, напрыклад, Ду Фу. Такі альбом – альбом малюнкаў Гаа Мана і Каміля Камала дапамог бы і нашаму сучасніку болей пільна ўгледзецца ў паэзію Кітая, за графічнымі абрысамі Усходу разгледзець усю веліч паэычнага слова легендарных паэтаў, легендарных лірыкаў  розных часін.

Сяброў сваіх заўжды чакаю,

З іх кожны – быццам брат мой родны.

І з пэндзлем новы верш ствараю.

Віно… І цытры гук раптоўны.

(Пераклад Юліі Алейчанка).

Кітайскія паэты становяцца сябрамі Каміля Камала. Прастора гэтага таленавітага творцы судакранаецца з рэкамі, азёрамі, небам і сонцам Кітая. Веру, што з часам з’явіцца і новае прачытанне неўміручай кітайскай паэзіі беларускім мастаком. Мо нават – і паэзіі згаданага Цюй Юаня, а яшчэ і паэзіі Цао Цао, Чэн Ліня, Цао Чжы, Бао Чжао, Ян Су… Канешне ж, работа кніжнага графіка ў многім залежыць ад руплівасці, памкненняў кнігавыдаўцоў. Папяровая кніга перажывае зараз не лепшыя часы. І ўсё ж саюз мастака, графіка Каміля Камала і Выдавецкага дома “Звязда”, заснаваўшага серыю “Светлыя знакі: паэты Кітая”, дорыць нам аптымістычныя надзеі, спадзяванні на новыя сустрэчы са зборнікамі кітайскай лірыкі ў перакладах беларускіх паэтаў і знакавым афармленні Каміля Камала.

Алесь Карлюкевіч

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.