Вы тут

Песні — вехі нашага юнацтва


...У маршрутцы, вагоне метро, калі прыгледзецца, заўсёды як мінімум палова пасажыраў сядзяць, уткнуўшыся ў свае гаджэты. Многія слухаюць музыку, часам падзяліўшыся другім навушнікам з сябрам ці сяброўкай. Назіраючы за гэтым, я амаль кожны раз прыгадваю музыкальныя «гаджэты» сваіх юнацтва і маладосці, песні, якія мы некалі слухалі. Як імкліва ўсё змянілася з тых часоў! Вось уявіце сабе, хто маладзейшы: па вялікім рахунку, мне не так ужо і шмат гадоў, а я паспеў пакруціць ручку патэфона, пачуць трэск лямпавай радыёлы, шыпенне такога жаданага некалі партатыўнага радыёпрыёмніка, алоўкам паперамотваць касеты для магнітафона (ці ведаеце, як гэта рабілася і для чаго?), пазайздросціць тым, хто першым абзавёўся тым самым касетнікам, а потым і плэерам... Асобна пра тое, што мы слухалі, што, без перабольшання, стала пэўнымі вехамі ў нашым жыцці. Але пра гэта — літаральна пункцірам, бо варта толькі пачаць прыгадваць імёны выканаўцаў, назвы гуртоў, перыяд часу і ўсё, што з ім было звязана асабіста, як працэс рызыкуе стаць бесперапынным.


Патэфон памятаю добра: яго аддала цётка, ён і зараз недзе на гарышчы ў бацькоўскай хаце. А вось песні, якія на ім слухалі, — не. Пласцінак было некалькі, праблемай было знайсці іголкі. Больш помніцца радыёла (ці ведае маладое пакаленне, што гэта?). Малым дзіцем чамусьці бясконца любіў слухаць дзве песні: «Опять по шпалам, опять по шпалам иду домой по привычке» і «Лада — для меня твой смех награда, даже если станешь бабушкой, все равно ты будешь Ладушкой». Дарэчы, вялікіх канцэртаў па тэлебачанні, у адрозненне ад цяперашняга часу, раней было няшмат. Мабыць, таму іх і глядзелі з задавальненнем нашы бацькі. «Издалека долго течёт река Волга...» Самым запамінальным для мяне быў канцэрт да Дня міліцыі, бо ў другой яго палове традыцыйна выступалі гумарысты.

...«Не пеняйте на меня, я уйду из стада!». Уладзіміра Высоцкага на той момант ужо, мабыць, не было на гэтым свеце, пра што я мог яшчэ і не ведаць. Як акцёр, найперш, як капітан Жаглоў, ён быў для мяне жывейшы за жывых. Мы гулялі ў футбол, і нехта са старэйшых хлопцаў праз узмацняльнік даў на калонкі гук на поўную магутнасць. Я ганяў мяч і не мог уцяміць аднаго: як такі сур'ёзны і любімы артыст можа спяваць такія легкадумныя песні? Філасофскі падтэкст быццам бы жартаўлівых кампазіцый я зразумеў і ацаніў праз нейкі час, гэтак жа, як і адкрыў для сябе шматлікія цыклы песень Высоцкага на розныя тэмы. «Парус, порвали парус...» Гэта было пазней і засталося на ўсё жыццё, але ж першае знаёмства з гэтай гранню таленту Уладзіміра Сямёнавіча адбылося менавіта тады, на імправізаваным футбольным полі.

Музычных перадач раней таксама было не так шмат, дакладней, лічаныя адзінкі. У 1980-х — пачатку 1990-х на саюзным тэлебачанні папулярнай была тэлеперадача «Ранішняя пошта», на беларускім — «Сустрэнемся пасля адзінаццаці». Іх чакалі, каб не толькі паслухаць песні, але і запісаць на магнітафон (у каго ён быў) музычныя навінкі. Заходжу неяк да стрыечнага брата, равесніка, а ён у такіх велізарных навушніках сядзіць каля велізарнага бабінніка (раскоша!) сваіх старэйшых братоў. Гэта з таго часу гучыць у вушах Антонаў са сваім «Маки, маки, алые маки, светлая память земли, неужели вам снятся атаки...» ці Нікалаеў — пра стары млын, каля якога «бьётся о камни вода, все перемелется, только любовь — никогда...» На гэтых самых бабінах можна было паслухаць і забароненыя песні. Напрыклад, вядомага зараз зусім не музычнымі кампазіцыямі Лазу — «Девочка сегодня в баре, девочке 16 лет...»

Пад «Сустрэнемся пасля адзінаццаці» мы падпявалі Паплаўскай і Ціхановічу: «Завіруха», «Я у бабушки живу», «Малиновка»... Неяк у школе выразаў з лістка са сшытка славутыя мулявінскія вусы, падчапіў сабе пад нос і завёў, фальшывячы на ўсе сто: «Ты нясі, мяне нясі, конь незацу-гля-ны...» Сябра літаральна споўз на падлогу. Яшчэ майму школьнаму таварышу вельмі падабалася і прыводзіла ў захапленне, калі я пачынаў выводзіць танюткім голасам: «Вой, Калядачкі — бліны-ладачкі... Каляда, ага-ага-ага, Ка-ля-д-а-а-а!..»

Вы памятаеце, пад якую песню ўпершыню запрасілі на танец дзяўчыну? У мяне гэта была «Лаванда» Сафіі Ратару. І вось што дзіўна. Прайшло ўжо страшна сказаць колькі гадоў з таго моманту, у мяне паспела пасівець барада, а спявачка быццам толькі маладзее!.. «Лаванда, горная лаванда, наших встреч с тобой синие цветы... Столько лет прошло, но помним я и ты...»

У продажы пачалі з'яўляцца першыя айчынныя пераносныя касетныя магнітафоны, якія сілкаваліся ад батарэек. Ты быў крутым, калі ішоў з ім у руках па вуліцы! Касеты можна было знайсці з запісамі, але большасці гатовыя падборкі не падабаліся. «Добрым тонам» лічылася скласці альбом на свой капыл, чаргуючы выканаўцаў і стылі. Для гэтага патрэбны былі касета-зыходнік з упадабанымі запісамі, касета для запісу і другі магнітафон. Таму прадметам зайздрасці былі двухкасетнікі, як правіла, імпартныя. Касеты таксама даводзілася шукаць. Айчынныя былі не заўсёды добрай якасці, а кошт імпартнай, напрыклад, вытворчасці BASF з працягласцю гучання 90 хвілін складаў у «фарцоўшчыкаў» 10 рублёў. Першыя мае студэнцкія стыпендыі праз некалькі гадоў (!) раўняліся менавіта такой суме. Але яно таго каштавала, гэта было выгаднае «капіталаўкладанне». Дарэчы, многія, каб захаваць вельмі каштоўны для ўладальніка запіс ад выпадковага сцірання, выломлівалі на канцы касеты спецыяльныя пластыкавыя засцерагальнікі.

...«Дитер — болен, Дитер — болен!» У лесе, дзе наша вулічная кампанія збірала грыбы, не змаўкаў голас і смех Колькі. Ён паўтараў гэтую фразу няспынна, зноў і зноў, упіваючыся значнасцю ўласнага адкрыцця. Здагадаліся, якія часы надышлі? А разам з імі на тэлеэкранах з'явіліся і папулярныя тады зоркі сучаснай замежнай эстрады, сярод якіх «Модэрн Токінг» з Дзітарэм Боленам і Томасам Андэрсам былі, мабыць, на першым месцы. Равеснікі, памятаеце групу «Еўропа»? А яе славуты пройгрыш у адной з песень? Упэўнены, ноччу вас разбудзі — праспяваеце.

У процівагу савецкім песням і папсовым мелодыям замежжа неяк нечакана загучалі кампазіцыі, якія вельмі адрозніваліся ад чутага раней. У 1987 годзе такой песняй стала «Група крови на рукаве» гурта «Кино». Праз год быў зняты фільм «Ігла», дзе яна гучала ў фінале стужкі. Не ўпэўнены, што большасць маіх равеснікаў разумела рэжысёрскую задумку, хутчэй, у кіно ішлі «на Цоя». Недзе ў глыбіні душы было няяснае адчуванне пратэсту, свабоды, разумення, як сказаў бы зараз, што чалавек можа быць шчаслівым не толькі дзякуючы камуністычным ідэалам... «Но если есть в кармане пачка сигарет, значит, все не так уж плохо на сегодняшний день...» Нядаўні ўзнёслы пафас патрыятычных песень замянілі пратэстныя «Алюминиевые огурцы».

Дакладна памятаю, калі ўпершыню Каралёва спела свае славутыя «Жоўтыя цюльпаны». І вось дзякуючы якой гісторыі. Я заканчваў вучылішча, быў час практыкі — сакавік-красавік. Я праходзіў яе на адной з меліярацыйных помпавых станцый. І вось аднойчы ў панядзелак на нашу «Сігму-2» увальваецца з паўтузіна маіх старэйшых часовых калег. У кожнага вочы — па сподачку, голас — дрыжыць. Тэма размоў на паўдня была адна: «А вы бачылі, як Наташка спела «Жоўтыя цюльпаны»? Заўважце, не «чулі», а «бачылі». Вядомая рэч, на выхадныя ў «Ранішняй пошце» быў дэбют песні. Ну, хто памятае Каралёву ў маладосці, здагадваецца, пра што я. «О-у-о-у, желтые тюльпаны...» Дагэтуль смешна прыгадваць дзецюкоў пасля армейскай службы, якія паводзілі сябе, як той Колька, адкрыўшы, што «Дитер — болен»...

Мянялася жыццё, а разам з ім — і эпоха. Часам так, як мы і меркаваць не маглі... Пра забойства Ігара Талькова я даведаўся ранкам, калі ехаў з пасёлка ў сталіцу на вучобу. Памятаю, у аўтобусе з-за расчыненых дзвярэй было вельмі холадна, на будынку аўтастанцыі цьмяна гарэла лямпачка... Бабулі-пасажыркі спалоханым паўшэптам абмяркоўвалі трагічную навіну і ледзь не плакалі... «Я пророчить не берусь, но точно знаю, что вернусь... в страну не дураков, но гениев...» Насуперак назве песні, ён не вярнуўся. А зусім хутка не стала і той краіны...

Пад «Дым сигарет с ментолом» у вушах я цёмным вечарам спяшаўся на танцы ў Дом культуры. Не быў на іх некалькі выхадных. Доўга прыводзіў сябе ў парадак, таму не хацеў спазняцца на сустрэчу з сябрамі, якія, дарэчы, і не ведалі, што я ў пасёлку. А толькі адну галаву давялося мыць тройчы, бо вада кожны раз была чорная. У гэты дзень я, як і мае аднакурснікі па журфаку, вярнуліся дадому «з бульбы». Прабылі мы на ёй тыдні паўтара-два, а потым развярнуліся і з'ехалі. Кіраўніцтва гаспадаркі ў Лагойскім раёне нас не спыняла. Ды і чым магло, калі мы фактычна былі кінутыя сам-насам у той вёсачцы? Працавалі ў тым ліку на камбайнах на тарфяніках, а сродкаў абароны — ніякіх. Мне, напрыклад, бруд патрапіў у вока, яно запалілася, некалькі дзён хадзіў як той пірат — з павязкай на твары. Лазні таксама не было, прычоска нагадвала індзейскі іракез. Было і яшчэ мноства нейкіх бытавых праблем, якія кіраўніцтва калгаса вырашаць не спяшалася. Ну, мы крыху пацярпелі, а потым сабраліся і з'ехалі. Дарэчы, за той учынак нам, студэнтам-другакурснікам, нічога не было. Мы пра тое яшчэ не ведалі, але сумленне ў нас было чыстым. «Нажми на кнопку — получишь результат и твоя мечта осуществится...» Я спяшаўся на танцы. Але гэта — ужо зусім іншая гісторыя...

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.