Вы тут

«... І не дажыць да кахання свайго»


У слова трыпціх, паводле тлумачальнага слоўніка, значэнняў тры: гэта ікона-складзень, тры вершы альбо тры карціны (малюнкі), аб'яднаныя агульнай тэмай.


Тады гэта — малюнак першы, пра шлюб, якога не было. Сапраўды, хлопец з дзеўкай толькі збіраліся пажаніцца, але ўжо сказалі пра гэта бацькам. Тыя, як вядзецца, сустрэліся, нечага выпілі, спланавалі вяселле.

Маладым заставалася хіба чакаць, пакрысе рыхтавацца ды па-ранейшаму сустракацца. Найчасцей — на нейтральнай тэрыторыі. Але ж зрэдку — дома ў нарачонай.

Вось і ў той раз жаніх прыйшоў. Нявеста пачаставаць хацела. І не проста кавай-гарбатай, а «па-даросламу» — яечняй.

Каб падсмажыць, пайшла ў кухню. Хлопец застаўся ў зале, але ж хутка засумаваў і рушыў за ёю следам. Навошта? Ніхто не ведае. Можа, думаў побач пастаяць ды палюбавацца ёю, можа, дапамагчы... Бо «працэс» там ва ўсю ішоў: гаспадынька яечкі біла — аб край патэльні.

— Ну хто ж так робіць? — спытаў у яе жаніх. І тут жа паказаў, як трэба: гэта значыць, адсунуў дзяўчыну ад пліты, разбіў яечка нажом ды яшчэ і жаўток «парваў», каб лепей прапёкся...

Думаў, што яму зараз дзякуй скажуць.

Ды не на тую нарваўся: яго нявеста якраз наадварот зрабіла — дзверы адчыніла і папрасіла... вон.

Потым матулі прызналася, што ніколі не пацерпіць, каб мужчына ў жаночыя справы лез, каб вучыў, як яечню смажыць... І, адпаведна, адмовіла таму «настаўніку»: замуж за яго не пайшла.

Іншая дзеўка (гэта малюнак другі) замуж «схадзіла» была.

Са сваім яна распісалася ў суботу бліжэй да вечара, потым, хоць сціпла, але ж падзею гэту адзначылі і першую ноч правялі. А раніцай — прачнуліся. Жонка, як заведзена ў большасці знаёмых сем'яў, першай устала з ложка, пайшла ў кухню сняданак гатаваць. Недзе праз паўгадзінкі (мо трохі больш) туды ж, на пах падсмажанай бульбы, «падцягнуўся» муж. Сказаў ёй:

— Накрыўку ў патэльні знімі.

— Гэта ж навошта? — папыталася жонка.

— Бульбу пад накрыўкай ніхто не смажыць.

— Як гэта ніхто? Мая мама — усё жыццё!

— Твая мама нічога не разумее... І ў смажанай бульбе таксама.

— Затое твая...

Слова за слова, карацей, у выніку дагаварыліся да таго, што муж, ляпнуўшы дзвярыма, выскачыў з хаты. І даганяць яго жонка не пабегла.

А праз нейкі час падала на развод.

...Трэцяя дзяўчына пра дзвюх першых чула і думала, што яна вось гэткай дурніцай аніколі не будзе, што ў яе хопіць розуму не лезці ў «бутэльку» з-за нейкага там курынага яйка (як муж скажа, так і разаб'е — аб край дык аб край, нажом дык нажом — падумаеш...), што яна зніме з патэльні накрыўку, падсмажыць бульбу так, як захоча нехта...

Яна выйшла замуж, прычым досыць рана. Яна жыве ў шлюбе і — калі знешне — дык нават добра. Але...

Кожны раз, гучна прамаўляючы мужава імя (клічучы яго да тэлефона, да стала альбо на дапамогу), не пазнае свой жа голас, не верыць сама сабе: нутром чуе, што гэта — не яе чалавек, што ў таго — усё іншае: імя, аблічча, голас, характар...

Караткевіч пісаў, што

Лепей вісець на нажы,

Кахаць,

Праклінаць за каханне багоў,

Чым век пражыць і дзяцей нажыць

І не дажыць да кахання свайго.

Валянціна Доўнар

dounar@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».