Вы тут

Рыгор Сурус: САКРЭТ КАМПАЗІТАРСКАГА ПОСПЕХУ У ПРАФЕСІЯНАЛІЗМЕ


Добрай традыцыяй сталі творчыя сустрэчы з беларускімі кампазітарамі ў Дзіцячай музычнай школе мастацтваў № 9 г. Мінска. Тут адбыўся канцэрт-віншаванне, прысвечаны 75-годдзю ганаровага члена праўлення Саюза кампазітараў Беларусі, заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Рыгора Фёдаравіча Суруса. Творчая дзейнасць кампазітара пачалася ў 60-я гады мінулага стагоддзя і не спыняецца па сёння. У 2014 годзе за ўнёсак у развіццё айчыннай культуры ён быў узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. А юбілейны канцэрт, падрыхтаваны вучнямі і выкладчыкамі адной з лепшых адукацыйных устаноў Мінска, вызначальны тым, што музыку кампазітара добра ведаюць, любяць і з задавальненнем выконваюць не толькі дарослыя, але і дзеці. Варта ўзгадаць, што вось ужо тры гады запар Рыгор Сурус узначальвае журы дзіцячага конкурсу «Дзяржынскі куфэрак», які ладзіцца ў межах унікальнага ў Беларусі творчага праекта «Беларуская музычная спадчына — дзецям». Падчас юбілейнага канцэрта кампазітару было вельмі прыемна паслухаць у выкананні Настассі Герольд, двойчы лаўрэата конкурсу (2014 і 2016 гг.), песню і танец з яго цыкла «Пяць п’ес для фартэпіяна».

Лаўрэат «Дзяржынскага куфэрку-2015» Міхаіл Збароўскі выканаў знакаміты «Святочны вальс» у апрацоўцы для акардэона. Першыя крокі ў музычным мастацтве ў кампазітара звязаныя менавіта з акардэонам, які пасля вайны быў вельмі распаўсюджаны і папулярны. Першапачатковую музычную адукацыю атрымліваў у прыватных педагогаў, бо музычная школа знаходзілася ў небяспечным, нават крымінальным раёне. Доўга вагаўся з выбарам прафесійнай адукацыі: матэматычныя разлікі і тэарэмы даваліся злёту, была спакуса паступаць ва ўніверсітэт. Але ж захапленне музыкай перамагло. Сакрэты кампазітарскага прафесіяналізму спачатку спасцігаў у класе Яўгена Глебава падчас навучання на тэарэтычным аддзяленні Мінскага музычнага вучылішча. Ён заўсёды сцвярджаў, што сапраўдны кампазітар можа напісаць любую музыку. У кансерваторыі Рыгор Сурус працягваў навучанне ў класе заснавальніка беларускай кампазітарскай школы, патрыярха беларускага музычнага мастацтва Анатоля Багатырова. Асістэнтуру-стажыроўку праходзіў у Ленінградскай кансерваторыі ў прафесара А. С. Лемана і адначасова выкладаў кампазіцыю ў спецыяльнай музычнай школе-адзінаццацігодцы пры Белдзяржкансерваторыі. Першы творчы поспех і званне лаўрэата — на Усесаюзным фестывалі савецкай моладзі ў 1973 г. за музыку вакальна-інструментальнай сюіты «Сваток». Але ж ці не самым вядомым творам кампазітара ў 1970 — 80-я гады стала народная музычная камедыя «Несцерка», пастаўленая Барысам Уторавым. Абноўлены ў пачатку 90-х, спектакль быў адным з нямногіх «доўгажыхароў» у нацыянальным рэпертуары Музычнага тэатра. Услед была створана гераічная музычная камедыя «Судны час» паводле п’есы А. Макаёнка «Трыбунал». І зноў поспех! Заявіў пра сябе кампазітар і ў сімфанічных творах для вялікага і камернага аркестраў, як аўтар сімфоніі, канцэрта для скрыпкі з аркестрам, сімфаніеты, танцавальнай сюіты «Дружба». Шырокую папулярнасць набылі шматлікія эстрадна-сімфанічныя кампазіцыі «Вячэрні рытм», «Лірычны экспромт», «Восеньскі накцюрн», «Успамін», «Бэзавы сад». А «Святочны вальс», які ўпершыню прагучаў на беларускім радыё сорак гадоў таму, стаў візітоўкай Рыгора Суруса. Амаль кожнае сачыненне кампазітара вылучаецца незвычайным або нетрадыцыйным мастацкім вырашэннем. У вакальна-сімфанічнай паэме «Памяці герояў», створанай да 30-годдзя перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, выкарыстаны тэксты надпісаў на сценах Брэсцкай крэпасці, мемарыяльных помнікаў Мамаева кургана і Марсава поля. Разам з сімфоніяй-канцэртам «Каляды. Ражджаство», прысвечанай 2000-годдзю ўзнікнення хрысціянства, кампазітар увайшоў у новы век. Знамянальным было і першае яго выкананне на канцэрце-адкрыцці ХIII з’езда Беларускага саюза кампазітараў у 2002 годзе. Музыка для дзяцей і юнацтва, прысвечаная і адрасаваная дзецям, звязаная з вобразамі дзяцінства, працінае ўсю творчасць кампазітара. Разнастайны вобразны свет гэтай музыкі, пачуцці, эмоцыі, настрой усяго толькі прасцей і больш наглядна выяўленыя, але не спрошчаныя, як і музычная мова. Да таго ж Р. Сурус заўсёды адгукаецца на просьбы выкладчыкаў, мастацкіх кіраўнікоў калектываў напісаць той ці іншы твор з улікам рознага складу выканаўцаў, тэхнічных сродкаў і г.д. «Упарты Фама» для дзіцячага хору, чытальніка, салістаў і камернага аркестра на словы Сяргея Міхалкова быў напісаны па замове Ігара Жураўленкі, кіраўніка хору хлопчыкаў ССМШ пры Белдзяржкансерваторыі. Ствараючы «Юнацкі канцэрт», улічваў пажаданні выкладчыцы фартэпіяна гэтай жа ўстановы Іны Барташэвіч. На лепшае выкананне твора быў абвешчаны нават конкурс. Харавую кантату «Фарбы дзяцінства» на народныя словы сачыняў спецыяльна для народнай харавой капэлы «Раніца» пад кіраўніцтвам Віктара Масленікава. Трывала ўвайшлі ў канцэртную практыку, педагагічны рэпертуар, конкурсныя праграмы фартэпіянныя творы Рыгора Суруса. Сярод іх — больш за 20 праграмных цыклаў і сюіт. Адзін са сваіх апошніх зборнікаў п’ес для фартэпіяна аўтар падараваў менавіта дзявятай музычнай школе. У сваю чаргу, нечаканае прысвячэнне кампазітару ў віншавальным канцэрце падрыхтавалі вучні 7 класа: раманс «Ручай» на словы Я. Коласа выканалі аўтар музыкі Мікіта Лінькоў (партыя фартэпіяна) і Уладзіслаў Краўчанка (вакал). Запатрабаванасць музыкі Рыгора Суруса падтрымліваюць розныя выдавецтвы. Шмат аўтарскіх зборнікаў, асобных п’ес, буйных твораў было выдадзена ў маскоўскім і ленінградскім аддзелах выдавецтва «Савецкі кампазітар», «Музыка», у выдавецтвах «Беларусь», «Асвета і выхаванне», выдавецкімі аддзеламі Інстытута культуры Беларусі, БДУ культуры і мастацтваў, прыватнымі выдавецтвамі А. Вараксіна, «Зорны верасок». Адзін з апошніх зборнікаў Р. Суруса пад назвай «Ад прэлюдыі да варыяцый» для фартэпіяна быў выдадзены ў 2015 годзе. У шэрагу камерна-інструментальных і вакальных твораў, створаных кампазітарам на пачатку новага стагоддзя, жыццёвыя рэаліі сучаснасці асэнсоўваюцца ва ўласным індывідуалізаваным філасофскім ракурсе. Гэта адчувальна ў «Санаце-Эпітафіі», у «Саркастычным скерца», у рамансах на словы В. Кулікова-Ярмонава. Але ж галоўнымі і нязменнымі рысамі творчага мыслення Рыгора Суруса застаюцца наследаванне нацыянальным музычным традыцыям і арыгінальнае развіццё найноўшых прынцыпаў кампазіцыі. Фальклорныя матывы, сучасныя інтанацыі і рытмы ў спалучэнні з пранікнёнымі лірычнымі выказваннямі аўтара сталі вызначальнымі маркерамі яго рамантызаванага стылю ў разнажанравай палітры музычнага самавыяўлення. Вера ГУДЗЕЙ-КАШТАЛЬЯН

Загаловак у газеце: Рыгор Сурус: САКРЭТ КАМПАЗІТАРСКАГА ПОСПЕХУ У ПРАФЕСІЯНАЛІЗМЕ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.