Вы тут

Службы занятасці пашыраюць пералік прафесій для перападрыхтоўкі


Сёлета спектр адукацыйных паслуг для мінчан папоўніўся новымі прафесіямі. Сярод іх — арматуршчык, электрамеханік па ліфтах, цясляр-бетоншчык, страхар, кіроўца трамвая і іншыя. Жыхары сталіцы, што звяртаюцца ў службу занятасці, з гэтага года могуць таксама прайсці навучальныя курсы па рэкламнай графіцы.


— Новыя спецыяльнасці з'яўляюцца на падставе прагнозу рынка працы і яго патрэб у кадрах рабочых і спецыялістаў адпаведнай кваліфікацыі. Улічваюцца таксама прафесійныя запыты беспрацоўных і іх адукацыя, — тлумачыць начальнік аддзела арганізацыі навучання грамадзян упраўлення занятасці насельніцтва камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга ТАРАСЮК.

Усяго сталічная служба занятасці арганізуе падрыхтоўку па 33 прафесіях і спецыяльнасцях. Тэрмін навучання — да года. Так, за месяц можна атрымаць прафесію кладаўшчыка, за два — адміністратара, за тры — аператара кацельнай ці рабочага па комплексным абслугоўванні і рамонце будынкаў.

Летась у сталіцы на навучанне быў залічаны 1441 беспрацоўны. 65 працэнтаў з іх — мужчыны. У асноўным на курсы запісваюцца мінчане, старэйшыя за 30 гадоў. Сярод тых, хто праходзіў навучанне, грамадзян ва ўзросце 16—29 гадоў — 420 чалавек, з якіх 20 — непаўналетнія. Пераважная частка (67,5 працэнта) асвойваюць рабочыя прафесіі.

— Найбольшай папулярнасцю карыстаецца адукацыя па спецыяльнасцях адміністратара, кухара, слесара па рамонце аўтамабіляў, манціроўшчыка шын і шына-пнеўматычных муфтаў, сакратара, інспектара аддзела кадраў, цырульніка, электрагазазваршчыка, — расказала Вольга Тарасюк.

Гарадская служба занятасці практыкуе таксама такую форму дзейнасці, як навучанне па заказе наймальніка. Летась на курсы на такіх умовах было залічана 123 чалавекі. 96 мінчан асвоілі прафесію кіроўцы тралейбуса, 19 — машыніста электрацягніка. Рыхтавалі таксама кухараў, праграмістаў, цырульніка, ліфцёра, электрагазазваршчыка і кіроўцу пагрузчыка. Сёлета па заказах наймальнікаў плануецца таксама навучанне кіроўцаў трамвая, дзяжурных на атракцыёнах і гульнявым абсталяванні, кантралёраў-касіраў, прадаўцоў.

У цэлым па краіне летась на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі службы занятасці накіравалі каля 11 тысяч беспрацоўных. Больш за ўсё накіраванняў выдадзена на Гомельшчыне (амаль дзве тысячы). А ў Магілёўскай вобласці палова тых, хто быў залічаны на курсы, навучаліся непасрэдна па заказе наймальнікаў. У Брэсцкай і Гомельскай абласцях такую гарантыю далейшага працаўладкавання меў кожны трэці «курсант», а ў сярэднім па краіне — амаль кожны чацвёрты.

У тройцы самых папулярных прафесій для перападрыхтоўкі беспрацоўных апынуліся аператар кацельнай, індывідуальны прадпрымальнік і прадавец.

Летась у Беларусі накіраванне на прафадукацыю атрымалі 5,2 працэнта беспрацоўных. Дзяржаўнай праграмай аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці насельніцтва на 2016—2020 гады прадугледжана, што гэты паказчык павінен быць як мінімум 4,4 працэнта.

На перападрыхтоўку беспрацоўных выдаткоўваецца фінансаванне з дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Гэтыя сродкі прызначаныя для арганізацыі навучання розных катэгорый асоб: вызваленых работнікаў, тых, хто шукае працу ўпершыню, нядбайных бацькоў, якія абавязаны кампенсаваць дзяржаўныя расходы на ўтрыманне дзяцей у інтэрнатах, і іншых. У прыярытэтным парадку на курсы накіроўваюцца беспрацоўныя, што маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольныя на роўных правах канкурыраваць на біржы. Новая рэдакцыя закона аб занятасці дазволіла таксама праходзіць прафадукацыю жанчынам, якія даглядаюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. Гэта пашырае для маладых маці магчымасці атрымаць прафесію і працоўнае месца.

Наталля ЛУБНЕЎСКАЯ

lubneuskaya@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Загаловак у газеце: З беспрацоўнага —у кіроўцы трамвая

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».