Вы тут

У Мінску для чаргавікоў «квадрат» будзе каштаваць да 1 тысячы рублёў


Паводле слоў намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Віктара Лапцева, прыярытэтным кірункам работы будаўнічага комплексу сталіцы застаецца будаўніцтва жылля. І гэта зразумела, бо ў галоўным горадзе краіны сёння самая вялікая чарга маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Па стане на пачатак года яна складае 208,5 тысячы сямей і асобных грамадзян.


Будаваць будуць менш

Спецыяліст расказаў, што летась у горадзе было пабудавана 777,2 тысячы квадратных метраў пры заданні 735 тысяч. Сёлета эксперты запланавалі ўзвесці тут 664 тысячы «квадратаў», у тым ліку для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, — 160 тысяч кв.м. Прагназуецца, што па лініі дзяржзаказу будзе пабудавана 67 тысяч квадратных метраў, 45 тысяч «квадратаў» — для шматдзетных сем'яў, а таксама ўзведзена каля 7 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля. Масавае будаўніцтва буйнапанэльных жылых дамоў запланавана ў раёне вёскі Сухарава, у Лошыцы, Чыжоўцы, раёне вуліцы Алібегава, а таксама на тэрыторыі былых ваенных частак у Масюкоўшчыне, на вуліцах Кабушкіна і Шышкіна.

Цана жылля ў горадзе залежыць ад раёна, інфраструктуры, канструкцыі дамоў і кошту матэрыялаў. «У першым квартале года заключаліся дагаворы з цаной квадратнага метра ад 900 да 1000 рублёў для маючых патрэбу, што адпавядае ўзроўню мінулага года», — адзначыў Віктар Лапцеў.

Дзяржпадтрымкі на ўсіх не хапае

Сёння ў сталіцы ў жыллёвай чарзе знаходзяцца каля пяці тысяч шматдзетных сем'яў. Больш за тое, каля 500 з іх прастаялі ў гэтай чарзе больш за тры гады. Кіраўніцтва горада адзначае, што цалкам гэту праблему сёлета вырашыць не ўдасца. Аб'ёмаў адпаведнага фінансавання хопіць толькі на тое, каб накіраваць на будаўніцтва з дзяржпадтрымкай прыкладна 300—360 сем'яў. А за гэты час колькасць сем'яў з доўгімі тэрмінамі чакання можа яшчэ павялічыцца...

Паводле слоў Віктара Лапцева, у сувязі са скарачэннем аб'ёмаў ільготнага крэдытавання летась усё часцей выкарыстоўвалася такая форма дзяржаўнай падтрымкі, як узвядзенне жылля з рэнтабельнасцю забудоўшчыка не больш за 5%. Такім чынам у мінулым годзе палепшылі свае жыллёвыя ўмовы ў тым ліку 57 шматдзетных сем'яў. У гэтым выпадку шматдзетныя сем'і атрымліваюць ад дзяржавы субсідыі.

Самафінансаванне камерцыйнага жылля

Спікер адзначыў, што цяпер вырашаны сістэмныя пытанні па будаўніцтве арэнднага жылля. «Мы вызначыліся з падыходамі, адпрацавалі рашэнні па фінансаванні, вызначылі канкрэтныя аб'екты. Узводзіць арэнднае жыллё ў Мінску будзем за кошт сродкаў, якія паступаюць ад здачы ў наём жылля», — расказвае Віктар Лапцеў. Спецыялістамі падлічана, што гэтыя сродкі дазваляюць штогод будаваць у горадзе па два арэндныя дамы. Ён растлумачыў, што ў папярэднія гады арэнднае жыллё ўзводзілася за кошт прамога фінансавання з бюджэту. Напрыклад, летась былі здадзены ў эксплуатацыю два арэндныя дамы (па вуліцы Солтыса ў Партызанскім раёне і ў квартале «Магістр»), закладзена аснова для будаўніцтва жылля ў 2017 годзе. У першую чаргу арэндныя кватэры прадастаўляюцца грамадзянам, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, звычайна — у парадку чаргі.

Гарады-спадарожнікі застаюцца на стадыі планавання?

Адначасова з генеральным планам сталіцы былі зацверджаны і генеральныя планы гарадоў-спадарожнікаў. Далей патрэбна распрацоўка праектаў дэталёвай планіроўкі і адначасова ўдасканаленне па пытаннях інфраструктуры. «Аднак хутка пачаць будаўніцтва жылля не атрымаецца», — лічыць намеснік старшыні.

Сёння ўсе згаджаюцца, што тэма развіцця гарадоў-спадарожнікаў ва ўмовах скарачэння жыллёвага будаўніцтва ў межах МКАД становіцца ўсё больш актуальнай. Паводле генплана, колькасць жыхароў сталіцы не павінна перавышаць два мільёны чалавек. Жыллё прапануецца будаваць у першую чаргу ў Рудзенску і Смалявічах, а таксама ў Заслаўі, Фаніпалі, Дзяржынску і Лагойску. Але пакуль развіццё гарадоў-спадарожнікаў Мінска знаходзіцца на этапе горадабудаўнічага планавання.

Паводле слоў Віктара Лапцева, сёння ахвотных змяніць мінскую прапіску не так і шмат, таму неабходна ствараць дадатковыя стымулы для пераезду, а таксама арганізоўваць узнікненне перспектыўных працоўных месцаў, займацца размяшчэннем вытворчасцяў. Цяпер карэктуецца пастанова, якая датычыцца пераносу прадпрыемстваў з Мінска за МКАД. Толькі пасля гэтага з'явіцца больш канкрэтыкі па гарадах-спадарожніках. Цяпер вядзецца будаўніцтва жылля і інфраструктуры ў Смалявічах, спецыялісты прыглядаюцца да тэрыторыі Рудзенска, робяцца папярэднія распрацоўкі.

Намеснік старшыні лічыць, што развіццё гарадоў-спадарожнікаў — зона адказнасці не толькі Мінгарвыканкама, але і Мінаблвыканкама, таму гэтыя пытанні трэба вырашаць у комплексе.

Дзіцячыя садкі, паліклінікі і іншае...

Згодна з інвестыцыйнай праграмай у 2016 годзе ў Мінску пабудаваны 4 дзіцячыя садкі, два з іх у Каменнай Горцы, па адным у Міхалове і Масюкоўшчыне. Уведзены ў эксплуатацыю дзіцячая паліклініка ў Каменнай Горцы, парк экстрэмальных відаў спорту на вуліцы Сталетава, рэканструяваны стадыён «Арбіта». Паводле слоў намесніка старшыні Мінгарвыканкама, летась удалося павысіць тэмпы будаўніцтва мінскага метрапалітэна. Гэтага змаглі дасягнуць за кошт павелічэння да дзвюх тысяч і больш колькасці рабочых на аб'екце і набыцця сучаснага механізаванага комплексу.

Сёлета плануецца да ўводу такі знакавы аб'ект, як стадыён «Дынама». Будуецца Цэнтр мастацкай гімнастыкі па праспекце Пераможцаў, які дазволіць весці падрыхтоўку нашых спартсменаў на самым высокім узроўні.

А вось знос будынкаў на інвестыцыйнай пляцоўцы (у раёне былой 2-й гарадской бальніцы) у Мінску плануецца завяршыць у лістападзе-снежні. Для выставачнага павільёна «Белэкспа» падбіраецца іншая пляцоўка. Праўда, Віктар Лапцеў кажа, што пакуль застаецца пытанне з новым участкам для павільёна. «Пытанне ў фінансаванні, раней разглядалася пляцоўка ў раёне вуліц Кіжаватава — Каржанеўскага. Ёсць праектная дакументацыя па гэтым аб'екце, разглядаецца магчымасць прыцягнення інвестараў. Тэма актыўна абмяркоўваецца», — удакладніў спецыяліст.

Нагадаем, што інвестыцыйны дагавор на забудову тэрыторыі былой 2-й гарадской бальніцы заключаны ў канцы 2016 года, праект павінен завяршыцца да 2021 года. Інвестар — кампанія з ААЭ. На гэтым месцы будзе пабудаваны гандлёва-забаўляльны цэнтр з гасцініцай, сучаснай аўтастаянкай, падземным паркінгам.

Тайм-аўт ад Газпрама

Будаўніцтва «Газпрам Цэнтра» на месцы аўтавакзала «Маскоўскі» сёння закансервавана, але ёсць намер працягнуць рэалізацыю праекта, кажуць у мэрыі. «Магчыма, справа ва ўзаемаадносінах забудоўшчыка з падрадчыкамі. Пакуль казаць пра тое, што праект ажыццяўляцца не будзе, падстаў ніякіх няма. У заказчыка і інвестара ёсць жаданне дабудаваць аб'ект, таксама, як і ў горада», — адзначыў Віктар Лапцеў. Раней паведамлялася, што ўзвядзенне шматфункцыянальнага комплексу «Газпрам Цэнтр» пачалося ў 2015 годзе, завяршыць аб'ект планавалася ў 2018-м. Спецыяліст паведаміў, што горад сёлета плануе рэалізацыю і іншых праблемных інвестыцыйных праектаў. У прыватнасці, у найбліжэйшы час будзе завершана будаўніцтва гасцініцы каля Белдзяржцырка, плануюць аднавіць работу па праектах бізнес-цэнтра «Футурыс» на праспекце Незалежнасці і шматфункцыянальнага комплексу «Гулівер».

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Жыллё ў прыярытэце

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.