Вы тут

«Дом карцін» зноў прапануе ўбачыць нешта незвычайнае


Сталічная галерэя «Дом карцін» зноў прапануе ўбачыць нешта незвычайнае.


Толькі скончылася хуліганская выстаўка «Я Манэ, Я Шышкін, Я Малевіч», у якой змог паўдзельнічаць кожны ахвотны, а залы галерэі ўжо напоўніліся будыйскім жывапісам і скульптурай XVІІІ—XІX стагоддзяў. Экспазіцыя «Шлях у Шамбалу» з інтрыгуючымі суправаджальнымі каментарыямі «іконы будызму з агня камунізму» і «выратаваныя каштоўнасці Тыбета» склалася з прыватнай калекцыі, якая збіралася каля трыццаці гадоў. Натуральна, некаторыя экспанаты — хоць можна сказаць, што адносна гэта датычыцца ўсіх, — былі выратаваныя ад знішчэння ў закінутых храмах падчас савецкага непрымання рэлігій. Так што ў «Доме карцін» можна ўбачыць не проста сакральныя экспанаты, але рэчы, кожная з якіх мае свой дзіўны шлях да мадэрновай галерэі XXІ стагоддзя. Некаторыя нават захавалі на сабе сляды ад дыму будыйскіх храмаў.

Не толькі касцёлы і цэрквы пацярпелі ад камуністычных прэтэнзій: у складзе Савецкага Саюза былі і спрадвечна будыйскія тэрыторыі — Бурація, Калмыкія і Тува. Сяргей Высоцкі, з калекцыі якога складаецца «Шлях у Шамбалу», прызнаўся, што большасць яго знаходак прывезеныя з Бураціі. Праўда, перш чым трапіць у Бурацію, як удакладняе куратарка галерэі «Дом карцін» Вольга Кліп, экспанаты пабывалі ў Манголіі, Кітаі, Тыбеце і Непале.

«Калі яшчэ ў 1980-х гадах я захапіўся ўсходняй філасофіяй, мне захацелася набыць для інтэр'ера статуэтку, — расказвае Сяргей Высоцкі. — Гады два я не мог яе знайсці: гэта аказалася складана, антыкварнага рынку не было, я шукаў па клубах калекцыянераў. А потым раз — і неяк адна за адной да мяне трапіла некалькі статуэтак. Я іх паставіў, і мне захацелася яшчэ. Так калекцыя і атрымалася, я папаўняю яе да гэтых часоў. Калекцыянаванне — гэта ні з чым не параўнальны азарт палявання за рэдкасцямі. Калі ўсё ўпіраецца ў грошы — гэта не цікава. Цікава — здабыць!..»

Галоўным і неаспрэчным матывам убачыць выстаўку з'яўляецца экзатычнасць малавядомай для звычайнага наведвальніка культуры будызму і ўсходняй культуры ўвогуле. Тая ж прычына заахвоціць тых, хто ўжо захапіўся ўсходняй філасофіяй. Будызм, між іншым, — з трох сусветных рэлігій старэйшая за хрысціянства і тым больш за іслам. Тут у спецыяльных практыках — медытацыях дзеля пазнання сапраўднай прыроды розуму — выкарыстоўваюцца жывапісныя і скульптурныя іконы. Жывапісныя называюцца тангкамі. Яны ўяўляюць сабой палатно з загрунтаванай сумессю мелу і жывёльнага клею часткай, на якой з прытрымліваннем прапорцый выкананы роспіс клеевымі фарбамі. Тангкі і складаюць аснову выставы «Шлях у Шамбалу».

Апроч уласна Буды Шак'ямуні тут адлюстроўваюцца іншыя персанажы будыйскага пантэона, які налічвае больш за дзесяць тысяч бостваў. Таму можна ўявіць сабе разнастайнасць выяў: каб у іх крыху сарыентавацца, 14, 21, 28 сакавіка і 4 красавіка можна трапіць на экскурсію па «Шляху ў Шамбалу», якую правядзе ўсходазнавец, навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея і куратар выстаўкі Мікіта Моніч.

«У гэтай выстаўцы сышліся тры значныя складнікі, — каментуе Мікіта Моніч. — Першым з'яўляецца прыватная калекцыя, бо паглядзець на рэчы, што належаць аднаму чалавеку, у адрозненне ад музейнай экспазіцыі, даводзіцца надзвычай рэдка. Адпаведна, «Шлях у Шамбалу» дае выдатную магчымасць, і, я спадзяюся, гэта стане пэўным сігналам для ўладальнікаў калекцый мастацтва, каб яны імкнуліся паказваць іх публіцы. Другі момант — выстаўка праводзіцца ў галерэі, якая нібыта павінна займацца продажам мастацтва. «Дом карцін», не здымаючы гэтай функцыі (некаторыя рэчы з экспазіцыі можна набыць), працуе ў першую чаргу як высокага ўзроўню выставачная прастора. Трэці пункт — гэта мастацтва будызму, якім мы не разбалаваныя. Тым не менш я бачу добрую тэндэнцыю, бо некаторы час таму ў Нацыянальным мастацкім музеі адбылася найвыдатнейшая выстаўка «Шэдэўры мастацтва будызму» з фондаў Дзяржаўнага Эрмітажа. «Шлях у Шамбалу», такім чынам, — гэта працяг знаёмства мінскай публікі з мастацтвам Усходу і ў прыватнасці будызму».

Разгледзець будыйскія аб'екты пакланення і адпаведна крыху пазнаёміцца, паглыбіцца, даведацца пра будызм можна ў «Доме карцін» да 16 красавіка.

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Фота Кастуся ДРОБАВА

Загаловак у газеце: Выратаваныя іконы будызму

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.