Усебеларуская акцыя БРСМ «Мы — грамадзяне Беларусі», прымеркаваная да Дня Канстытуцыі краіны, працягваецца. Учора свае першыя пашпарты ў Нацыянальным алімпійскім камітэце атрымалі 22 юныя спартсмены з Віцебскай і Гомельскай абласцей, а таксама Мінска. Галоўныя дакументы хлопцам і дзяўчатам уручаў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Максім Рыжанкоў.
— Дзень Канстытуцыі ў Беларусі не адзначаецца вельмі маштабна, — заўважыў ён. — Але гэта адна з галоўных дат у станаўленні нашай дзяржавы. Тое, што ў нас ёсць такое свята, падкрэслівае, што Беларусь — прававая дзяржава, і мы і надалей будзем развіваць дэмакратычныя грамадзянскія інстытуты і прымаць рашэнні на аснове права. Сёння мы ўсе як адзін павінны абараняць тыя напрацоўкі, што ўжо зроблены нашым народам за два з паловай дзясяткі гадоў незалежнасці: Канстытуцыю, дабрабыт, узровень сацыяльнай падтрымкі і многае іншае.
Вікторыя ГЛУХОЎСКАЯ прыехала на ўручэнне пашпарта з Гомеля. Дзяўчына займаецца цяжкай атлетыкай у мясцовай школе алімпійскага рэзерву. У свае 14 гадоў яна выступае ў катэгорыі да 53 кілаграмаў, у штуршку «бярэ» 55 кілаграмаў, а ў рыўку — 40.
— Сваю першую ўзнагароду я атрымала нядаўна на рэспубліканскіх спаборніцтвах у Бабруйску, — расказала дзяўчына. — Заваявала «бронзу». Акрамя гэтага, некалькі дзён таму стала першай на абласным турніры ў Гомелі. Безумоўна, для мяне магчымасць атрымаць пашпарт з рук віцэ-прэзідэнта алімпійскага камітэта, ды яшчэ і ў такім месцы, — неймаверны гонар.
Вучань сталічнай сярэдняй школы №53 Іван САФОНАЎ выбіваецца з шэрагу спартсменаў — хлопец з'яўляецца юным інспектарам дарожнага руху.
— Я думаю, што трапіў сюды дзякуючы таму, што наша каманда неаднойчы перамагала на міжнародным злёце ў Расіі, а таксама на рэспубліканскіх, гарадскіх і раённых турнірах, — падзяліўся ён. — Зразумела, запрашэнне ў Нацыянальны алімпійскі камітэт для мяне — радасць, бо атрымаць пашпарт у такой урачыстай абстаноўцы, а не ў пашпартным стале, як іншыя аднагодкі, дарагога каштуе. Акрамя таго, гэта яшчэ адзін стымул працаваць над сабой надалей.
Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ
Камунальныя стасункі.
Выжыць, каб расказаць праўду.
Ці кожны ахвотнік можа атрымаць беларускі пашпарт.
Інтэрв’ю з капітанам каманды «Доктар Хаусс» Паўлам Малахавым.