Вы тут

Як будзе мяняцца сталіца


Аб чым гаварылі на сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў.

На дваццаць першай чарговай сесіі Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў закранулі цэлы спектр тэм: ад колькасці уведзеных за 2016 год спартыўных аб'ектаў да памеру бюджэту сталіцы. Усяго дэпутатамі было разгледжана 22 пытанні, якія вызначаць ход развіцця Мінска на наступныя гады. Мы выбралі найбольш цікавыя моманты.


Паліклінікі і дарогі

Старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый гарвыканкама Дзмітрый ГУРЫНЕНКА адзначыў, што ў 2017-м дадатковыя сродкі пры зацверджаным пераразмеркаванні фінансавання пойдуць на рамонт і пракладку дарожнага палатна, а таксама ўзвядзенне сацыяльных аб'ектаў.

Паміж гандлёвым цэнтрам «Замак» і Нацыянальным выставачным цэнтрам «БелЭкспа» пабудуюць падземны пераход — на гэта выдзелена больш за два мільёны рублёў. Частка сродкаў пойдзе на пракладку інжынерных сетак па вуліцы Дражня і ўзвядзенне дажджавых калектараў. Згодна з зацверджаным планам буйную суму накіруюць на стварэнне дзіцячай паліклінікі ў мікрараёне Дружба, а таксама на распрацоўку плана дзіцячай паліклінікі ў мікрараёне Лошыца-9. Таксама значныя сумы выдзелены на развіццё спартыўнай інфраструктуры: каля мільёна рублёў пойдзе на будаўніцтва сеткі веладарожак.

Сталічныя інвестыцыі

38,1 мільярда долараў замежных інвестыцый плануецца прыцягнуць у эканоміку Мінска да 2020 года, адзначыў старшыня камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Мікалай РАГАШЧУК падчас прадстаўлення Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця горада Мінска на 2016—2020 гады.

«У 2016 годзе Мінск увайшоў у рэйтынг самых перспектыўных для інвестыцый еўрапейскіх гарадоў, — адзначыў Мікалай Рагашчук. — Будзе працягвацца рэалізацыя 20 інвестпраектаў з удзелам замежнага капіталу». Акрамя таго, сёння разглядаюцца магчымыя варыянты супрацоўніцтва з рознымі замежнымі кампаніямі. Прыярытэтным напрамкам з'яўляецца прыцягненне інвестыцый з Кітая. «Мы чакаем не менш за 100 мільёнаў долараў на год», — падкрэсліў Мікалай Рагашчук.

У знешнеэканамічнай дзейнасці працягнецца актыўная работа па развіцці рынкаў збыту — для дасягнення раўнамернага размеркавання экспартных паставак паміж ЕАЭС, ЕС і краінамі далёкага замежжа. Гэта дазволіць асвоіць новыя рынкі і замацавацца на іх, а таксама скараціць магчымую залежнасць эканамічнага росту горада ад аднаго гульца.

Новае жыллё

За перыяд з 2016 па 2020 год перад будаўнічым комплексам Мінска пастаўлена задача па ўводзе ў эксплуатацыю новага жылля, а таксама па забеспячэнні будаўніцтва аб'ектаў культурна-бытавога і вытворчага прызначэння. Аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва будуць скарачацца. Аднак працягнецца засваенне тэрыторый каля Нацыянальнай бібліятэкі, аэрапорта Мінск-1, у мікрараёне Лошыца. За 5 гадоў у Мінску плануецца ўвесці ў эксплуатацыю не менш за 3,4 мільёна квадратных метраў жылля.

Увага прадпрымальніцтву

Асаблівая ўвага ў наступныя гады будзе ўдзяляцца фарміраванню спрыяльнага прадпрымальніцкага асяроддзя, падтрымцы і развіццю прыватнага бізнесу. Дзякуючы гэтаму плануецца забяспечыць рост удзельнай вагі суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Развіццё прыватнага сектара павінна паспрыяць стабілізацыі сітуацыі на рынку працы. Са з'яўленнем новых прадпрыемстваў плануецца штогадовае працаўладкаванне не менш чым 30 тысяч чалавек. Згодна з планам узровень беспрацоўя не перавысіць 0,8% эканамічна актыўнага насельніцтва сталіцы.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

lukashevich@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.