Вы тут

Вучымся прасаваць мужчынскую кашулю


У маёй знаёмай муж — начальнік. Штодзень павінен насіць у офіс дзелавыя касцюмы і кашулі. Яго жонцы пашанцавала, бо ён прасуе апошнія, як правіла, сам. Хочаце аблегчыць жыццё сваёй каханай? Тады самы час асвоіць асновы прасавальнага мастацтва. А дапаможа вам у гэтым узорны муж і шматдзетны тата з Брэсцкай вобласці. Аляксандр сцвярджае, што прасаваць мужчынскія кашулі не складана. Трэба толькі ведаць вызначаную паслядоўнасць і некаторыя нюансы.


Перш чым уключыць прас

Вы справіцеся з прасаваннем максімальна якасна, калі заплануеце яго загадзя. Пераканайцеся, што ў ваш прас залітая дыстыляваная вада (але ніяк не вадаправодная, інакш у рэзервуары могуць утварыцца салявыя адкладанні і плям на рэчах падчас прасавання не пазбегнуць), — лепш за ўсё зрабіць гэта яшчэ з вечара. Калі пачняце прасаваць, вам дакладна ўжо будзе не да гэтага. Спецыяльна для тых дзён, калі часу ў абрэз, трымайце пад рукой бутэльку з распыляльнікам, напоўненую ачышчанай вадой. Простае спырскванне кашулі перад тым, як пачняце яе прасаваць, у разы палепшыць вынік.

Лепш за ўсё сушыць кашулю на вешалцы-плечыках. Чакаць поўнага высыхання не трэба! Бо пакуль яна яшчэ крыху вільготная, яе можна выпрасаваць пры мінімуме высілкаў. Калі кашуля ўжо перасохла, то за гадзіну-паўтары да прасавання абгарніце яе на некалькі хвілін вільготным ручніком. Вільгаць размяркуецца па тканіне раўнамерна, што істотна палегчыць прасаванне. Аднак гэта не адносіцца да кашуль з шоўку. Іх варта прасаваць выключна сухімі праз вільготную баваўняную тканіну (спырскванне вадой ці прасаванне праз марлю можа прывесці да з'яўлення плям).

Не спяшайцеся ўключаць прас, пакуль не вывучыце ярлычок на кашулі. Там указаны склад тканіны, а таксама рэкамендацыі ад вытворцы датычна прасавання. Гэта зойме зусім няшмат часу. Але пазбавіць вас ад імавернасці сапсаваць рэч. Раю адшкадаваць грошы на якасны прас і прасавальную дошку: гэта зробіць працэс больш прыемным і камфортным.


Паэтапная шпаргалка

КАЎНЕР

Пачынаць заўсёды варта менавіта з яго. Спачатку адпрасуйце левы (унутраны) бок, водзячы прас ад краёў да сярэдзіны. Затым прапрасуйце такім жа чынам і правы (добры) бок. Калі прасаваць ад сярэдзіны, то ў кутах узнікнуць непрыгожыя складкі. Многія памылкова завяршаюць прасаванне кашулі каўняром. Гэта няправільна, бо прапрасоўваючы каўнер, вы зноў пакамячыце спінку.

МАНЖЭТЫ

Доўгія рукавы пачынайце прасаваць з манжэт. Спачатку з левага боку, потым з правага. Прасаваць двайныя манжэты трэба так: адгарніце іх цалкам, прапрасуйце з абодвух бакоў без згібаў, складзіце і яшчэ раз прапрасуйце, роўна загладжваючы па згібе.

РУКАВЫ

Тое, што рукавы вашай кашулі будуць схаваныя пад пінжаком, калі вы прыйдзеце ў офіс, яшчэ не значыць, што іх можна папросту прапусціць.

У камплекце з некаторымі прасавальнымі дошкамі прадаецца спецыяльная дошка для прасавання рукавоў. Але можна абысціся і без яе. Акуратна складзіце рукаў папалам, каб шво размяшчалася пасярэдзіне. Адпрасуйце кожны рукаў з абодвух бакоў ад шва да краю. Стрэлак на рукавах не павінна быць. Гэта лічыцца дрэнным тонам. Значна аблегчыць працэс прасавання звычайны згорнуты ў рулон ручнік, засунуты ў рукаў.

ПЯРЭДНЯЯ ЧАСТКА

Пачніце з той «палічкі», на якой прышытыя гузікі. Раскладзіце кашулю на вузкай частцы прасавальнай дошкі і рухайцеся прасам знізу ўверх. Удзяліце асобую ўвагу прамежкам паміж гузікамі: крыху расцягваючы тканіну, праводзьце носікам праса.

СПІНКА

Спінка прасуецца з левага або з правага боку (у залежнасці ад матэрыялу). Прапрасуйце правую палову спінкі знізу ўверх, какетку, а затым левую палову. Завершыце прасаванне рухам праса ўздоўж левага шва зверху ўніз.

Дайце кашулі адвісецца на вешалцы ад 5 да 10 хвілін, каб яна цалкам высахла. Усё, можаце смела зашпільваць гузікі і выходзіць на работу. Цяпер ваша галоўная задача — не разліць на сябе каву, як гэта часта здараецца ў ранішняй спешцы.

Нюансы

  • Спачатку прасуйце дробныя дэталі, а затым буйныя. Пачынайце з тых частак, дзе матэрыял сшыты ўдвая.
  • Шарсцяную кашулю трэба прасаваць выключна з левага боку дастаткова вільготнай. Такім чынам, можна нават аднавіць ранейшыя памеры кашулі, калі яна села падчас мыцця.
  • Кашулі з адлівам, вышыўкай ці рэльефным малюнкам прасуем толькі з унутранага боку, каб адліў не пацямнеў, а вышыўка і малюнак глядзеліся больш аб'ёмна.
  • Цёмныя кашулі таксам абавязкова прасуюцца з унутранага боку, каб пазбегнуць з'яўлення непажаданага бляску.
  • Не ўтрымлівайце прас вельмі доўга на адным і тым жа месцы і не прыціскайце яго вельмі моцна да тканіны.

Парады занатавала Наталля МАЎЧАНАВА

Загаловак у газеце: Ад каўнерыка да кончыкаў манжэт

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі. 

Экалогія

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

У Беларусі пабудуюць 30 рэгіянальных смеццеперапрацоўчых заводаў

Агульная плошча звалак у Беларусі займае каля 4 тысяч гектараў.