Вы тут

Бюджэтныя лецішчы вакол Мінска магчыма адшукаць за 5—7 тысяч долараў


Традыцыйна вясной штогод пачынаецца актывізацыя пакупнікоў дач і дамоў для летняга адпачынку. І доўжыцца яна, як правіла, да лістапада. Продажы ідуць хвалепадобна, і першая пікавая хваля вось ужо некалькі гадоў прыпадае менавіта на сакавік—красавік. Пасля чаго існуе невялікае зацішша. Яно прыпадае на сезон адпачынкаў. Другая хваля прыходзіць разам з бабіным летам у верасні і трымае прадаўцоў загараднай нерухомасці ў напружанні да канца кастрычніка, адзначаюць у аддзеле аналітыкі агенцтва «ТВАЯ СТАЛІЦА».


Прапанова толькі расце

Нягледзячы на тое, што рашуча настроеных і актыўных пакупнікоў з прыходам вясны становіцца прыкметна больш, але дакладна гэтаксама павялічваецца і колькасць прапанаваных на продаж аб'ектаў. У выніку чаго прапанова ўсё ж працягвае значна пераважаць над попытам, а пакупнікі з кожным годам усё больш арыентуюцца на бюджэтныя варыянты, становяцца ўсё больш пераборлівымі.

Попыт на загарадныя дамы і дачы ёсць, але ён увесь час слабее і «мадэрнізуецца». Напрыклад, апошнімі гадамі ідзе пераарыентацыя кліентаў з дамоў на дачы ў мэтах мінімізацыі кошту набыцця. Прамы вынік гэтага — зніжэнне колькасці заявак на куплю дамоў у Мінску і яго самым блізкім прыгарадзе за мінулы год ажно на 20%. А аб'ём прапановы наадварот павялічыўся прыкладна на 10%. Гаворачы ў цэлым, варта адзначыць, што зараз пакупнікі са сталіцы разглядаюць аб'екты не толькі ў межах 30 кіламетраў, але і нават 50 кіламетраў ад МКАД.

На падставе тыповых запытаў пакупнікоў і тэрытарыяльнага размяшчэння населеных пунктаў побач з Мінскам можна вылучыць тры зоны асаблівага спажывецкага інтарэсу: да 5 км, каля 15 км і 30 км ад МКАД. Структура дач і дамоў, якія прапаноўваюцца з года ў год на продаж, вельмі неаднародная. Змена тэндэнцый тут адбываецца вельмі марудна, бо загарадная нерухомасць не мае такой ліквіднасці, як, скажам, кватэры ў горадзе. І таму іх самастойны продаж можа працягвацца гадамі.

Але гэта зусім не значыць, што яны не патрэбныя. Хутчэй наадварот — для адпачынку людзі ўсё часцей аддаюць перавагу ўласнаму кутку на прыродзе. Але цэны, якія выстаўляе большасць прадаўцоў, як правіла, завышаныя. Ім і сёння яшчэ вельмі цяжка прызвычаіцца да рэальных цэн і аб'ектыўна вызначыць рынкавы кошт. Да таго ж большасць прадаўцоў загарадных дач і дамоў чакаюць вясну ў надзеі, што сёлета знойдзецца менавіта іх пакупнік з грашыма. Аднак сезоннасць ім па частцы цаны ўжо не памочніца. Як мінімум з 2009 года на рынку «фазэндавай» нерухомасці працягваецца патанненне любых жылых аб'ектаў.

Не трэба арыентавацца на сабекошт

Як правіла, пры вызначэнні пачатковай цаны прадаўцы падлічваюць свае фінансавыя ўкладанні, глядзяць на самыя дарагія прапановы продажу аналагічных дамоў, прыплюсоўваюць да заяўленай цаны каля 10% і выстаўляюць дачу на продаж. Але цуду не адбываецца. І толькі бліжэй да канца восені прыходзіць разуменне, што «нешта пайшло не так».

Як паказвае практыка апошніх гадоў, ва ўмовах зніжэння попыту і павелічэння прапановы ў абсалютнай большасці выпадкаў затраты пры продажы не акупляюцца. Спецыялісты ўпэўнены, што такія адмоўныя вынікі ранейшых інвестыцый будуць назірацца на гэтым рынку нават у сярэднетэрміновай перспектыве. Прадаўцы, якія лічаць інакш, рана ці позна будуць вымушаны зніжаць цэны да прымальнага для рынку ўзроўню. Гэта былі слушныя парады прадаўцам.

Што хочуць пакупнікі

Пакупнікам сёння таксама трэба спачатку вызначыцца, дзеля чаго ім патрэбна гэтая дача. Самыя танныя аб'екты будуць для тых, каму дача патрэбна выключна для адпачынку ў летні сезон. Агарод там не патрэбен увогуле. Пажадана мець некалькі дрэў і кустоў, а таксама дагледжаны газон. Там можа быць невялікі летні домік, магчыма, нават шчытавы. Такая сапраўды бюджэтная дача на адлегласці 30—50 кіламетраў ад сталіцы можа каштаваць сёння нават да 5 тысяч долараў.

Калі выбіраецца нерухомасць з прысядзібным участкам, на якім можна весці сезонную гаспадарку, то яна павінна адпавядаць ужо іншым крытэрыям. Памер участка тут пажадана мець ад 10 сотак. Для пастаяннага пражывання з красавіка па кастрычнік на ўчастку неабходна мець мультысезонную дачу або вясковы дом, дзе абавязкова ёсць стацыянарная крыніца вады і ацяплення. Сярэдні цэннік такога аб'екта да 50 кіламетраў ад Мінска вагаецца цяпер ад 10 да 20 тысяч долараў.

Для сапраўды камфортнага адпачынку ў любы сезон на ўчастку павінен стаяць немаленькі дом або сучасная двухузроўневая дача. Тут каналізацыя, санвузлы, тэлебачанне, інтэрнэт і іншыя атрыбуты цывілізацыі іграюць зусім не апошнюю ролю. Падобная загарадная пабудова нават у бюджэтным выкананні будзе каштаваць ад 20 тысяч долараў і даражэй.

Выбар на любы густ

«Калі летась недарагія дачы пад Мінскам былі ў пашане, то цяпер нават самыя танныя аб'екты людзі глядзяць, але адкладаюць куплю», — расказвае дырэктар агенцтва нерухомасці «Загарадны дом» Уладзімір ЧАРНУШЭВІЧ. — Дзе цана рэальная, або ніжэйшая за рынкавую, там і купляюць».

Уладзімір Чарнушэвіч упэўнены: попыт на нерухомасць — гэта барометр стану эканомікі. Сёлета, нягледзячы на раннюю вясну і сухія дарогі, попыт на дачы мінімальны.

— Садовыя домікі ў гэты перыяд заўсёды былі запатрабаваныя, добра прадаваліся. Але сёлета тут назіраецца самы крызісны сезон, найцяжэйшы і правальны, — кажа эксперт. — І калі людзі купляюць дачу, то толькі пасля таго, як нешта прададуць. Напрыклад, прадалі сваю дачу, дадалі пару тысяч і купілі новую. Або кватэру прадалі, а дачу купілі. Але чыстых пакупак мала. Асаблівасць цяперашняга сезону і ў тым, што нават самую танную дачу глядзяць па некалькі разоў, гандлююцца, чакаюць і не спяшаюцца купляць.

Разам са спецыялістам мы вырашылі «праінспектаваць» дачы, размешчаныя ў межах 40 кіламетраў ад Мінска і не даражэйшыя за 15 тысяч долараў.

Уладзімір Чарнушэвіч расказаў, што попыт усё ж ёсць, але на бюджэтныя дачы, размешчаныя па ходзе электрычкі, або з добрымі пад'язнымі шляхамі для аўтамабіля. Самым недарагім па-ранейшаму застаецца пухавіцкі напрамак.

Дача на адлегласці 40 км ад МКАД прадаецца за 6500 долараў у эквіваленце. Дом драўляны, двухпавярховы, агульнай плошчай 57,5 «квадрата». Ацяпленне пячное, вада сезонная, прыбіральня на вуліцы. Участак — 7 сотак. Ёсць склеп, хлеў, цяпліца. У іншым таварыстве гэтага кірунку (35 км ад МКАД) дачу прапаноўваюць за 7300 долараў. Дом двухузроўневы, 48 квадратных метраў. Ацяпленне пячное. Участак — 4 соткі, ёсць сад, гаспадарчыя пабудовы.

У таварыстве за 20 км ад МКАД на маладзечанскім напрамку невялікую дачу прадаюць за 9900 долараў. Дом зборна-шчытавы, 25 квадратных метраў, абабіты вагонкай. У аб'яве сказана, што на ўчастку ёсць цэнтральны водаправод. На магілёўскім напрамку (24 км ад МКАД) прадаюць дачу за 14 000 долараў. Дом цагляны, унутры абабіты вагонкай. Вада і святло ў хаце. Участак — 6 сотак.

Трэнд на арэнду

Махнуць на прыроду, пакупацца, пасядзець каля вогнішча... Для гэтага сёння неабавязкова мець дачу ва ўласнасці. Можна проста зняць яе на лета. Здымаюць сёння такую нерухомасць звычайна маладыя сем'і з дзецьмі, бо на больш дарагі адпачынак у іх не хапае грошай. На сайтах і ў газетах сёння хапае аб'яў аб доўгатэрміновай арэндзе на летні сезон з красавіка па верасень, дзе будучыя кватаранты гатовы плаціць за 5—6 месяцаў тысячу рублёў. Атрымліваецца, што такі адпачынак на прыродзе (пражыванне) будзе каштаваць сям'і 85—100 долараў на месяц.

Прапаноў здымных дач па такім кошце сёння на рынку хапае, але ўзровень камфорту і якасць падобнага жылля не заўсёды адпавядае нават нашым стандартным запытам. У большасці выпадкаў гэта маленькія старыя домікі з прыбіральняй-шпакоўняй на вуліцы, вадой са студні ці калонкі дзесьці за межамі ўчастка, газавым балонам у доме. Праўда, у большасці выпадкаў гаспадары запэўнівалі: ёсць мэбля, месца для шашлыкоў, тэлевізар, халадзільнік і нават побач рэчка.

Калі ў сям'і маленькія дзеткі, то для гарадскіх жыхароў такі варыянт не зусім падыходзіць. За 170—200 долараў можна адшукаць і больш прымальны варыянт — з гарачай вадой у доме. Напрыклад, у Лагойскім раёне дачу на 6 сотках з помпай і бойлерам па такім кошце прапануюць здымаць з мая па верасень. Увогуле, за 200 долараў сёння можна зняць не толькі добра ўладкаваную мэбляй і тэхнікай дачу, але нават двухпавярховы індывідуальны дом у 10-кіламетровай зоне ад Мінска. У хаце там будуць бойлер, прыбіральня, душавая. Пры хаце — сад.

Адпачынак па-багатаму

Спецыялісты адзначаюць, што практычна адсутнічаюць прапановы ў коштавым дыяпазоне 450—650 долараў. Попыту на такія дачы фактычна няма. Сярэдняму класу гэта дарагавата, а багатыя людзі альбо ўжо купляюць самі загарадны дом, альбо гатовыя плаціць і больш, але патрабуюць максімальны набор паслуг. Гэта значыць ім патрэбныя ўжо не зусім дачы, а хутчэй паўнавартасныя загарадныя катэджы. А агенцтвы сёння прапануюць багатым, напрыклад, катэджы па 700—1100 долараў на месяц. Гэта новыя капітальныя будынкі, не менш за 150 квадратных метраў агульнай плошчы, дзе звычайна 3—7 пакояў, з вельмі прыстойнай мэбляй, добрай кухняй, з усімі выгодамі, з гаражом, камінам, лазняй, спадарожнікавым тэлебачаннем, з участкам ад 15 сотак і шмат чаго яшчэ. Не хапае, мабыць, толькі ананасаў...

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Дачны адказ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.