Вы тут

Кіеў: кропкі над «і»


У сталіцы Украіны адбылася сустрэча дэлегацый краін—удзельніц 62-га песеннага шоу «Еўрабачанне».


Дэлегацыі прадставілі арганізатарам пакеты матэрыялаў, неабходных для падрыхтоўкі выступленняў усіх канкурсантаў. Украінскі бок, у сваю чаргу, прэзентаваў канцэпцыю будучага шоу і макет сцэны, а таксама правёў экскурсію па Міжнародным выставачным цэнтры, дзе і адбудуцца ўсе канцэрты «Еўрабачання-2017». Акрамя таго, арганізатары расказалі, што сёлета ў здымках візітных картак артыстаў будуць задзейнічаны тэлекампаніі ўсіх краін—удзельніц конкурсу, а галоўнай ідэяй гэтых відэаролікаў стануць шчырыя эмоцыі выканаўцаў.

Адной з апошніх вызначылася са сваім музычным прадстаўніцтвам Расія. Літаральна ў мінулыя выхадныя па выніках унутранага адбору было названа імя Юліі Самойлавай. 27-гадовая спявачка — фіналістка расійскага музычнага тэлепраекта «Фактар А» (2013 год) і ўладальніца імянной прэміі Алы Пугачовай, удзельніца цырымоніі адкрыцця зімовых Параалімпійскіх гульняў-2014, лаўрэатка і пераможца шматлікіх музычных конкурсаў і фестываляў. А яшчэ Юлія Самойлава — інвалід І групы, у яе складаны дыягназ — спінальная аміятрафія Вердынга-Гофмана, і з падлеткавага ўзросту спявачка перасоўваецца толькі на інваліднай калясцы. Пры гэтым яна не прымае шкадавання ў свой адрас, цвяроза ацэньвае ўласныя магчымасці, займаецца любімай справай і дасягае пастаўленых мэт.

Неўзабаве пасля абвяшчэння расійскага ўдзельніка разгарэўся скандал: украінскія ўлады адзначылі, што спявачцы можа быць забаронены ўезд ва Украіну з-за парушэння законаў аб перасячэнні дзяржмяжы — некалькі гадоў таму дзяўчына выступала ў Крыме, трапіўшы туды без спецыяльнага дазволу. Еўрапейскі вяшчальны саюз паведаміў наконт гэтага, што цалкам паважае і разумее законы Украіны, але са свайго боку не мае ніякіх прэтэнзій да расійскай дэлегацыі і не бачыць парушэнняў з яе боку. Канчатковае рашэнне наконт расійскай удзельніцы мусіць быць агучана ў найбліжэйшыя дні.

Адзначым, што ў выпадку станоўчага рашэння праблемы Юлія Самойлава стане далёка не першай артысткай з абмежаванымі магчымасцямі на сцэне «Еўрабачання». Так, у 2015 годзе Польшчу прадстаўляла спявачка Моніка Кушыньска, якая апынулася ў інвалідным крэсле пасля аўтааварыі, а ад Фінляндыі выступіў панк-гурт, усе ўдзельнікі якога мелі затрымкі ў развіцці. Таксама ў 2008 годзе Грузію прадстаўляла невідушчая артыстка Дзіяна Гурцкая.

Дарэчы, што да пераможцы ўкраінскага нацыянальнага адбору — рок-гурта О.Tоrvаld, — то высокае месца ў выніковай табліцы вакалісту Яўгену Галічу і ягонаму калектыву не прадракаюць нават самыя ўпартыя аптымісты. Прынамсі, у абноўленых прагнозах міжнародных букмекерскіх кантор пальма першынства на сёння аддаецца італьянцу Франчэска Габані, які выступае разам... з гарылай (дакладней, з чалавекам у касцюме прымата) і высмейвае перайманне сучаснікамі чужых звычак і каштоўнасцяў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».