Вы тут

Новыя-старыя падыходы да тары


У Беларусі распрацавана галіновая стратэгія абыходжання з камунальнымі адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі (ДМР) да 2035 года. Пра гэта расказаў начальнік упраўлення дзяржаўнай установы «Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў» Анатоль ШАГУН. Дакумент ужо падрыхтаваны, у лютым ён прайшоў стадыю грамадскага абмеркавання і быў дапрацаваны, а ў хуткім часе павінен паступіць на разгляд ва ўрад.


— Мэта стварэння галіновай стратэгіі — выкананне задач, абазначаных у Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця, зацверджанай у 2015 годзе, — расказаў Анатоль Шагун. — Згодна з гэтым дакументам, ужо ў 2020 годзе паказчык перапрацоўкі ДМР павінен складаць 25 працэнтаў ад агульнай масы цвёрдых камунальных адходаў. У 2025 годзе яго трэба давесці ўжо да 35 працэнтаў, а ў 2030-м — да 40. Сёння ён складае 15,6 працэнта. Аналіз сітуацыі з другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі паказвае, што для дасягнення гэтых паказчыкаў нам трэба змяніць некаторыя падыходы. Цяпер у Беларусі фактычна развіваецца толькі адзін сегмент работы — так званы рэцыклінг, калі другасная сыравіна збіраецца і перапрацоўваецца ў прыгодны для выкарыстання тавар. Гэта дазволіць нам перапрацоўваць максімальна не больш за 25 працэнтаў агульнага аб'ёму камунальных адходаў за год. У краінах ЕС ёсць і іншыя методыкі, якія дазваляюць забяспечваць да 100 працэнтаў іх выкарыстання. Менавіта ўкараненне новых тэхналогій і з'яўляецца галоўнай мэтай падрыхтаванага дакумента.

Галіновая стратэгія абыходжання з камунальнымі адходамі і ДМР уключае ў сябе пяць ключавых модуляў. Першы прадугледжвае меры па ўдасканаленні існуючай сістэмы збору другаснай сыравіны: мадэрнізацыю сістэмы збору адходаў, пераход на больш прадуктыўныя яго спосабы, аптымізацыю колькасці палігонаў па захаванні смецця, набыццё новай тэхнікі.

Другі модуль прапаноўвае ўкараненне дэпазітнай (залогавай) сістэмы на спажывецкую ўпакоўку. Падобны падыход функцыянаваў у адносінах да шкляной тары ў часы СССР: здаючы бутэлькі ў пункт прыёму, пакупнік вяртаў іх залогавы кошт. Па словах Анатоля Шагуна, тады сістэма мела шмат недахопаў, якія плануецца ліквідаваць у новым праекце. Мяркуецца, што дэпазітная сістэма дазволіць давесці паказчык вяртання тары да 80 працэнтаў (сёння ён складае каля 25 працэнтаў). На рэалізацыю праекта адведзена 1,5—2 гады, ён павінен ахапіць усю краіну. Вяртаць можна будзе не толькі шкляныя бутэлькі, але і ПЭТ-тару, а таксама бляшанкі з-пад напояў.

Трэці пункт стратэгіі датычыцца выкарыстання камунальных адходаў у якасці паліва. Існуюць два варыянты рэалізацыі: або простае спальванне несартаванага смецця, або стварэнне з адходаў, якія не падлягаюць перапрацоўцы, цвёрдага паліва RDF. Асноўным яго спажыўцом з'яўляюцца цэментныя заводы. Урадам ужо зацверджана канцэпцыя выкарыстання RDF на наступныя гады. Чацвёрты модуль закранае аспект выкарыстання біялагічных адходаў. Іх можна адсейваць на першым этапе механічнай сарціроўкі і далей кампаставаць на палігонах замест мінеральнага грунту, што працягвае тэрмін службы такіх пляцовак.

У асобны, пяты, модуль вылучаны рашэнні па абыходжанні з адходамі ў сталіцы. Распрацоўшчыкі дакумента прапанавалі стварыць заводы па спальванні смецця для атрымання з яго цеплавой і электрычнай энергіі. За год у Мінску на захаванне перадаецца каля 1 мільёна тон адходаў, пры гэтым магчымасці па будаўніцтве новых палігонаў вельмі абмежаваны. Акрамя таго, вялікую ролю грае і кошт транспарціроўкі. Завод па спальванні смецця дазволіць у разы скараціць аб'ёмы захавання адходаў (попел і шлак, што застаюцца пасля перапрацоўкі, складаюць усяго 10 працэнтаў ад першапачатковага аб'ёму). Аб'ект такога ўзроўню каштуе вялікіх грошай, таму яго рэалізацыя магчыма пры ўдзеле замежных інвестараў. Арыенціровачны тэрмін ажыццяўлення — пасля 2020 года.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Выкінуць нельга. Здаваць

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.