Вы тут

Як дарожную сетку рыхтуюць да цёплага перыяду


Пакуль мы радуемся першым цёплым дням, для прадстаўнікоў дарожных службаў пачынаецца па-сапраўднаму гарачы перыяд. Неабходна навесці парадак на прыдарожных тэрыторыях і галоўнае — разабрацца з наступствамі зімы, якая пакідае за сабой след у выглядзе ям і няроўнасцяў на дарогах.


Па словах намесніка генеральнага дырэктара ГВА «Гаррамаўтадар Мінгарвыканкама» Анатоля ЖАМОЗДЗІКА, зараз на тэрыторыі сталіцы без выхадных і перапынкаў на святы працуе 12 рамонтных брыгад. З пачатку года ўжо быў праведзены ямачны рамонт на 12 тысячах кв. м дарог. Пакуль умовы надвор'я не дазваляюць пачаць бягучы рамонт з поўнай заменай палатна, яшчэ неабходна ажыццявіць абследаванні і дыягностыку, аднак спіс вуліц, дзе ён будзе праведзены, рыхтуецца. Работы пачнуцца ў другім квартале. Ужо вядома, дзе будзе прымяняцца навінка мінулага сезона — пакрыццё з выкарыстаннем шкловалакна, — на вуліцах Адзінцова, Акадэмічнай, Казінца і Лагойскім тракце.

Пасля заканчэння зімовага сезона можна падвесці вынікі ўкаранення снегаплавільнага пункта, які быў уведзены ў работу ў мінулым снежні. На яго долю прыйшлося каля 90 тысяч куб. м снегу з агульнай колькасцю ў 370 тысяч. Пункт абслугоўвае Заводскі, Ленінскі і Партызанскі раёны, а таксама Шабаны і МКАД. Сёлета праблем з вывазам і ўтылізацыяй снегу не ўзнікла, паколькі зіма была не вельмі багатай на ападкі.

Начальнік упраўлення правядзення работ і ўтрымання дарожнай сеткі РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» Дзмітрый ДЗЕМІДОВІЧ расказаў, што ў гэтым годзе ў Мінскай вобласці на дарогу будзе наносіцца разметка з ужываннем святловяртальных элементаў ад Swаrоvskі — адной з самых вядомых кампаній у свеце, якія займаюцца вытворчасцю і апрацоўкай крышталёў. Дарожная разметка абнаўляецца штогод, на яе ідзе трэцяя частка ўсіх выдаткаў прадпрыемства.

— Ёсць тры тыпы разметкі: тэрмапластык, пластык халоднага нанясення і эмаль. Самы танны спосаб, але недаўгавечны, — эмаль. Яго хапае прыкладна на паўгода. Пластык служыць даўжэй — да пяці-сямі гадоў, але і кошт яго ў разы вышэйшы. Тэрмапластык выкарыстоўваюць на новых або цалкам адрамантаваных участках дарогі, а абнаўляюць разметку эмаллю, — адзначыў Дзмітрый Дземідовіч.

У Мінскай вобласці ўжо ачышчана каля 50% прыдарожных тэрыторый, усе работы вясновага цыкла павінны быць завершаны да 25 красавіка.

Дар'я КАСКО

kаskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Крышталі не на ўпрыгажэнні, а на разметку

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.