Вы тут

76-гадовы палкоўнік у адстаўцы працуе ў музеі Мінска


Прапусціць праз сэрца — такі прынцып палкоўніка ў адстаўцы Уладзіміра Фалецкага, які больш за 30 гадоў аддаў самаахвярнаму служэнню Айчыне.

Ветэран Узброеных Сіл СССР чвэрць стагоддзя працуе ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Яго называюць «залатым фондам» музея і прымаюць персанальныя заяўкі як на экскурсавода.


Уладзімір Палікарпавіч прыйшоў у музей ужо ў сталым узросце, але дзякуючы карпатлівай працы за кароткі час асвоіў аб'ёмны матэрыял па гісторыі Вялікай Айчыннай, не саромеўся вучыцца экскурсійнай справе ў маладых, але больш вопытных калег.

Захоплены, творчы чалавек, ён увесь час працуе над сабой. Пры падрыхтоўцы да экскурсій шмат чытае дакументальных матэрыялаў, мемуарнай літаратуры, вывучае ўспаміны ветэранаў, пастаянна карыстаецца дакументамі фондаў музея. Уладзімір Фалецкі валодае рэдкім дарам — умее выклікаць прыхільнасць да сябе ў слухачоў, наведвальнікаў музея, пераканаць іх у гістарычнай праўдзе аб мінулай вайне.

Паспяхова валодаць прафесіяй музейнага работніка яму дапамагае ўвесь яго шматгадовы жыццёвы шлях. Уладзімір Палікарпавіч па праву называе сябе дзіцем вайны: ён нарадзіўся ў маі 1940 года ў вёсцы Рассвет Акцябрскага раёна, што на Гомельшчыне. З пачаткам Вялікай Айчыннай яго сям'я, як і тысячы іншых, спазнала ўсе жахі нямецкай акупацыі. Але ўсё ж самым яркім успамінам дзяцінства для Уладзіміра стаў дзень вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, калі на ўскрайку яго вёскі спыніўся савецкі танк. І хлапчукі, сярод якіх быў і малалетні Валодзя, навыперадкі беглі да баявой машыны, зачаравана глядзелі на яе, узбіраліся на браню, прымяралі танкавыя шлемафоны. Стаць танкістам з тых часоў стала запаветнай марай Уладзіміра.

У 1960 годзе ён быў прызваны служыць у гвардзейскую вучэбную танкавую дывізію, што ў Печах. Менавіта франтавік Браніслаў Карпенка (цяпер ён узначальвае ветэранскую арганізацыю Ленінскага раёна сталіцы) даў сельскаму хлопцу сапраўдную пуцёўку ў вайсковае жыццё, падтрымаў імкненне юнака стаць афіцэрам. Уладзімір Фалецкі скончыў курсы па падрыхтоўцы камандзіраў узводаў, экстэрнам здаў экзамены ва Ульянаўскім танкавым вучылішчы. Ініцыятыўны і старанны афіцэр шмат гадоў паспяхова служыў на розных камандна-палітычных пасадах, аб чым сведчыць ордэн «За службу Радзіме ва Узброеных Сілах СССР» 3-й ступені.

Незабыўная старонка ў біяграфіі Уладзіміра Фалецкага — два гады, праведзеныя ў Афганістане. Будучы начальнікам палітаддзела 5-й гвардзейскай мотастралковай дывізіі, ён не раз удзельнічаў у аперацыях супраць душманаў, асабістым прыкладам натхняў воінаў-гвардзейцаў на паспяховае выкананне баявых задач. За праяўленыя мужнасць і адвагу афіцэр узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Па вяртанні на Радзіму служыў на адказнай пасадзе ў Гомельскім аблваенкамаце. Тут глыбокія і незагойныя раны ў яго лёсе пакінуў Чарнобыль. З першых дзён страшнай бяды, якая нечакана прыйшла ў нашу краіну, ён разам з іншымі ўдзельнічаў у шырокамаштабных ліквідацыйных работах на тэрыторыі вобласці.

Унукі Уладзіміра Палікарпавіча па прыкладзе дзеда сваё жыццё прысвяцілі служэнню Айчыне. Старэйшы скончыў Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча і ваенны факультэт БДУ, цяпер ён маёр, намеснік камандзіра батальёна. Другі ўнук — капітан, пасля заканчэння Ваеннай акадэміі праходзіць службу ў пагранічных войсках.

У штомесячным часопісе Міністэрства абароны СССР «Военный вестник» у свой час тады яшчэ гвардыі падпалкоўніку была прысвечана публікацыя. У артыкуле ёсць радкі, якія ярка характарызуюць афіцэра: «Кола заняткаў падпалкоўніка Фалецкага такое шырокае, што цыркулем дваццаці чатырох гадзін акрэсліць яго немагчыма. Ён вырашае службовыя справы ў штабе і ў полі, да яго прыходзяць людзі дадому ў любы час сутак, а нярэдка ён сам выязджае за многія кіламетры ад гарнізона, каб разабрацца ў чыімсьці лёсе. Праблемы і задачы навальваюцца на яго з усіх бакоў. І ўсё трэба зразумець, прапусціць праз сэрца, ні ад чаго нельга адмахнуцца...»

Мікалай ШАЎЧЭНКА, член Беларускага саюза журналістаў

Загаловак у газеце: Прапусціць праз сэрца...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».