Вы тут

Як палепшыць умовы для прадпрымальнікаў


Амаль тры тыдні мінула, як Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ўвяло мараторый на праверкі. Галоўная мэта гэтага кроку — пазбегнуць дублюючых функцый з сумежнымі службамі-кантралёрамі. У такім рэжыме ведамства прапрацуе да выхаду ўказа Прэзідэнта па кантрольна-нагляднай дзейнасці. Чакаецца, што наноў распрацаваныя падыходы прывядуць да адкрыцця новых прадпрыемстваў і прытоку інвестыцый, а таксама развіцця канкурэнцыі. Але гэта толькі першы крок да паляпшэння бізнес-клімату ў краіне. Якімі бачацца наступныя дзеянні? Пра гэта паразважаў Уладзімір КАРАГІН, старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва.


— На ваш погляд, калі не праверкамі, то якім чынам варта рэгуляваць дзейнасць прадпрымальнікаў?

— Праверкі — гэта самая прымітыўная частка працэсу рэгулявання працы прадпрымальнікаў. Актыўная праверачная дзейнасць кантрольных органаў — а іх у нас больш за 60 — стварае абстаноўку боязі і недаверу. Гэта ўплывае на дзелавы клімат, на настрой бізнесмена, якога такая атмасфера можа дэматываваць. Між іншым, вядзенне ўласнай справы — гэта творчасць, для якой таксама важныя камфортныя ўмовы. Уявіце, што музыканту перад канцэртам сапсуюць настрой. У яго будуць дрыжаць рукі. Як ён тады сыграе?

Дзейнасць прадпрымальніка пастаянна спалучаецца з рызыкай. Сусветная статыстыка паказвае, што ў першы год пасля адкрыцця 80% фірмаў прыходзяць да банкруцтва. Нават у Амерыцы! А там сістэма падтрымкі бізнесу наладжана даўно. Бізнесмены, як маладыя парасткі, што прабіваюцца скрозь асфальт, могуць трапіць у неспрыяльны клімат. Таму мы падтрымліваем рашэнне Прэзідэнта перагледзець заканадаўства, сістэму рэгулявання бізнесу.

Што датычыцца альтэрнатывы сістэмы рэгуляцыіі, тут перш-наперш трэба гаварыць пра вынясенне папярэджанняў, а ўжо пасля пра выпісванне штрафу. Хоць у ідэале варта працаваць на апярэджанне: больш кансультаваць. Часцей за ўсё прадпрымальнік не робіць нічога крымінальнага. А за дробныя памылкі ці варта адразу ж караць рублём? Магчыма, у памылцы чалавека можа хавацца заканадаўчая хіба, калі яна неаднаразова сустракаецца.

Сёння ў маленькім прыдарожным кафэ, каб сасмажыць яечню, павінны быць тры асобныя халадзільнікі: для яек, для мяса і для агародніны. І дранікі робяць з бульбяной мукі, зробленай у Германіі ці Польшчы, а не з сырой беларускай бульбы, бо для гэтага трэба мець некалькі мыечных пакояў. Але калі ўсё выканаць, ці магчыма з такой кавярні атрымаць прыбытак? І якім будзе кошт страў? Пры нармальнай канкурэнцыі цэны рэгулюе спажывец. Бо ён — апора малога і сярэдняга бізнесу. Бізнес развіваецца толькі тады, калі ўлічаны інтарэсы спажыўцоў.

— І ўсё ж зараз актыўна ўзяліся за вырашэнне набалелых пытанняў...

— Калі казаць аб спрашчэнні, патанненні, скарачэнні тэрмінаў выканання адміністрацыйных працэдур, якіх больш за 750, — то над гэтым, а таксама над скарачэннем колькасці абавязковых ліцэнзій, працуе спецыяльна створаная група на чале з першым намеснікам прэм'ер-міністра Васілём Мацюшэўскім. Ствараецца таксама спецыяльны электронны рэсурс з пакрокавай інструкцыяй, у якія інстанцыі трэба прыйсці, каб аформіць уласную справу. Напрыклад, каб стварыць кафэ, трэба прайсці «квэст» у 25 пунктаў. 30% прадпрымальнікаў спыняюцца на палове шляху, а колькі згублена часу і сродкаў!

Але галоўнае пытанне — складанасці ў планаванні спраў. Шмат здзелак заключаюцца на тры, а то і пяць гадоў наперад, так званыя ф'ючарсныя. Напрыклад, збожжа. Яно прадаецца на біржах, грошы паступаюць вытворцу, ён набывае тэхніку і пасля вырабляе прадукт на заказ. Калі эканамічны стан у краіне зменлівы, мы ўжо не можам так далёка планаваць, асабліва калі гэта датычыцца аптовых закупак.

Сёння не хапае прадпрымальнікаў, здольных стварыць працоўнае месца для сябе і яшчэ хоць бы для аднаго чалавека. Не хапае ва ўсім свеце. Іншыя краіны з задавальненнем прымуць беларускіх прадстаўнікоў бізнесу, але нам жа іх трэба затрымаць тут. Бо ад іх поспехаў залежыць дабрабыт краіны. Бізнесмен павінен адчуваць не страх і рызыку, а падтрымку, тое, што за ім стаіць увесь беларускі народ, які справядліва ацэньвае зробленую ім пякельную працу.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Фота БЕЛТА

Загаловак у газеце: Задаволіць спажыўца

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».