Вы тут

Традыцыі неперарваная стужка


Самы старажытны свяшчэнны тэкст, які мае беларускае паходжанне, — гэта Полацкае евангелле ХІІ—ХІІІ стст. Аднак пільнай увагі даследчыкаў заслугоўваюць і іншыя, больш познія кнігі, таксама евангельскага зместу. Яны маюць дачыненне да гістарычнай Полаччыны, а сёння геаграфія іх знаходжання вельмі шырокая — ад Новасібірска да Кіева.


Ста­рон­ка з Ар­шан­ска­га еван­гел­ля ХІ­ІІ ст.

У першую чаргу гаворка пойдзе пра Аршанскае евангелле ХІІІ ст. Рукапіс знік з аршанскай царквы ў час Напалеонаўскай вайны (французскія салдаты выкінулі кнігу проста на снег, перад гэтым здзёршы дарагі сярэбраны аклад). У цяперашні час помнік захоўваецца ў Кіеве ў бібліятэцы Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Рукапіс моцна пашкоджаны, страчана большая частка, да нас дайшло толькі 142 аркушы без пачатку і канца. Храналогія евангельскіх чытанняў дазваляе вызначыць тып Евангелля — поўны апракас, г. зн. у першапачатковым выглядзе кніга змяшчала ўсе неабходныя службовыя тэксты, размешчаныя ў каляндарным парадку па днях года для чытання ў царкве з верасня па чэрвень. У Аршанскім евангеллі ёсць дзве мініяцюры з выявай евангелістаў Лукі і Матфея, дзве застаўкі і 310 ініцыяляў (загалоўных літар), выкананых спецыяльнай чырвонай фарбай. Даследчыкі адзначаюць падабенства мініяцюр Аршанскага евангелля да фрэсак Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку. Евангельскі тэкст напісаны на пергаменце ў два слупкі ўставам у дзве калонкі.

Нетыповым для кніжнага ілюстрацыйнага мастацтва таго часу з'яўляецца выкарыстанне тэтралагічных матываў у афармленні ініцыяляў, гэта значыць выяў птушак і звяроў.

Мова помніка царкоўнаславянская, з невялічкімі ўкрапленнямі беларусізмаў, напрыклад выпадкамі акання: съгарають, утапати, затваряете. Асабліва важнай для вызначэння месца напісання помніка з'яўляецца такая фанетычная з'ява, як цоканне (калі ў дыялекце два гукі ц і ч супадаюць у адным гуку ц). Гэтая рыса калісьці была яскравай прыкметай дыялекту старажытных крывічоў — племені, якое рассялілася па велізарных тэрыторыях паўночна-ўсходняй Славіі і ў старажытнасці фіксавалася і ў ваколіцах Полацка — цэнтра крывіцкай культуры. Так, у Дагаворнай грамаце смаленскага князя Мсціслава Давыдавіча з Рыгай і Гоцкім берагам за 1229 год мы чытаем на Гочъкомъ березе, у грамаце рыжан да віцебскага князя Міхаіла Канстанцінавіча, каля 1300 года: мець вызети ли ся силою, забылъ... своего крестнаго челования, есть миръ доконцянъ і інш., у дагаворы Полацка з Рыгай, 1407 г., таксама адзначаецца у полочку. Пісец не быў упэўнены, якую літару менавіта трэба пісаць на месцы ц і таму часта блытаў, замест ц пісаў ч і наадварот. Аналагічныя прыклады можна прывесці і з Аршанскага евангелля: отсеци (замест отсечи), оцещающе (замест очещающе), праўда, такіх выпадкаў нашмат менш, чым адзначана ў Полацкім евангеллі канца ХІІ ст. У рукапісе таксама адзначаны выпадкі зацвярдзення шыпячых і ц.

Прыналежнасць да полацкай літаратурна-пісьмовай традыцыі даказваюць і моўныя асаблівасці Друцкага евангелля XІV ст., напісанага ўставам у два слупкі. Рукапіс уяўляе сабой поўны апракас. Тэкст дайшоў да нашых дзён практычна ў першасным выглядзе, адсутнічае толькі адзін сшытак. Пасля евангельскіх чытанняў у кнізе ёсць прыпіска дзелавога характару, у якой адзначаецца дата пабудовы царквы святой Багародзіцы ў Друцку — 1001 г., але некаторымі даследчыкамі сёння яна ставіцца пад сумненне. Нягледзячы на гэта, можна сцвярджаць, што традыцыя пісьма ў Друцку як цэнтры княства мае глыбокія карані, паколькі падчас археалагічных раскопак былі знойдзены фрагменты фундамента і некаторыя прадметы царкоўнага абсталявання, у тым ліку і пісалы, яшчэ ў слаях глебы ХІІ ст. Арыгінал помніка захоўваецца ў Новасібірску.

Моўныя асаблівасці Друцкага евангелля блізкія да ўжо разгледжаных папярэдне. Непаслядоўна, але ў значнай ступені ў гэтым помніку пісьменнасці адлюстравана зацвярдзенне шыпячых, там мы знаходзім чадомъ (замест чядомъ), разумеша (замест разумешя), ища (замест ищя). У Друцкім евангеллі, як ні ў адным іншым старажытным тэксце, адзначана такая з'ява, як вакалізацыя паўгалосных (гэта значыць пераўтварэнне паўгалосных у гукі поўнага ўтварэння і адлюстраванне гэтага на пісьме). Відавочна, што гэта не было сведчаннем звышвакальнай якасці мовы пісца, проста такое напісанне спрыяла распеўнаму вымаўленню евангельскага тэксту ў царкве падчас богаслужэння: возва (замест възва), во имя его (замест въ имя его), во истину (замест въ истину), во въскрешеньи (замест въ въскрешеньи) і пад. У шырокім маштабе ў тэксце Друцкага евангелля фіксуецца такая з'ява, як цоканне, пра якую гаворка была вышэй: сынъ человець (замест сынъ человечь), наричаемого (замест нарицаемого), оце (замест отче). На чытанне ў суботу ў 17-ы тыдзень пасля Тройцы замест мудрымъ мы чытаем мыдрымъ. На першы погляд, гэта звычайная апіска. Як бы мы сказалі сёння, памылка друку. Але калі звярнуцца да дыялекталагічных атласаў, то можна ўбачыць, што на тэрыторыі Магілёўшчыны фіксуецца з'ява пераходу ы (і) у у: замест мыло там скажуць муло, замест былі — булі, менавіта адлюстраванне такога вымаўлення трапіла на старонкі старажытнага тэксту.

У Расійскай нацыянальнай бібліятэцы захоўваюцца і больш познія рукапісы XVІ ст., прыналежнасць якіх да Полацка не аспрэчваецца амаль нікім.

Гэта евангельскія тэксты для манастырскага карыстання, пісаныя паўуставам на паперы. Паколькі гэтыя кнігі не мелі строга акрэсленага літургічнага прызначэння, беларускіх моўных асаблівасцяў у іх яшчэ больш. Гэта і праявы акання (разаряше, араматы), і адлюстраванне зацвярдзення шыпячых, р і ц (близнець, корябля), і ўжо згаданае вышэй цоканне (наречается, человецскыи, биць — замест бичь), пераход о ў у (суседи).

Сабраныя па крупіцах звесткі пра старажытныя евангельскія тэксты, прыналежныя да полацкіх зямель, натуральна, не з'яўляюцца вычарпальнымі. Полаччына шмат разоў была эпіцэнтрам важных гістарычных падзей, у выніку якіх знішчаліся гістарычныя каштоўнасці, матэрыяльныя і духоўныя. На сённяшні дзень нашай задачай мы бачым актыўны ўдзел у вяртанні страчанай духоўнай спадчыны на нашу Радзіму: у пошуку і выданні старажытных рукапісаў і кнігадрукаў, вывучэнні іх, перакладзе на сучасную беларускую мову і папулярызацыі старажытных тэкстаў сакральнага зместу, што, на нашу думку, мае і навуковае, і выхаваўчае значэнне для будучых пакаленняў беларусаў.

Ірына БУДЗЬКО

Загаловак у газеце: Традыцыі неперарваная стужка...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».