Вы тут

Калі было рашэнне аб выдзяленні зямлі, акт атрымаць нескладана


З адной з вёсак Сенненскага раёна на гарачую лінію нашай газеты звярнулася ўсхваляваная заяўніца. Прасіла растлумачыць, ці праўда, што пры адсутнасці тэхнічнага пашпарта на дом ці акта землекарыстання для вядзення ўласнай гаспадаркі грамадзяніна могуць прызнаць утрыманцам.


— У нас ёсць зямля, трымаем тры каровы, здаём дзяржаве малако. Можа, закупачныя цэны нас і не задавальняюць, але ж мы тым не менш удзельнічаем у фінансаванні дзяржаўных расходаў. І што — выходзіць вось так? — пытанне жанчыны было не вельмі акрэсленым. Ці яна прымярала сітуацыю на сябе, ці пыталася для каго іншага?

Больш таго, ці то ў якасці прыкладу, ці то ў пацверджанне нечага яна цытавала матэрыял... са «Звязды» ад 15 сакавіка «Калі працуеш на зямлі. Маеш уласную гаспадарку — май юрыдычны дазвол на карыстанне ёй». У апошнім якраз вельмі падрабязна гаварылася пра тое, пра што пыталася заяўніца.

Сувязь была не вельмі добрай, а пакінуты жанчынай нумар тэлефона — няправільным. Так да канца і не зразумеўшы сутнасці звароту, мы тым не менш звязаліся з Какоўчынскім сельскім Саветам, на тэрыторыі якога размешчана вёска, дзе пражывае наша чытачка.

Кіраўнік спраў сельсавета Сяргей Цярэня імгненна прабіў па базе прозвішча заяўніцы.

— Так, у іх ёсць гектар зямлі, у гаспадарцы сапраўды тры каровы, — пацвердзіў суразмоўца. Значыць, акт землекарыстання ў заяўніцы дакладна ёсць?

— Можа, у вяскоўцаў на тэрыторыі сельсавета ёсць нейкія праблемы, пра якія не згадвала заяўніца, і гэта стала прычынай яе звароту? — спрабуем далей разабрацца ў сітуацыі.

— Праблем няма, — зноў жа імгненна адказаў Сяргей Мікалаевіч. — Па даведкі пра вядзенне ўласнай падсобнай гаспадаркі да нас пачалі звяртацца яшчэ са снежня 2015 года. База даных у нас існуе з 1992 года: самі заявы вяскоўцаў, рашэнні аб выдзяленні ім зямлі. Яна інвентарызавалася спачатку ў 1995 годзе, потым у 2002-м. Апроч таго, ёсць адпаведныя запісы ў пагаспадарчых кнігах.

Начальнік інспекцыі МПЗ па Сенненскім раёне Аляксей Станкевіч таксама быў нешматслоўны. Ён сказаў, што калі было рашэнне аб выдзяленні грамадзяніну зямлі, але па нейкіх прычынах той не аформіў дакументы, то дастаткова з гэтым звярнуцца ў сельскі Савет.

Сяргей РАСОЛЬКА

rs@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».