Рублеўская Людміла Іванаўна нарадзілася 5 ліпеня 1965 г. у Мінску. Скончыла аддзяленне архітэктуры Мінскага архітэктурна-будаўнічага тэхнікума (1984). Пра- цавала ў канструктарскім бюро на ВА «Гарызонт». Вучылася на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута ў Маскве (1986—1987), затым перавялася на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, які скончыла ў 1994 годзе. Працавала загадчыкам аддзела крытыкі ў часопісе «Першацвет», загадчыкам аддзела мовы ў газеце «Наша слова». З 1996 года — у аддзеле крытыкі штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва», з 2002 — рэдактар аддзела літаратуры. З 2003 года працуе літара- турным аглядальнікам газеты «СБ-Беларусь сегодня».
Аўтар зборнікаў паэзіі «Крокі па старых лесвіцах» (1990), «Замак месячнага сяйва» (1992), «Рыцарскія хронікі» (2001), «Шыпшына для Пані» (2007), «Вяртанне Інфанты» (2015), кніг прозы «Сэрца мармуровага анёла» (2001), «Старасвецкія міфы горада Б» (2002), «Пярсцёнак апошняга імператара» (2002), «Ночы на Пля- банскіх Млынах» (2007), раманаў «Забіць нягодніка, альбо Гульня ў Альбарутэнію» (2007), «Сутарэнні Ромула» (2010), «Дагератып» (2014), цыкла раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча» (2012—2015), кніг казак для дзяцей «Прыгоды мышкі Пік-Пік» (2000), «Карона на дне віра» (2008), драматычных паэм «Пасля Цэзара», «Апош- няя з Алелькавічаў» і інш. Аўтар зборнікаў эсэ па гісторыі Беларусі і беларускай літаратуры. Творы перакладаліся на дзясяткі моў свету, выходзілі асобныя кнігі ў Польшчы і Украіне.
Я ніколі не стану лётчыкам (Апавяданне)
Магдалена яшчэ раз азірнулася на двух дзетак, якія захоплена ўзіраліся ў сіняе-сіняе савецкае неба на плакаце з надпісам «І мы будзем лётчыкамі!»
Чаго менавіта гэты плакацік быў прышпілены трыма іржавымі канцылярскімі кнопкамі да дзверцы канцылярскай шафы ў кабінеце начальніка аддзела НКУС, было не зусім зразумела. Магчыма, гаспадар кабінета натхняўся паміж допытамі ворагаў народа, гледзячы на пухленькія замілаваныя твары плакатных дзетак: ёсць дзеля чаго змагацца, надрывацца бруднай, цяжкой, няўдзячнай працай! Магчыма, ён любіў авіяцыю і сам калісьці марыў лётаць.
Магдалена адвяла позірк ад аптымістычна яркага плаката і перарывіста ўздыхнула: няўжо дзеткі, што сочаць за аэрапланамі, стануць шчаслівейшымі, калі знікне, напрыклад, выпускнік Менскай мастацкай вучэльні Нарушэвіч Вадзім Пятровіч, які проста не вельмі ўдала намаляваў канаючага ў ванне героя камуны Марата?
Ну так, у самім сюжэце ёсць намёк на забойства Кірава, ёсць і прыкметы буржуазнага фармалізму. Дзе тут ванна, дзе паедзенае вошамі цела гераічнага таварыша Марата, дзе падступная манархістка Шарлота Кардэ са сваім атрутным кінжальчыкам — разбяры яшчэ, як ніты распушчанага рознакаляровага швэдара.
Але мастак заўсёды з’яўляецца асобай падазронай, плыткай і здрадлівай. Як паверхня дрыгвы. Мала што замаскаваўся пад урадлівую зялёную палянку... А нутро гнілое, бяздоннае!
Магдалена яшчэ раз уздыхнула і прыкусіла пазногаць. Маці калісьці мазала ёй кончыкі пальцаў гарчыцай: каб дачка пазбавілася нявартай прыстойнай дзяўчынкі звычкі абгрызаць пазногці.
Але мама далёка. А таварыш маёр Пятро Свідрыгайлаў зараз вернецца. І сказаць яму «не, я перадумала» — адмовіцца ад самой сябе, ад таго, што лічыш сваім каханнем.
Дзеля Вялікага Кахання варта ж аддаваць жыццё? Тым болей, калі гаворка — не пра жыццё, а пра...
Магдалена не з павятовых паненак старасвецкай эпохі — яна нават фоткі з зацягнутымі ў карсеты постацямі пансіянерак-гімназістак зацята павырывала з матчынага альбома і пакідала ў печку. Не хоча гэткіх продкаў! Лепей, як у бацькавым альбоме — крамяныя жанкі ў паркалёвых сукенках, з насцярожанымі шырокімі сялянскімі тварамі...
Але ж і ў іх, зняволеных працаўніц, былі свае забабоны! І яшчэ якія. Не захавала цнатлівасць да вяселля, не афарбавала прасціну ў першую шлюбную ноч у сакральную барву — уздзенуць хамут на бацькоў ды будуць вадзіць па вёсцы, ганьбячы, што дачку не дапільнавалі. А што ўжо з самой вінаватай зробяць...
Дзікунства! Магдалена вывучала фізіялогію і ведае, чым адрозніваюцца мужчыны ад жанчын. І што жаночая цнатлівасць — інструмент рэлігійнага дурману. Маленькая анатамічная падрабязнасць, якую цемрашалы ўзвялі ў ранг святыні. Яшчэ адзін ланцуг для жанчыны! Магдалена чытала раман расейскага пісьменніка Ганчарова «Адхон». Гераіня аддалася каханаму мужчыне, адважнаму рэвалюцыянеру Марку, а пасля спалохалася, падпала пад уплыў кансерватыўнага асяродку і — сушыце скошаную траву. Яна, Верачка, упадлая, загінулая, сапсаваная, як прадзіраўленае вядро. Усе плачуць, жыўцом хаваюць...
Вось глупства! Гэта ж не радзіму прадаць.
А фізіялагічны кантакт з прадстаўніком савецкіх органаў — што ў гэтым прыніжальнага? Усё роўна што медагляд разам з урокам фізкультуры.
Галоўнае — што? Галоўнае — не дапускаць і адцення думкі, што ў гэтым штосьці няправільнае, заганнае, прыніжальнае, злачыннае.
Таму што тады гэта і зробіцца прыніжэннем і злачынствам.
І зноў захочацца шукаць праўды, пісаць скаргі, уяўляць — вось, варта нажаліцца наркаму Берману, і той жахнецца — як маглі арыштаваць таленавітага камсамольца Нарушэвіча, як мог следчы Свідрыгайлаў прапаноўваць непрыстойнае камсамолцы Магдзе Парахневіч, якая праходзіла сведкай па справе? І выправіць усё таварыш Берман...
Ніхто нічога не выправіць. Спатрэбілася ўсяго два тыдні на агонію наіўнасці.
Урэшце, усе гэтыя магнаткі і шляхцянкі не пярэчылі ж, калі іх перад вяселлем правяралі на цнатлівасць, альбо пасля прылюдна яе пазбаўлялі. Пра гэта ў педтэхнікуме распавядалі на ўроку гісторыі, як прыклад распусты эксплуататарскіх класаў — калі віленскі ваявода Мікалай Радзівіл сватаўся да дачкі менскага ваяводы Крыштафа Завішы Барбары, змусіў яшчэ да вяселля, пасля заручын, даць яму «зведаць прыемную пасцель» з нявестай, да таго ж у прысутнасці шматлікіх сведкаў, бацькоў-Завішаў, суседзяў, прыслугі...
Вось дзе ганьба!
А Вадзім будзе вольны. Маленькае непаразуменне выправіцца, і мастак Нарушэвіч працягне ствараць свае дзіўныя палотны... Не робячы, вядома, такіх жудасных памылак, як на карціне з Маратам, цалкам адмовіўшыся ад буржуазнага фармалізму. Магчыма, пачне маляваць вось такія прыгожыя плакацікі з савецкімі дзеткамі і аэрапланамі.
Магдалена ганарыста ўскідвае галаву і спрабуе страсянуць каротка стрыжанымі русявымі валасамі. Як рэвалюцыянерка на барыкадзе французскіх камунараў.
Атрымліваецца, напэўна, не надта велічна. Няма ў яе больш русявай касы, якая так падабалася Вадзіму. Абрэзала — пасля першага ж візіту сюды і звароту «барышня». Хацелася выглядаць больш сурова, па-пралетарску. І менш прывабна.
Адзін з белых гольфаў здрадліва споўз да шчыкалаці, зморшчыўся бездапаможна... І, вядома, якраз у той момант, як Магдалена нагнулася, каб яго падцягнуць, і расчыніліся дзверы кабінета.
Цікава, або таварыш Свідрыгайлаў валодае карысным для разведчыкаў уменнем хадзіць бязгучна, альбо гэта яна, Магдалена, так разнервавалася, што не пачула крокаў у гулкім калідоры Канторы.
Гэты будынак у горадзе называлі амаль багавейліва — Кантора. З вялікай літары.
А таварыш Свідрыгайлаў зусім не брыдкі. Лысаваты, нізкаваты, слінявыя адтапыраныя вусны... Затое... Затое ён узначальвае аддзел НКУС. І менавіта ад яго залежыць лёс маладога пшанічначубага мастака Вадзіма.
Што кепскага ў тым маёры Свідрыгайлаве? Магдалена чакала — раз выклікалі на допыт, будуць, як з ворагам, яна ж сяброўка злачынцы, а следчы ні разу голас не падвысіў. Калі адмовілася пацверджваць віну Вадзіма — прапанаваў дапамогу, спачуваў, даў самой вырашыць — падумай, дзяўчынка, ці варта трымацца такога ідэйна няўстойлівага юнака?
У таварыша маёра таксама ёсць маці, магчыма, і жонка...
Здаецца, заручальны пярсцёнак паблісквае на караткапалай руцэ з чорнымі валаскамі? Значыць, жонка ёсць... І дзеці, магчыма...
Два аэрапланы на плакаце заклалі чарговы круты віраж на фоне бязвоблачнага савецкага неба.
Магдалене дужа захацелася апынуцца ў кабіне аднаго з гэтых крылатых апаратаў. Высока над зямлёй. У абдоймах ветру і з п’янкой адарванасцю ад усяго.
Але давялося ўстаць з цвёрдага (толькі ўстаўшы, разумееш, да чаго цвёрдага) зэдліка і, намагаючыся трымацца годна, адказваць, гледзячы ў нібыта бясколерныя вочы маёра дзяржбяспекі Свідрыгайлава «Так, я падумала, я згодная».
Калі б Вадзім быў не такі сарамлівы і далікатны... Магчыма, у іх з Магдай зайшло б далей, чым тры пацалункі, і цяпер яна пачувалася б лягчэй.
Магдалена памятала кожны з гэтых пацалункаў.
Першы, з прысмакам веснавога ветру — на ганку бібліятэкі імя Пушкіна, пасля сустрэчы з Якубам Коласам. Усе разышліся, а яны, нядаўнія слухачы, што выпадкова апынуліся на суседніх крэслах, яшчэ амаль незнаёмыя, усё спрачаліся, ці праўда герой трылогіі «На ростанях» Лабановіч — рэакцыйны персанаж, мяккацелы інтэлігент, як даказвалі народныя крытыкі на сустрэчы, і дзядзька Колас памыліўся, паддаўся буржуазнаму нацыяналізму.
Вадзім народным крытыкам не верыў. Як і будучай настаўніцы Магдалене. І заторкнуў ёй рот пацалункам. Кароткім, як стрэл, і гэткім жа аглушальным. І сам, адкаснуўшыся, застыў, спалоханы сваёй смеласцю. А Магдалена яму — па шчацэ... З усяго размаху... Як у раманах.
Другі пацалунак быў са смакам вішні.
Яны елі вішні ў майстэрні, дзе выпускнікі мастацкай вучэльні шчыравалі, хто з якой дозай ляноты, над дыпломнымі працамі.
З палотнаў паглядалі калгасніцы з рукамі і нагамі, падобнымі да тэлеграфных слупоў, чырвонаармейцы з квадратнымі сківіцамі і вачыма, што гарэлі, быццам агні ў паравозных топках. Уладзімір Ільіч Ленін — на трыбуне, на браневіку, у атачэнні кучаравых дзетак, барадатых салдат, згаладалых сялян... Толькі Правадыра ніхто не намаляваў — не заслужылі недавучаныя студэнты вучэльні права маляваць Правадыра. Так у гэтым годзе вырашыла кіраўніцтва. Мабыць, пасля мінулагодніх мітрэнгаў, калі аднаго дыпломніка давялося тэрмінова адлічваць — за скажэнне светлага вобліку.
Дзе той недавучаны дыпломнік дзеўся — нават пытацца баяліся.
А Вадзім маляваў касіянераў Кастуся Каліноўскага. Змучаных, галодных людзей, якія грэюцца ля вогнішча сярод зімовага лесу, не выпускаючы з рук пераробленую з косаў зброю... Магдалене, якая пазіравала для адной з фігур — маладой сялянкі-інсургенткі, узброенай сякерай, ужо тады трэба было насцярожыцца. Пра асобу Каліноўскага хадзілі спрэчкі — ці не пераважваў у ягонай асобе рэакцыйны нацыяналізм? Дый Нарушэвіч, не, каб маляваў, як усе — проста і зразумела. Фарбы пераліваліся, што вада на паверхні віру, шэрыя постаці на карціне нагадвалі не людзей, а засыпаныя снегам ядлоўцавыя кусты, і несла ад іх тугою, а не сталёвай моцай рэвалюцыі. І ў кіслым вішнёвым соку, які сцякаў па вуснах Вадзіма і ягонай мадэлі, застываў на пальцах, было больш рэвалюцыйнай фарбы, чым у гэтай карціне.
Але Магдалена закахалася. Нічога сабе — апраўданне? Але іншага не было.
Проста ўся яшчэ па-юначы хударлявая, нязграбная постаць Вадзіма, доўгія пальцы з кранальна выпіраючымі костачкамі, светлы пушок на верхняй губе, з кропкамі вішнёвага соку, бурштывавыя рысачкі, якія можна заўважыць у блакітных вачах — любая падрабязнасць выклікала жаль і замілаванне, і хацелася адначасова абараніць, прытуліць — і быць заваяванай, абароненай...
Таму і здарыўся трэці пацалунак — з прысмакам дыму.
Дыму ад бульбоўніка, які палілі на гародах Грушаўкі, менскага прадме- сця, у якім жыў Вадзім. Там, ля ягонай хаты, крывабокай, як пабітая жабрачка, яны і пацалаваліся апошні раз. Назаўтра Нарушэвіча арыштавалі.
Так што таварыш Свідрыгайлаў, каржакаваты, з адвіслымі вуснамі і лысінай, якая амаль непрыстойна паблісквала ў атачэнні чорных валасоў, мусіў стацца першым мужчынам студэнткі педвучэльні Магдалены Парахневіч.
Затое яна не першая і не апошняя, хто атрымаў такую прапанову. Трохі жаночай увагі — узамен за волю дарагога чалавека. Да здзіўлення — і нават жаху Магдалены, яе маці, былая гімназістачка, такая ўся строгая-прыстойная ў сваіх вечных белых каўнерыках, адразу адрывіста параіла: «Згаджайся. І не толькі дзеля мастака твайго клятага. Бо калі арыштуюць цябе — пытацца не стануць. Не толькі пад аднаго начальніка ляжаш».
Гэта было сказана з такой горыччу, з выпакутаваным горам, што Магда- лене давялося доўга адганяць здрадлівыя думкі, ці не зведала маці штосьці падобнае... Ці такім добраахвотным быў яе шлюб з бацькам, малапісьменным чырвонаармейцам з сялянскай беднаты, які загінуў дзесяць год таму дзесьці ў прадразвёрстцы, ад кулі кулака?
Магдалена заўсёды лічыла, што гэта для маці гонар — народжаная ў шляхецкай сям’і, гэта значыць, у эксплуататараў, стала сяброўкай жыцця рэвалюцыйнага байца, рэабілітавалася.
Магдаленін татка, рудаваты мажны мацак з рэдкімі пярэднімі зубамі часта жартам паўтараў, як адну гадзюку буржуйскую выратаваў, за жонку ўзяў, у канцылярыю прыстроіў. Расказваў смешныя байкі, як вучыў няўдаліцу прасаваць-гатаваць.
Гэта гаварылася весела, тата пасля абавязкова прыабдымаў маці, уладна туліў да сябе, гучна цалаваў у бледную шчаку, у тонкую шыю, гулліва шчыкаў...
Цікава, а ці цалавала яго калі сама жонка? Магдалена не магла ўспомніць.
Што ж, бывае страшней...
Але калі яна ўбачыла кушэтку...
Звычайную кушэтку ў куце кабінета, абцягнутую брунатным дэрмацінам, на якую таварыш маёр тым самым жэстам, якім у п’есе Астроўскага купец Паратаў кідаў пад ногі Ларысе Агудалавай шыкоўнае футра, кінуў патрапаную посцілку ў чырвона-зялёныя шашачкі...
Магдалену ледзь не званітавала.
Карціна ў стылі экспрэсіянізму, пра які распавядаў Вадзім. Вязаны чыр- воны берэцік, белая блюзачка з камсамольскім значком, сіняя плісіраваная спаднічка, белыя гольфікі, духі «Белая чаромха», чыстае каханне ў сэрцы, — і даматканая посцілка ў чырвона-зялёныя шашачкі...
Любка з іхняга тэхнікума, пра якую гаварылі — «гуляе», хвалілася, як адзін служачы з наркамгандлю вадзіў яе ў рэстаран, дарыў манто, паіў шампанскім з ікрой, а ложак быў з прасцінамі з кітайскага шоўку, з вышытымі цмокамі!
Хутчэй за ўсё, Любка прылгала. Можа, не былі прасціны з вышытымі цмокамі, а манто — з чарнабуркі.
Але кушэтка з посцілкай...
Магдалена ўсхліпнула. І ёй падалося, што яна не так ужо моцна кахае даўгалыгага бялявага Вадзіка. А калі чужая рука лягла на яе плячо, падумалася: ды хай бы і пасядзеў той Вадзік. Многа не дадуць. Гаварылі — год пяць. Папрацуе на савецкіх будоўлях, можа, яшчэ і на карысць пойдзе...
Не, гэта немагчыма... Яна не вытрывае...
Маёр абвёў далоньмі яе цела, як быццам здымаў мерку для труны, і задаволена вымавіў нешта кшталту «Ды няўжо ж твой кавалер з табой ні разочку?»
Магдалена ясна ўсвядоміла, што ад яе жадання тут ужо нічога не залежыць.
Ёй было холадна нават тады, калі зверху навалілася цяжкое гарачае цела. Дрыжэлі вусны, рукі, калені, перахоплівала дыханне — як у палонцы... Напэўна, было б правільным, каб у гэты час у галаве гучала імя каханага, дзеля якога і... Але ў думках у такт успышкам болю круцілася пракаветнае — «Мама, мамачка...»
Здавалася, ГЭТА не скончыцца ніколі. У Магдалены нават слова не знаходзілася для таго, каб назвать, што з ёй робяць. Яна проста адчувала сябе кавалкам мяса.
Напэўна, цяпер яна зусім па-іншаму перачытала б таўшчэзны том Ганча- рова, пра ашалелую ад страты цнатлівасці павятовую Верачку.
«Не хачу! Не хачу! Не хачу!»
Самае страшнае, аказваецца — адчуванне, што нічога не вернеш. Не выправіш. Што па-іншаму ў тваім жыцці ўжо не будзе. Атрымлівай свой першы раз, Магдаленка, як лёс варажыў, ну і сама згадзілася. Два аэрапланы з перацягнутымі швамі крыламі, быццам няўклюдныя стракозы, кружлялі пад плямістай столлю кабінета начальніка аддзела НКУС, усё гучней зумкаючы. Нарэшце зумканне зрабілася невыносна гучным, і раптам настала ціша.
Магдалена ачуняла ад таго, што яе злёгку паляпвалі па шчоках. Не білі — а пяшчотна паляпвалі. Чорныя зрослыя бровы таварыша Свідрыгайлава варушыліся, як вусені — Магдалена толькі і ўперылася ў гэтыя бровы-вусені, не ў змозе ні зазірнуць у вочы свойму першаму мужчыне, ні ўслухацца ў тое, што ён гаварыў.
А ён жа і дагэтуль не маўчаў — нагаворваў штосьці ласкавае, абяцаў, супакойваў... Па-свойму ён быў да яе добры...
Галоўнае, каб зноў не дакрануўся! Таму што калі ён яшчэ раз да яе дакранецца...
Але маёр быў спрактыкаваным у псіхалогіі і на гэты момант цалкам задаволеным.
Белыя гольфікі, якія таварыш Свідрыгайлаў адмыслова не стаў з яе здымаць, выявіліся сапсаванымі. Барвовыя пісягі — як ад вішнёвага соку.
На посцілку Магдалена старалася не глядзець. Відаць, давядзецца гаспадару кабінету выкінуць... дэталь інтэр’ера. Хаця... Не дзіва, калі тая посцілка, нікчэмная сведка і пакорлівы саўдзельнік, дзясяткі разоў адмывалася пасля такіх жа здарэнняў. І добра яшчэ, калі на ёй няма крыві стваральніцы-ткалі.
Сцэна ў майстэрні з Вадзікам, карцінамі і вішнямі раптам падалася нерэальнай і зусім нязначнай.
Магдалена разумела, што калі б зараз да яе дакрануўся Вадзік, яе гэтак жа заванітавала б. Успаміны пра ягоныя кашчавыя рукі і пушок на верхняй губе больш не выклікалі ні жалю, ні замілавання.
Маці нічога не спытала. Нічога не сказала, нават калі заўважыла, як дачка, намацаўшы ў кішэні забытыя скамечаныя гольфікі з чырвонымі плямамі, адчайна шпурнула іх у печку, ляснуўшы дзверцай, нібы баялася, што выпаўзуць з агню. Жанчына моўчкі, хутка падрыхтавала гарачай вады, чыстую начную кашулю, прынесла Магдалене ў ложак цёплы кубак малака. Пацалавала ў лоб — доўга, пяшчотна, нібы ачысціла ад усяго. Доўга сядзела ў куце пакоя, моўчкі глядзела ў цемру, сціснуўшы тонкія рукі.
Магдалена не хацела ведаць, пра што маці ўспамінае.
Вадзіма не выпусцілі. Яго асудзілі на пяць гадоў папраўчай працы і адвезлі, здаецца, ва Уржум. Пра гэта Магдалене распавёў Вадзімаў сябрук, худзенькі заіклівы Толька-акварэліст, які дакорліва глядзеў на дзяўчыну, што не выявіла ніякай цікавасці да лёсу былога каханага.
Так, рэдкія лісты Вадзіка яна нават не чытала. Яны былі напісаныя не ёй, а іншай дзяўчыне, якая ніколі не ляжала на кушэтцы, абцягнутай брунатным дэрмацінам, з накінутай зверху посцілкай у чырвона-зялёныя шашачкі. І свой партрэт — блакітнавокая дзяўчыначка ў белым берэціку, з пшанічнай касой і капрызлівымі вуснамі — засунула кудысьці на гарышча. Туды, дзе ляжалі старыя кнігі, друкаваныя лацініцай, стосы перавязаных вылінялымі стужкамі лістоў, ды засунутыя ў каробку ад чаравікаў чорная канфедэратка з кукардай, на якой скакаў невядома куды срэбны вершнік, і нечы пажаўцелы вясельны вэлюм з аблезлым вяночкам.
На гарышчы пылілася шмат нікому не патрэбных рэчаў.
Усё роўна праз тры гады на месцы гэтага дома падчас першай жа бамбёжкі — самалёты кружлялі ў сінім бязвоблачным небе, як на старым плакаце — утварылася вялізная варонка, і ніхто ніколі не спрабаваў адшукаць, што засталося ад тых, хто тут для чагосьці жыў.
Супрацоўнікі Мінпрыроды расказалі, якая карысць ад дрэў у горадзе.
Восень для спецыялістаў аграрнай галіны — час падводзіць вынікі, і сёлета яны годныя.
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.