Вы тут

Што адбываецца з мясцовым турызмам?


Крызіс прымусіў жыхароў Беларусі стрымліваць турыстычныя «апетыты», таму як ніколі сталі актуальныя мясцовыя турыстычныя аб'екты. Карэспандэнт «МС» адправіўся ў Івацэвічы — высветліць, што сёння чакае турыста ў звычайным беларускім раёне.


Аб'ектаў шмат. Не хапае вопыту

Што сёння можа прапанаваць Івацэвіцкі раён турысту? На гэтае пытанне адказаў старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр САРОКА.

— Першы кірунак у турыстычнай сферы ў Івацэвіцкім раёне — гэта аграсядзібы. Іх не так шмат, усяго чатырнаццаць, аднак усе яны на сённяшні дзень працуюць. Другі кірунак — паляўнічыя ўгоддзі. І практычна ва ўсіх такіх гаспадарках у нас ёсць базы для прыёму паляўнічых. Гэта добраўпарадкаваныя домікі, у якіх з камфортам можна спыніцца. Дарэчы, на паляванне вельмі часта прыязджаюць замежнікі.

Акрамя таго, сёння ідзе актыўнае прыцягненне інвестараў для забудовы пляцовак вакол азёр і вадаёмаў. У Івацэвіцкім раёне 11 азёр займаюць 5 тысяч гектараў, самае буйное з іх — Выганашчанскае, плошчай у 2600 гектараў. У вёсках Бабровічы і Выганашчы, побач з якімі знаходзяцца буйныя азёры, сёння практычна няма ні аднаго пустога дома. Прыязджаюць людзі з Пінска, Брэста, Мінска, Масквы, купляюць хаты і жывуць. Там, дзе ёсць добрыя прыродныя ўмовы і вада, вёскі сапраўды ажываюць, — падкрэслівае Аляксандр Сарока.

Па словах старшыні раённага Савета, сёння ў малых вёсках склалася такая сітуацыя, што сталі закрывацца мясцовыя школы і клубы, таму гэтыя будынкі прапаноўваюць інвестарам.

«Практычна ўсе падобныя аб'екты мы рэалізавалі. Больш за тое, людзі не проста купляюць такія будынкі — яны іх рамантуюць, укладваюць сур'ёзныя грошы, робяць базы адпачынку. З аднаго боку, мы прадаём маёмасць, а з другога — ствараем турыстычную інфраструктуру, — дадаў Аляксандр Сарока. — Яшчэ адзін турыстычны кірунак — гэта прыдарожны сэрвіс. Паводле схемы яго развіцця, якая была зацверджана Брэсцкім аблвыканкамам, усе магчымыя ўчасткі мы выставілі на аўкцыён, і практычна ўсе яны ўжо выкуплены. На сённяшні дзень два аб'екты знаходзяцца ў стадыі будаўніцтва, а астатнія функцыянуюць».

Тэрыторыя Івацэвіцкага раёна багатая і на гістарычныя мясціны. Тут знаходзяцца 103 помнікі гісторыі і культуры. Сярод іх — знакаміты замак Пуслоўскіх, які цяпер аднаўляюць. «Ужо ўкладзены прыстойныя сродкі, рэстаўрацыя прасоўваецца. Дах зроблены, вокны паставілі, фасады часткова гатовыя. Але аб'ект яшчэ не ўведзены ў эксплуатацыю — ідзе будоўля, таму нават часткова адкрыць замак нельга», — адзначыў Аляксандр Сарока.

Вельмі папулярныя сярод турыстаў гістарычныя рэканструкцыі, якія ў Івацэвіцкім раёне праводзяцца ў мемарыяльным комплексе партызанскай славы «Хаваншчына». Апошні раз такое мерапрыемства наведалі чатыры тысячы чалавек за два дні.

— Што да недахопаў, то сёння ўладальнікам нашых аб'ектаў не хапае вопыту, — адзначае старшыня Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў. — Мы дапамагаем гаспадарам турыстычных кропак: каб мелі свае сайты, каб давалі рэкламу. Але да гэтага часу лепшай рэкламай застаюцца ўласны вопыт і ўражанні: людзі расказваюць адзін аднаму, як і куды з'ездзілі.

Колішняя паштовая станцыя, а цяпер — «Гасцінны двор Няхачава».

Усё вырашае сезон

Адзін з папулярных аб'ектаў на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна — «Гасцінны двор Няхачава». Ён з'яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ стагоддзя. Па словах дырэктара Сяргея ЯЦЫНЫ, колішняя паштовая станцыя была пабудавана ў 1841 годзе. Сяргей, а таксама адзін з заснавальнікаў выраслі ў гэтых мясцінах, таму калі паўстала пытанне, дзе адкрыць шматфункцыянальны комплекс з гасцініцай і рэстаранам, сумненняў не ўзнікла.

— Калі мы звярнуліся ў мясцовую адміністрацыю з просьбай аб набыцці гэтага ўчастка, то атрымалі поўную падтрымку, — успамінае Сяргей Яцына.

Паштовую станцыю аднаўлялі з захаваннем усіх гістарычных тонкасцяў, каб госці змаглі адчуць дух таго часу. Больш за тое, нядаўна ў архівах уладальнікі знайшлі арыгінальны план станцыі, таму ў далейшым комплекс можа быць прыведзены ў абсалютна аўтэнтычны стан. Дарэчы, будынак аднаўляўся пад наглядам Міністэрства культуры.

— Вядома, у большай ступені гэта сезонны бізнес. У нас часта праводзяцца вяселлі, таму лета ўжо сёння распісана практычна да жніўня. Сітуацыя склалася такая, што летась нам нават прыйшлося адмовіцца ад дзясятка прапаноў, — адзначае дырэктар. — Але нельга сказаць, што восенню і зімой людзей няма. У нас ёсць рэстаран, бар, боўлінг. Людзі заўсёды прыязджаюць, проста ў халодны час іх менш. Мы ўжо хочам пашырацца, бо сёння нашы магчымасці некалькі абмежаваныя. Мы знаходзімся далёка ад буйных гарадоў, гасцінічных нумароў не так шмат, і таму падчас тых жа вяселляў не атрымліваецца размясціць усіх гасцей.

Акрамя таго, усе супрацоўнікі аб'екта — жыхары навакольных вёсак, а сёння, на жаль, у вёсках часта не хапае працоўных месцаў.

«А вось нашага шэф-кухара мы прывезлі з Мінска — ён навучыў мясцовых кухараў усім тонкасцям і сакрэтам», — дадаў Сяргей Яцына.

Адкрыццё такога комплексу прыцягнула не толькі беларускіх турыстаў, але і жыхароў іншых краін. Па словах дырэктара, да іх часта прыязджаюць расіяне, палякі.

Інтэр'еры «Гасціннага двара «Няхачава».

Раённы талісман

Замежныя госці таксама часта наведваюць аграсядзібы. Па словах гаспадара аграсядзібы «Талісман» Алега КУІСА, у яго часта спыняюцца эстонцы, французы і італьянцы, якія прыязджаюць папаляваць у Івацэвіцкім раёне. «Сітуацыя на рынку ў 2015 годзе была лепшая, а ў апошнія два гады стала прыязджаць менш людзей, — адзначыў Алег. — Цяпер у беларусаў бюджэт стаў больш сціплым, але я думаю, што ў перспектыве сітуацыя абавязкова наладзіцца».

Найбольшай папулярнасцю аграсядзіба прадказальна карыстаецца ў цёплую пару года. На тэрыторыі «Талісмана», акрамя дома, ёсць альтанкі, лазня, а таксама штучны вадаём, у які гаспадар запусціў рыбу. Дзякуючы гэтаму сюды перыядычна прыязджаюць заўзятыя рыбакі. У будучыні бізнесмен плануе пабудаваць яшчэ адну лазню і пасадзіць сад.

Алег прапануе сваім кліентам і дастаткова незвычайную ў нашых краях забаву. Пры яго аграсядзібе размяшчаецца страусавая ферма, а ахвотныя могуць пакаштаваць яечню з страусавага яйка. На ферме таксама жывуць ослікі, на якіх можна пакатацца як дзецям, так і дарослым.

— Цяпер кліентаў не так шмат, але пра закрыццё і продаж я і не думаю, — прызнаўся Алег Куіс. — Калі справы пойдуць дрэнна, то сам пераеду сюды з сям'ёй. Як можна казаць аб продажы, калі ўкладзена столькі сіл? Мясцовая ўлада нас падтрымлівае, грошай на ўтрыманне хапае, таму «згортвацца» я зусім не хачу.

Сёння турыстычныя аб'екты Івацэвіцкага раёна сапраўды карыстаюцца папулярнасцю. Вядома, цяпер турыстаў стала менш, чым некалькі гадоў таму, але людзі прыязджаюць адпачываць, працягваюць адзначаць вяселлі... Уладальнікі думаюць пра будучыню і пашыраюць свой бізнес, а ў самім раёне пастаянна набываюцца новыя ўчасткі пад будаўніцтва. Па словах старшыні Івацэвіцкага раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Сарокі, у наступныя гады чакаецца большая цікавасць з боку турыстаў да раёна. А мясцовая ўлада і ўладальнікі гатовы зрабіць усё неабходнае, каб гэтую цікавасць задаволіць.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Лепшая рэклама — уласны вопыт і ўражанні

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».