Вы тут

У Мінску з'явіліся «бабулі на гадзіну»


Жанчыны на пенсіі адпраўляюцца ў шматдзетныя сем'і і сем'і з дзецьмі-інвалідамі, каб на некалькі гадзін ператварыцца ў няню. І ўсё гэта цалкам бясплатна.


Ніна Ягораўна гуляе са Стасікам…

Ніна Ягораўна Пракопава ўжо трэці месяц прыходзіць у сям'ю мінчан Алены і Віталя Кірыенкаў, каб пасядзець з чатырохгадовым Стасікам.

— Гэта вельмі самастойны хлопчык, — усміхаецца яна. — Калі я прыйшла першы раз, мы з ім дзесяць хвілін пагаварылі, а потым ён сказаў: «Табе пара ісці...». Але потым хутка прывык да мяне. Мы тут з ім гуляем, малюем, вучым лічбы, расказваем адно аднаму гісторыі.

Для мамы Стасіка прыход Ніны Ягораўны — сапраўднае выратаванне. «Бабуля ў нас — асноўная група падтрымкі», — кажа маладая жанчына. Яе старэйшаму сыну Мікіту 10 гадоў, Стасік — сярэдняе дзіця, а пяць месяцаў таму нарадзілася дачка Ксенюшка. «Пакуль я займаюся са старэйшым дамашнімі заданнямі, тата сядзіць з малодшанькай, а Ніна Ягораўна гуляе з сярэднім дзіцем», — гаворыць яна.

«Вольны час у мяне ёсць, дык чаму б не дапамагчы людзям? Тым больш што яны маюць патрэбу ў такой дапамозе», — кажа Ніна Ягораўна. У наступным годзе ёй спаўняецца 70. «Немаладая ўжо», — спакойна канстатуе гэтая падцягнутая жанчына ў джынсах. Але ж і не старая! Цяпер Сусветная арганізацыя аховы здароўя па-іншаму глядзіць на гэты ўзрост... «Так, калі лічыць, што людзі павінны жыць да 120 гадоў, то я — у сярэдзіне жыцця», — усміхнуўшыся, згаджаецца мая суразмоўніца.

Яна ўсё жыццё працавала інжынерам-тэхнолагам. Цяпер дзеці ўжо дарослыя. Унукі таксама выраслі, старэйшаму 29 гадоў. «Апошнія гады я даглядала сваю маму. Гэтым летам яна памерла, ёй было 96 гадоў, — кажа Ніна Ягораўна. — А я восенню паступіла ва Універсітэт трэцяга ўзросту, вырашыла навучацца ландшафтнаму дызайну. У мяне ёсць дача, буду ёю цяпер займацца. Вучыцца вельмі цікава! Да таго ж у нас ва Універсітэце многія займаюцца валанцёрствам.

… і з маленькай Ксенюшкай.

Я выбрала кірунак «Бабуля на гадзіну». У мяне быў такі парыў, калі даведалася пра гэта! Мы ходзім дапамагаць у сем'і, сядзім з дзеткамі, калі маме трэба ў паліклініку або яшчэ кудысьці.

— Асноўны наш «кадравы рэзерв» — актыўныя пенсіянеркі, якія наведваюць Універсітэт трэцяга ўзросту, — расказвае кіраўнік праекта «Бабуля на гадзіну» Наталля Яцэвіч. — Многія з іх даўно выгадавалі сваіх дзяцей, дапамаглі вырасціць унукаў і цяпер адчуваюць сябе адзінокімі. Ім хочацца падзяліцца з кімсьці сваёй душэўнай цеплынёй, пашырыць круг зносін, адчуць сябе патрэбнымі.

У такіх бабулях маюць патрэбу і маладыя мамы, у якіх нярэдка паблізу няма нікога, хто мог бы дапамагчы. І ні для аднаго дзіцяці ніколі не будуць лішнімі ўвага і любоў, няхай нават і старонняга чалавека. Кожнай сям'і патрэбна бабуля, і калі сваёй няма або яна далёка, тут мы і прыходзім на дапамогу. «Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам» дала нам спіс сем'яў, мы іх абзвоньваем і дамаўляемся, куды і калі трэба дасылаць сваіх валанцёраў. Акрамя таго, я раздала ўсім свае тэлефоны, і калі маме трэба кудысьці схадзіць, яна тэлефануе. Мы патрэбныя гэтым сем'ям, часам нават проста каб пагаварыць з мамай і даць ёй выгаварыцца — гэта таксама немалаважна. І мы гатовыя прыйсці на дапамогу.

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Бабуля на гадзіну» гатовая дапамагчы

Выбар рэдакцыі

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.

Здароўе

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

Як мыць садавіну, гародніну і зеляніну, каб не атруціцца?

«Апрацоўваць гародніну і садавіну сродкам для мыцця посуду нельга».

Спорт

Які наш спорт сёння?

Які наш спорт сёння?

«З кожным днём сітуацыя ў свеце мяняецца так, што ў вялікай ступені гэта закранае і спорт».