Вы тут

Маладая сям'я міліцыянераў расказвае пра першыя крокі ў прафесіі


Яны разам і дома, і на службе.

Маладая сям'я міліцыянераў расказвае пра першыя крокі ў прафесіі, развейвае стэрэатыпы наконт службовых раманаў, разважае пра адказнасць і дзеліцца планамі на будучыню.


Дзяўчына ў форме і... рашучасць

— Добра, што вы без абцасаў і ў доўгім паліто, — акінуўшы мяне поглядам, канстатаваў сяржант міліцыі Андрэй Бачко, міліцыянер першага ўзвода ППСМ грамадскай бяспекі УУС адміністрацыі Маскоўскага раёна г. Мінска. — Самі разумееце, на дварэ не май, а хадзіць прыйдзецца шмат.

Пра «шмат» я зразумела толькі назаўтра, калі мае ногі пачалі «скардзіцца»... Але гэта было ўжо пасля змены з пешым патрулём.

— Работа ў нас ёсць заўсёды, але менавіта ў пятніцу людзі расслабляюцца пасля цяжкіх працоўных дзён і пачынаюць адпачываць, хто на што здатны. Вельмі часта такое «свята» заканчваецца ўмяшаннем міліцыі, — хутка ўводзіць у курс справы прапаршчык міліцыі Валянціна Бачко.

Сваю ролю тут адыгрывае і пара года, надвор'е. Зараз, напрыклад, парушальнікаў, якія распіваюць спіртныя напоі на зялёнай зоне або дзіцячай пляцоўцы, няшмат, але сітуацыя зменіцца з першым «упэўненым» сонцам.

— Я да гэтага ўжо прызвычаіўся, — заўважаючы маю зацікаўленасць тым, як глядзяць людзі на Валю, кажа Андрэй. — А вось яна дагэтуль адчувае сябе неяк няёмка.

Як прызналася Валя, яна сапраўды не разумее, што асаблівага ў дзяўчыне ў форме. «Мабыць, іх здзіўляе тое, што я патрулюю?» — выказвае здагадку прапаршчык.

Ва ўзводзе яна таксама на недахоп увагі не скардзіцца. У дзяўчыны ў мужчынскім калектыве, як ні круці, роля асаблівая. Тым больш, калі побач службу нясе муж.

— Андрэй скарыў мяне сваёй рашучасцю, — расказвае пра адносіны з сужэнцам Валянціна. — Ён вельмі хутка банальнае «вітаю, як справы?» замяніў на спатканне. І час для гэтага, трэба прызнацца, выбраў удалы: мой дзень нараджэння. Ведаеце, спачатку неяк баялася, што адносіны могуць нашкодзіць службе, але потым зразумела, што ўсё гэта недарэчныя стэрэатыпы.

Валя і Андрэй пажаніліся ў студзені. Калегі і родныя да выбару пары паставіліся добра. І, як высветлілася з часам, плюсы ў такога шлюбу ёсць.

Кракадзілавыя слёзы «кліентаў»

Андрэй трапіў на службу ў міліцыю два гады таму пасля арміі, Валянціна прыйшла на год пазней. Абодва скончылі курсы пры Цэнтры павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў МУС.

— Па спецыяльнасці я інжынер-тэхнолаг, але мяне больш служба ў міліцыі прыцягвала. Дзядзька-міліцыянер, дарэчы, доўга ад гэтай задумы адгаворваў. Маўляў, ведаю, што кажу. Хлеб нялёгкі, таму жанчыне лепей іншую справу пашукаць. Што з гэтых гутарак у выніку атрымалася, бачыце цяпер самі, — усміхаючыся, згадвае Валянціна.

Маладыя кажуць, што розніцы, з кім патруляваць у пары, няма. Калі іх ставяць разам — добра, паасобку — таксама не бяда. Адзінае, выхадныя ім стараюцца даваць у адны і тыя ж дні: пара любіць ездзіць у Лунінец на малую радзіму Валі. Андрэй жа — мінчанін.

— У нас увогуле ва ўзводзе ўсё неяк вельмі па-людску. Да кожнага можна звярнуцца па параду ці падказку, прычым як у службовых, так і ў асабістых пытаннях, — дадае Андрэй.

Валя і Андрэй «сваю тэрыторыю» ведаюць добра. Міліцыянеры кажуць, што раён даволі ціхі і пастаянных «кліентаў» у іх няшмат. Першыя і апошнія за нашу нядоўгую з фотакарэспандэнтам змену парушальнікі грамадскага парадку чакалі нас на лаўцы каля пад'езда пяціпавярховага дома. Мужчына гадоў трыццаці салодка спаў на каленях сваёй спадарожніцы ў чырвонай куртцы.

— Паважаны, прачынаемся, — звярнуўся да адпачывальніка Андрэй.

— Саша, Саша, — падхапілася і пачала тузаць свайго сябра жанчына. — Уставай хутчэй.

— Дзе пражываеце? — запытала Валя.

— У суседнім доме.

— Чаму спіце тут?

— Вой, у кватэры яму дрэнна, «перабраў» трохі, з кім не бывае?! Мы ж першы раз, больш такога не паўторыцца. Ужо сыходзім.

Валя кажа, што за год службы перастала верыць у кракадзілавыя слёзы. Так, ёсць людзі, якія сапраўды спрабуюць жыць па-новаму, але іх няшмат. Часцей за ўсё, калі папаўся адзін раз, будзе і другі.

— У нашай працы да кожнага свой падыход патрэбны, — тлумачыць Андрэй. — З кімсьці трэба гаварыць мякчэй, з некім больш строга. Адзін прымае ў ролі суразмоўцы толькі дзяўчыну, другі «раскрые душу» выключна хлопцу.

Пра тое, што «не маладым і зялёным іх жыццю вучыць», міліцыянеры чуюць у свой адрас часта. Але пара навучылася на такія выказванні «закрываць вушы» і... рабіць сваю справу.

Міні-Мухтар і рамантыка

— Падчас падрыхтоўкі да вяселля зразумелі, колькі ў чалавека ёсць часу, калі яму сапраўды штосьці патрэбна! І ніякая праца, стомленасць ці дрэнны настрой не могуць тут быць апраўданнямі. У нас з Андрэем пасля дзяжурства дзень толькі пачынаецца! — дзеліцца Валя.

У вольны ад службы час сям'я гуляе па горадзе, глядзіць фільмы, дрэсіруе сабаку. Дарэчы, калісьці Валя марыла працаваць у міліцыі менавіта з братамі нашымі меншымі.

— Відаць, серыяла пра Мухтара наглядзелася, — каментуе дзяўчына. — Але нічога, буду са сваім шпіцам займацца. Да службы ў міліцыі яму далёка, але на ролю міні-Мухтара падыдзе.

Пара лічыць, што служба ў міліцыі робіць чалавека больш сур'ёзным і адказным. Адказным не толькі за сябе і свае ўчынкі, але і за тых, хто побач.

Хутка Андрэя перавядуць у аўтапатруль, Валі ж адукацыя дазваляе марыць аб афіцэрскім званні. «Будзе магчымасць мной хоць на працы камандаваць», — жартуе Андрэй.

Хлопец дадае, што разам служыць вельмі зручна і выгадна (для яго дык дакладна).

— Ну вось уявіце, як жонка можа папракнуць, што мы нікуды не ходзім? А ніяк! Столькі кіламетраў за дзяжурства «наварочваем»! Сёння — адзін маршрут, заўтра — іншы! Рамантыка! — смяецца Андрэй.

Як сцвярджае пара, сямейныя пытанні на службе яны не абмяркоўваюць, а працу не нясуць дадому. Усяму сваё месца і свой час. Увогуле, маладыя людзі не разумеюць, адкуль узнікаюць падобныя пытанні, і чаму іх шлюбу ўдзяляецца такая ўвага. Маўляў, усё як ва ўсіх.

Разы тры я прасіла ў маіх суразмоўцаў дазволу стаць паміж імі, каб дыктафон змог якасна запісаць усё, што яны расказвалі. Але Валя і Андрэй зноў і зноў аказваліся побач адно з адным, а я займала сваё месца збоку і любавалася тым, як годна нясе службу маладая сям'я Бачко.

Кацярына АСМЫКОВІЧ

asmykovіch@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Загаловак у газеце: Сямейны патруль правапарадку

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?