Вы тут

Алесь МУХІН: «Некалькі гадоў вучыўся не хварэць за знатакоў»


Сёння ў эфіры тэлеканала АНТ выходзіць першая гульня вясновай серыі «Што? Дзе? Калі? у Беларусі». Да канца красавіка за званне найлепшай будуць змагацца пяць камандаў знатакоў. Нашы карэспандэнты ў якасці гасцей студыі пабывалі на здымачнай пляцоўцы праекта, у рэжыме рэальнага часу паназіралі за гульнёй, а таксама атрымалі магчымасць задаць некалькі пытанняў спадару вядучаму. Пра адметнасці беларускага інтэлектуальнага тэлеклуба, моду быць разумным і ступені адбору пытанняў для гульні за тым самым знакамітым люстраным сталом мы гутарым з уладальнікам Хрустальнай савы і ганаровага звання «Найлепшы капітан клуба 2001—2005 гадоў» Алесем МУХІНЫМ.


— Распачынаецца ўжо дзявяты сезон інтэлектуальнай гульні «Што? Дзе? Калі? у Беларусі». За час існавання праекта нешта змянілася?

— У кожным сезоне мы стараемся ўводзіць навінкі, якія дапамаглі б, з аднаго боку, камандам адчуваць сваю адказнасць за паказаныя вынікі, а з іншага — і гледачам было б цікава сачыць за нейкімі новымі, больш жорсткімі рэаліямі гульні. За час існавання праекта вельмі моцна вырас узровень камандаў. Калі ў пачатку гуляла 13 камандаў знатакоў, то сёння іх засталося 7. Гэта значыць, што адбываецца досыць жорсткі адбор. Напрыклад, было загадзя аб'яўлена, што дзве найгоршыя каманды па выніках мінулага года пакідаюць клуб. У тым ліку не пашанцавала жаночай зборнай Алены Повышавай, якая была адным з сімвалаў клуба ўсе папярэднія восем сезонаў. Акрамя таго, увялі дадатковыя правілы для 13-га сектара: цяпер знатакі або ўсе разам адказваюць на пытанне датэрмінова, або застаюцца за сталом трое, але яны маюць толькі 20 секундаў на абмеркаванне, або застаецца адзін ігрок (як пры вырашальным раўндзе супербліца), і ён думае хвіліну. Ёсць спецыяльныя сектары ад нашых партнёраў з закавырыстымі пытаннямі. У цэлым, імкнёмся, каб наша праграма пры ўсёй сваёй уяўнай ідэнтычнасці ўзорам 70—80—90-х гадоў развівалася і ішла наперад. Так, з'явіліся відэапытанні, і мы думаем над павелічэннем іх колькасці. Маем шмат аўтараў, якія практычна падчас кожнай сваёй паездкі стараюцца знайсці нейкі адметны відэафакт, зняць яго і даслаць нам. Праграма развіваецца.

— «Што? Дзе? Калі?» — гэта не толькі клуб знатакоў, але і пэўная супольнасць тэлегледачоў, якія дасылаюць пытанні. Маеце сталых аўтараў?

— Так, ёсць нават цэлыя пакаленні сем'яў. Напрыклад, пачынала пісаць бабуля, затым прадоўжылі дзеці, а цяпер нам пішуць унукі. Сумесна з Міністэрствам адукацыі вось ужо трэці год ладзім конкурс на лепшае пытанне ад школьніка. Пераможца атрымлівае спецыяльны прыз — паездку ў Нацыянальны лагер «Зубраня». Шмат пытанняў дасылаюць студэнты. Праект ужо некалькі гадоў таму перасягнуў межы Беларусі. Калі, напрыклад, у Маскве, Кіеве, Баку могуць гуляць прадстаўнікі розных краін, то ў нас знатакамі становяцца толькі беларусы. Але пытанні нам дасылаюць гледачы і з-за мяжы. Цікава, што фінал сезона 2016 года ў інтэрнэце набраў каля 40 тысяч праглядаў, што для інтэлектуальнай гульні нямала.

— Усё яшчэ актуальнае сцвярджэнне, што разумным быць крута, модна і не варта спядзявацца толькі на google?

— Менавіта так. Наш праект прызначаны для прапаганды інтэлектуальнага ладу жыцця, таму, магчыма, мая сацыяльная місія па жыцці — не ў тым, каб прадстаўляць Беларусь у маскоўскім клубе «Што? Дзе? Калі?», а ў тым, каб даць магчымасць і жыхарам нашай краіны пабачыць, што нават хлопец з суседняга двара можа гуляць, выйграваць і атрымліваць Хрустальную саву. Варта задаць сабе пытанне: чаму я ці мой сын, дачка так не могуць? Звярніце ўвагу, у нас унутры праграмы многа дыялогаў пра тое, хто дзе вучыцца, працуе, як дапамагае розум у жыцці. Сапраўды, разумным быць модна. Нават класічным інтэр'ерам, падсвечнікамі, афармленнем студыі мы паказваем моладзі, што крута быць інтэлектуалам.

— Прадстаўляючы кожнага знатака, вы кажаце не толькі пра яго від дзейнасці, але і пра тое, адкуль ён прыехаў, хоць цяпер і жыве ў Мінску ці іншым горадзе. Гэта вы робіце, каб ім ганарыліся на малой радзіме?

— Самі знатакі выбіраюць, як іх прадставіць. Але нават калі яны стала жывуць у Мінску ўжо некалькі гадоў, то часта сябе называюць не мінчанамі, а жыхарамі роднага горада.

— Вам самому карціць сесці за стол і таксама згуляць разам са знатакамі?

— Вельмі хочацца. Мне вельмі падабаецца якасць пытанняў, якія дасылаюць тэлегледачы. Яна ўвесь час расце. І самі знатакі адзначаюць, што гуляць, з аднаго боку, складаней з-за моцных пытанняў, але і цікавей, бо тэлегледачы шукаюць надзвычай цікавыя факты для пытанняў. І мне іх прыемна задаваць.

— Хварэеце больш за знатакоў ці за тэлегледачоў, якія дасылаюць пытанні?

— Гэта вельмі цяжкае маральнае пытанне. Некалькі гадоў я вучыўся не хварэць за знатакоў. З аднаго боку, прысутнічае агульны карпаратыўны дух, мы ўсё ж адна сям'я са знатакамі. Але з іншага, я разумею, што тэлегледачы, якія дасылаюць нам пытанні, таксама прайшлі вялікі творчы шлях. Трэба ж знайсці факт, сфармуляваць пытанне, часам — зняць яго на відэа. Я разумею, што эфект саўдзелу дазваляе абаронцам інтарэсаў гледачоў часам прысуджаць знатакам ачко, нават калі яны не да канца адказалі на пытанне. Таму калі я бачу, што гэта адбываецца, то абараняю тэлегледачоў. Хто, калі не я?

— Маеце любімых ігракоў? Магчыма, нейкія каманды вам асабліва сімпатычныя?

— Няма тых, каго я не люблю. Здаралася, што асобныя знатакі і нават цэлыя каманды не маглі гуляць разам. А калі мы змянялі склад камандаў, то гульцы па-іншаму раскрываліся. У гэтым і ёсць мая функцыя ў перыяд паміж выхадамі серый гульняў. На год цягам 24 тыдняў выходзіць 24 эфіры тэлепраекта, а тыя 28 тыдняў года, што застаюцца, мы спрабуем падабраць ідэальнае спалучэнне ігракоў у камандзе, каб яны цягам гадзіны гульні ўшасцёх дыхалі, як адзін чалавек, а мыслілі, як розныя людзі.

— Вы неяк адзначалі, што ў маскоўскім клубе вельмі моцная канкурэнцыя паміж ігракамі, а ў нас пануе больш сяброўская атмасфера...

— Нельга сказаць, што нашы знатакі «блажэнныя» і зусім не хвалююцца за свой лёс у гульні. Але вельмі многія гледачы ў сваіх допісах рэдакцыі адзначаюць нейкую душэўную блізкасць, што ёсць унутры клуба, пачуццё локця паміж камандамі. Магчыма, таму, што я сам так вучу ўсе свае каманды: мы гуляем не супраць калег па клубе, а супраць тэлегледачоў і вядучага. А тое, як складзецца турнірны лёс пэўнай каманды, не надта залежыць ад ігракоў іншых. Варта проста паказваць найлепшае, на што ты здольны ў гульні. Вось і сёння падчас запісу адной з гульняў каманда знатакоў выйграла з лікам 6:1. Гэта і ёсць дастойны адказ канкурэнтам. Планка гэтай каманды настолькі высока ўзнялася, што яны могуць па-сяброўску з вышыні пазіраць на калег.

— Ведаю, што хутка ў Маскве выйдзе раман Яўгена Мядзведзева «Альтанка», прысвечаны гульні «Што? Дзе? Калі?». Як ставіцеся да самой ідэі напісання такой кнігі?

— Калі б Чэхаў жыў сёння, ён адназначна напісаў бы некалькі п'ес пра нашу гульню. Гэта як назіранне за сям'ёй суседзяў, пэўнага кшталту інтэлектуальны «Дом-2». Нават падчас гульні паміж знатакамі бываюць канфлікты. Звярніце ўвагу: тыя каманды, якія сядзяць акуратна, застаюцца спакойнымі, як на ўрачыстым мерапрыемстве, — не паказваюць добрых вынікаў. Тут без эмоцый, нерваў, драйву, нават істэрыкі, немагчыма. Можа, гэта і ёсць сакрэт папулярнасці тэлепраекта. Ён існуе ўжо больш як 40 гадоў у Расіі, а ў Беларусі, напэўна, сёння самы папулярны з тых, што здымаюцца тут. Мы гэта бачым па рэйтынгах, эфірным часе, колькасці партнёраў.

— Як сябе адчуваюць жанчыны ў клубе, і як да іх ставяцца калегі-мужчыны?

— Добрае пытанне. Беларускі тэлеклуб «Што? Дзе? Калі?» унікальны тым, што тут восем гадоў існавала жаночая зборная каманда. Такога не было раней, нават у Расіі ў 1980-я гады каманда Голубевай праіснавала намнога менш. Я б сказаў, што тут пануе гендарная роўнасць. Але паколькі нашы партнёры, абаронцы інтарэсаў камандаў у асноўным мужчыны, то дзяўчатам гуляць лягчэй, да іх ставяцца менш строга. Як адчуваюць сябе самі дзяўчаты? Думаю, што калі б ім было няўтульна, то яны сюды не прыходзілі б. Ім падабаецца, і ў кожнай камандзе нашага клуба ёсць адна ці некалькі дзяўчат-ігракоў. Але ж жыццё такое, што дзяўчаты выходзяць замуж, нараджаюць дзяцей, маюць іншыя інтарэсы і часам самі па сабе адыходзяць ад гульні. Але ёсць і мноства прыкладаў удалага вяртання ў гульню пасля нараджэння дзяцей.

— Маеце нейкі сакрэт, як сябе заўсёды трымаць у добрай інтэлектуальнай форме, быць гатовым адказаць на любое пытанне?

— Галоўны сакрэт у тым, што ў жыцці павінна заўсёды прысутнічаць няўтольная прага ведаў. Кепскі той знаток, які ў пэўны момант кажа: я ўсё ведаю і больш нічога не буду чытаць. Гэта проста лад жыцця, жаданне ўвесь час здабываць інфармацыю і асэнсоўваць яе. Менавіта асэнсаваныя веды застаюцца з табой надоўга. Падчас абмеркавання іх можна «дастаць» з нейкіх тайнікоў свядомасці.

— Для трэніроўкі адказваеце на пытанні, якія прапануеце ігракам?

— Усе пытанні, што дасылаюць тэлегледачы, праходзяць некалькі стадый адбору. Спачатку мы адсейваем тыя, што не падыходзяць па фармаце. Застаецца, як правіла, адно з дзесяці. Іх правяраем па крыніцах, ці сапраўды гэта так. Я падключаюся толькі ў момант працы над дакладна праверанымі, цікавымі пытаннямі, што на думку рэдакцыі могуць трапіць на мой стол. Так, падчас абмеркавання мы на іх адказваем і спрабуем зразумець, ці ёсць ключ да правільнага адказу. Часам я сам не ведаю адказу на пытанне, але разумею, што знатакі камандным розумам змогуць яго знайсці. Гэтыя пытанні застаюцца ў гульні.

Марына ВЕСЯЛУХА

vesіaluha@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Стральцам на гэтым тыдні не трэба пераацэньваць сваіх магчымасцяў.

Гандаль

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Кандытарскія вырабы — брэнд беларускай харчовай прамысловасці

Напярэдадні Міжнароднага сімпозіума кандытараў эксперты расказалі аб планах і перспектывах кандытарскай галіны.

Сям'я і дэмаграфія

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Святлана Клачкова: Чым больш дзяцей, тым больш любові

Як жа шматдзетная сям’я спраўляецца з хатнімі клопатамі?