Вы тут

Як жывуць апошнія жыхары Нароўшчыны


У Нароўшчыне некалі было пад паўтары сотні жыхароў, а зараз засталося трое. Такім чынам, большасць вёскі цяпер складае сям'я Адамчукоў — Мікалай Фёдаравіч і Алена Дзмітрыеўна. Галава сям'і 1933 года нараджэння, жонка на пяць гадоў маладзейшая. Абое яны тутэйшыя, нарадзіліся і выраслі ў гэтай вёсцы, тут дзяцей выгадавалі, цяпер у згодзе дажываюць свой век.


Мікалай Фёдаравіч, яшчэ даволі бадзёры пенсіянер, мае на зайздрасць выдатную памяць. Нават жонка падкрэсліла такую асаблівасць яго натуры: «Як пачне расказваць, нібы ўчора было». Падзеі шасцідзесяці-, а то і сямідзесяцігадовай даўніны ён згадвае з прозвішчамі, дэталямі, а то і чысло месяца называе. Адзін з першых выразных успамінаў дзяцінства Мікалая звязаны з налётам на вёску атрада немцаў. Гэта было ў 1943 годзе. Нехта данёс акупантам, што ў Нароўшчыну наведваюцца партызаны. Прыехалі, сяло ачапілі, усіх выгналі з хат і пастроілі за вёскай.

— Стаялі ў трох розных шарэнгах, з аднаго боку, мужчыны, з другога — жанчыны, маці з малымі дзецьмі, а паміж імі — дзеці, падлеткі, такія, як я, — успамінае Мікалай Фёдаравіч і малюе рукамі на стале, — так вось стаялі, літарай А. Стаялі доўга, страху нацярпеліся! Потым людзі расказвалі, што ў некага ў хляве ўсё ж хаваўся партызан. Добра, што сядзіба крайняя была, ён нейкім чынам выбраўся, цераз палі ўцёк. Калі б яго знайшлі, усіх расстралялі б, вядома. А так забралі чатыры чалавекі, павезлі ў Пружаны. Астатніх адпусцілі. Праз колькі дзён усе дазналіся, што траіх у Пружанах расстралялі. Вось так мы і перажывалі тую вайну...

Пасля вызвалення наш герой пайшоў у школу пераросткам. Паводле яго ўспамінаў, адразу сфарміравалі чатыры першыя класы, у залежнасці ад узросту вучняў. Мікалай трапіў у трэцюю групу першага класа. Трэба ж было вучыцца. Скончыў сямігодку, у восьмы клас ісці не выпадала, быў ужо занадта дарослы. Неабходна было набываць спецыяльнасць і думаць пра свой кавалак хлеба. У Маларыцкім прафтэхвучылішчы атрымаў прафесію трактарыста. Праўда, перад гэтым была служба ў арміі.

— 25 мая 1952 года пайшоў у войска, — гаворыць Мікалай Адамчук. — 35 сутак везлі: Чыта, Камсамольск-на-Амуры, далей паромам. 48 тунэляў праходзілі — назад едучы падлічыў. Усе армейскія падрабязнасці былы салдат згадвае, нібы гэта было ўчора ці месяц таму. І як захварэў там, як датэрмінова камісавалі з арміі...

Ну, а дома хапала работы на зямлі. Працаваў спачатку ў МТС (машынна-трактарная станцыя, пазней арганізацыі сталі называцца сельгастэхнікамі), потым у калгасе. Было ў яго біяграфіі і некалькі гадоў працы на заработках ва Украіне. Там зямля ўрадлівая, трактарысты патрабаваліся, плацілі добра. І нават падумваў ужо, каб асесці там. «Была такая чарнабровая дзяўчына, якая ўгаворвала застацца, — усміхаецца пенсіянер. — Але брат напісаў пісьмо, у якім насварыўся ад імя бацькоў, патрабаваў вяртацца дадому. Ну, я і паслухаўся».

І тут у размову ўступае Алена Дзмітрыеўна: «Ну і што б ты рабіў цяпер у той Украіне? Хіба на Майдан хадзіў бы? А тут во ў санаторыі кожны год ездзіш!»

Аказалася, і праўда, шаноўны ветэран працы, які шмат гадоў працаваў механізатарам, потым брыгадзірам у калгасе, карыстаецца ўсімі льготамі для пенсіянераў і фактычна кожны год папраўляе здароўе ў санаторыі.

— Ён любіць кампаніі, мноства людзей, расказвае, як на танцы ходзіць у санаторыі. А мне найлепей у сваёй хаце, я не ўмею быць у тых санаторыях, таму не езджу туды, — расказвае Алена Дзмітрыеўна, — а яго адпускаю. Калі на карысць здароўю, то хай сабе ездзіць.

У гаспадыні дома хворыя ногі і ходзіць яна з кіёчкам, але ў хаце поўны парадак. Чысціня і прыгажосць падтрымліваюцца яе рукамі. Хоць і дапамагаць, вядома, ёсць каму. Траіх дзяцей маюць сужэнцы Адамчукі, сем унукаў і 13 праўнукаў. «У адной унучкі нядаўна двайняты нарадзіліся, — з любоўю расказвае бабуля. — Было ў іх двое дзетак, крэдыт узялі на жыллё, потым рашылі трэцяга завесці, каб той крэдыт лягчэй выплачваць было. А тут Бог даў дваіх. І цяпер чацвёра. Нічога, сям'я ў іх добрая, выгадуюць. Цяпер на дзяцей грошы даюць. Нам некалі і аднаго рубля ніхто не даваў, а неяк паднімалі».

Алена Дзмітрыеўна доўгі час займалася выхаваннем дзяцей і хатняй гаспадаркай. Муж забяспечваў сям'ю. А як падраслі дзеці, пайшла на паляводства ў калгас, працавала там да пенсіі.

Старшыня Рэчыцкага сельскага Савета Наталля Шосцік падкрэсліла, што ўсе дзеці і ўнукі Адамчукоў выраслі працавітымі, прыстойнымі людзьмі. Сын Уладзімір, які жыве ў суседняй вёсцы, карыстаецца павагай у аднасяльчан, з'яўляецца дэпутатам сельскага Савета. Так што і бацькі, і бабуля з дзядулем яны багатыя. Добрыя дзеці — найлепшае багацце. Вось толькі збірацца ўсім у бацькоўскай хаце даводзіцца не часта. Яно і зразумела, ва ўсіх свае сем'і, клопаты. Затое тэлефануюць усе рэгулярна.

Як кажуць гаспадары, удваіх жыць не сумна. Тры разы на тыдзень прыходзіць аўтакрама, купіць можна ўсё, што трэба. Па меры неабходнасці заязджае паштовая машына. Фельчар з ФАПа перыядычна заходзіць. «Грэх скардзіцца, — гаворыць гаспадыня дома. — Як маладзейшыя і здаравейшыя былі, то трымалі па дзве каровы, пяць свіней, птушку розную... А цяпер з гаспадаркі засталіся каты, сабакі ды дзясятак курэй».

Але курачак трэба глядзець увесь час. Каршуны паласаваліся. З лісой была цэлая гісторыя. Калі гаспадар заўважыў яе ў хляве, спужаўся, што можа быць шалёнай — таму так блізка падышла. Выклікалі адпаведныя службы. Прыехалі паляўнічыя, звера застрэлілі. Пазней з ветстанцыі перадалі, што аналіз паказаў адсутнасць шаленства. Проста рыжую драпежніцу так вабіў пах курэй, што яна, відаць, згубіла ўсялякі страх і нахабна сядзела ў хляве ў спадзяванні пажывіцца. Але гаспадары загадзя зрабілі для курэй асобны ізаляваны хлеўчык. Цяпер птушку таксама трымаюць увесь час закрытай, а гуляць курачак выпускаюць на гадзіну-паўтары пад наглядам. Таму на Вялікдзень усю вялікую сям'ю бабуля пачастуе сваімі яйкамі.

Прыйшла вясна, і ў Мікалая Фёдаравіча з'явіўся яшчэ адзін клопат: трэба назапасіць бярозавага соку. Бярозы растуць на ўласным участку, іх некалі пасадзілі самі гаспадары. А хутка і агарод пачнецца.

— Цяпер пенсіянерам жыць добра, — разважае Алена Дзмітрыеўна. — Усё, што трэба, дадому прывязуць. Не забываюць нас. І самае галоўнае, што мы ўдваіх. Начаваць не страшна, як аднаму было б, кругом жа лясы. І пагаварыць ёсць з кім. Часам гаворым паміж сабой, што няблага і памерці разам. Але ж так бывае толькі ў казцы. Ужо як нехта адзін застанецца, дзеці будуць вырашаць, што рабіць далей. Іх жа трое. А пакуль радуемся, што вясны дачакаліся, — усміхаецца прыветлівая гаспадыня дома.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Добра жыць удваіх

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.