Вы тут

Чаму нельга гасіць крэдыт па нумары дагавора?


Або яшчэ раз пра тое, што дагавор трэба чытаць уважліва

Праблема ўзнікла з-за замены пашпарта крэдытаатрымальніка. Нумар крэдытнага дагавора застаўся першапачатковым, аднак заплаціць пазыку банку ўдалося не адразу...


За кожны рубель — больш як два рублі

Банкіры рады выдаваць крэдыты. Асабліва людзям, якія маюць добрую фінансавую рэпутацыю, своечасова разлічваюцца за карыстанне грашамі. Апрача ўсяго, гэта добрыя даходы банкаўскіх устаноў.

13 жніўня 2012 года я аформіў крэдыт у адным з банкаў. Узяў 15 тагачасных мільёнаў пад 33,5%. Тады такая стаўка лічылася вельмі прывабнай. Гэтую суму за 5 гадоў трэба вярнуць. А яшчэ — больш за 15,2 мільёна — працэнты. Дадаткова трэба было выплаціць камісійныя. Плюс зняў гатоўкай з крэдытнай карткі — зноў дадатковая плата...

Грошы патрачаны былі на набыццё мэблі дзецям. Выплачваў спраўна: толькі аднойчы на адзін дзень спазніўся, бо захварэў. Заплаціў штраф, пра які быў папярэджаны.

Першая праблема ўзнікла амаль два гады таму, калі атрымаў новы пашпарт. Прыйшоў у касу, паказаў нумар крэдытнага дагавора. Дзяўчына не знайшла неабходную інфармацыю ў камп'ютары. Спытала нумар старога пашпарта — не памятаю! Іншая супрацоўніца банка па тэлефоне даведалася нумар старога пашпарта і напісала яго на паперцы. Маўляў, вось гэта і паказвайце...

Не ўсё так проста

Нядаўна чарговы раз хацеў пагасіць крэдыт. Вярнуўся вечарам у Віцебск з камандзіроўкі. Найбліжэйшая банкаўская «кропка» знаходзіцца на чыгуначным вакзале. Падыходжу і паказваю напісаныя ад рукі нумар крэдытнага дагавора і нумар старога пашпарта. Хлопец адмовіўся прыняць плацеж. Нават пагутарыў з калегам у суседнім «адсеку». І ў адзін голас яны заявілі: «Немагчыма».

Аднак праз некалькі хвілін на вуліцы Кірава ў больш буйным аддзяленні банка ніякіх праблем з прыняццем плацяжу па крэдыце не ўзнікла. Пасля таго, як разлічыўся, папрасіў сустрэчы з кіраўніцтвам аддзялення. Майму жаданню напісаць скаргу здзівіліся і заўважылі, што тут гэта зрабіць немагчыма: трэба пайсці ў дырэкцыю або звярнуцца пісьмова...

Нарэшце кіраўніцтва аддзялення пагадзілася прыняць пісьмовую заяву, каб яе перадаць каму трэба. Падчас гутаркі таксама высветлілася, што ёсць магчымасць выплачваць крэдыт па меншай стаўцы, аднак пра гэта мне раней банкіры не гаварылі. Нагадаю, за нясвоечасовае пагашэнне крэдыту банк прадугледжвае фінансавае пакаранне.

«Сам дурань»

У афіцыйным адказе кіраўнік дырэкцыі ААТ «Белінвестбанк» па Віцебскай вобласці прызнаў, што касір на вакзале неправамерна адмовіў у ажыццяўленні аперацыі. З ім «праведзеная вучоба аб парадку пагашэння запазычанасцяў па крэдытных дагаворах...» Указалі і на неабходнасць недапушчэння аналагічнага ў будучым. Словы ў лісце пра прадастаўленне паслуг высокай якасці ў мяне выклікалі ўсмешку. Як і пра карпаратыўную культуру абслугоўвання.

Каб атрымаць больш выразны і кампетэнтны адказ на пытанне: «Чаму ў банку не могуць прымаць плацяжы па нумары дагавора?», адправіў электронны зварот у аблвыканкам. Адказ прыйшоў ад намесніка кіраўніка праўлення банка. На трох старонках былі выкладзены вынікі службовай праверкі. Амаль адразу мне нагадалі пра абавязак пісьмовага паведамлення пра змяненні пашпартных даных. Так, у дагаворы ёсць такі пункт, але я пра яго цягам трох гадоў забыў, і работнікі банка, прымаючы плацяжы з напісаным ад рукі нумарам старога пашпарта, не нагадвалі мне пра гэта ашчэ амаль два гады.

Чаму нельга гасіць крэдыт па нумары дагавора, я так і не зразумеў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Чаму ў банку... грошы не ўзялі?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».