Вы тут

Сакрэты працы інспектара па справах непаўналетніх


Вячаслаў САЙКО перамог у рэспубліканскім конкурсе сярод інспектараў інспекцыі па справах непаўналетніх, прычым, другі раз запар. Наогул у гэтай структуры ў Савецкім раёне сталіцы ён працуе ўжо 23 гады. І, як прызнаецца сам Вячаслаў, за гэты перыяд многае паспела памяняцца як у сферы правапарушэнняў, так і ў мадэлі паводзін падлеткаў. Пра тое, што дапамагло перамагчы ў конкурсах, як арганізаваць работу з цяжкімі падлеткамі і якім чынам навучыцца браць эмоцыі пад кантроль, лепшы сярод інспектараў распавёў у інтэрв'ю.


— Вячаслаў Міхайлавіч, раскажыце, калі ласка, аб сваім вопыце ўдзелу ў конкурсах.

— Спаборніцтвы праходзяць штогод, часцей за ўсё яны прымеркаваны да Дня ўчастковага, 17 лістапада, і аб'ядноўваюць у сабе два кірункі — барацьбу за званне лепшага ўчастковага інспектара і лепшага інспектара па справах непаўналетніх, што, якраз і з'яўляецца маім профілем.

Я прымаў удзел у конкурсе ўжо пяць разоў: першы раз у 2008-м, потым быў перапынак, а пасля з 2013 года пры кожнай магчымасці спрабаваў свае сілы. І два апошнія разы мне пашанцавала, хоць, думаю, сваю ролю адыграў і вопыт.

Пачынаецца ўсё з узроўню райаддзела, у кожным выбіраюць саіскальніка звання, далей ідзе гарадскі конкурс і фінал — рэспубліканскі. Улічваюцца не толькі паказчыкі ў рабоце, але і веданне нарматыўных дакументаў, крыміналістыкі, узровень медыцынскай падрыхтоўкі, валоданне табельнай зброяй... Насамрэч аб'ём інфармацыі велізарны, прычым, яна даволі часта абнаўляецца.

Калі ўдаецца адзін раз перамагчы, другі раз адказнасць у разы вышэйшая, ад цябе чакаюць хоць бы месца ў тройцы. Я відавочна адчуў гэта на сабе на этапе стральбы. Падчас трэніровак усё атрымлівалася на выдатна, падчас пробных — таксама, а ў вырашальны момант пачалося такое невытлумачальнае хваляванне... Добра, што мы стралялі не на час, мне больш хвіліны спатрэбілася, каб узяць сябе ў рукі. Але ў выніку ўсё атрымалася.

— У чым вы бачыце значэнне падобных спаборніцтваў, і як іх можна было б удасканаліць?

— Конкурсы падымаюць аўтарытэт супрацоўнікаў і ў цэлым службы, матывуюць інспектараў больш актыўна праяўляць сябе. Да таго ж павышаецца патрабавальнасць да сябе, раз ужо ты лепшы на рэспубліцы, то ў добрым сэнсе павінен быць прыкладам, не можаш дазволіць сабе расслабіцца. А выйграныя ў конкурсе для аддзела службовыя машыны пра гэта лішні раз нагадваюць.

Я б, можа, больш строгім зрабіў этап праверкі фізічнай падрыхтоўкі. Усё ж такі на конкурс прыязджаюць лепшыя, таму яны з лёгкасцю здаюць нарматывы на 5. Цікавей было б вызначыць тых, хто па розных паказчыках праявіў сябе лепш за ўсіх, унесці элемент прамога саперніцтва.

Што датычыцца тэарэтычнай базы, то добра, што цяпер яна сканцэнтравана на нашай непасрэднай працы. Раней трэба было і Правілы дарожнага руху здаваць, і ўменне работы з эканамічнымі злачынствамі паказваць, гэта адцягвала ад галоўнага. Мадэляванне рэальных сітуацый цяжка пакуль уявіць, таму што іх немагчыма ацэньваць цалкам аб'ектыўна. Але паўдзельнічаць было б цікава.

— Што б вы назвалі галоўнай часткай сваёй работы?

— Я вылучыў бы два асноўныя кірункі. Па-першае, лекцыі, гутаркі, нацэленыя на бяспечныя паводзіны падлеткаў. Пачынаючы з Правілаў дарожнага руху да паводзін у грамадскіх месцах, напрыклад, паблізу вадаёмаў. Усюды немагчыма паставіць супрацоўніка міліцыі, але дзякуючы прафілактыцы звесці да мінімуму імавернасць трагічных здарэнняў цалкам у нашых сілах.

І другі кірунак — гэта прадухіленне здзяйснення злачынстваў. Дзеці ў значнай ступені схільныя да спакус, толькі тлумачыць ім наступствы неправамерных учынкаў недастаткова, сітуацыю заўсёды павінны кантраляваць дарослыя.

Спецыфіка працы залежыць не тое што ад пэўнага горада або раёна, а нават ад мікрараёна. У цэнтры больш забаўляльных устаноў, якія па вечарах наведваюць падлеткі, а ў спальных раёнах у іх ёсць свае месцы збору, у зонах адпачынку, грамадскіх месцах узнікаюць свае асаблівыя пытанні ў сувязі з паводзінамі непаўналетніх.

— Як вы выбудоўваеце адносіны са сваімі падапечнымі?

— У першую чаргу, трэба быць шчырым, дзеці вельмі выразна ўмеюць гэта вызначаць. Мой досвед дазваляе пры поглядзе на падлетка, а ўжо тым больш абмяняўшыся з ім некалькімі фразамі, вызначыць, як лепш за ўсё пабудаваць дыялог.

Калі прыводзяць пяці- ці сямікласніка, вядома, я імкнуся яго не напалохаць. Трэба яго разгаварыць, разам паразважаць, чаму ён не мае рацыі, можа быць, больш увагі ўдзяліць нават не яму, а ягоным бацькам. Зусім іншая справа, калі прыводзяць п'янага падлетка-дэбашыра. Але і ў гэтым выпадку першае, што трэба зрабіць, — яго супакоіць.

— На вашу думку, як дзеці і падлеткі змяніліся больш чым за 20 гадоў?

— Вы паглядзіце вакол, як змяніўся ўвесь свет! Вядома, і дзеці сталі іншымі. Узяць хоць бы вобраз паводзін: раней з вуліцы іх было не загнаць дадому, цяпер — наадварот. Гэта ў многім вызначае і характар здарэнняў. Цяпер падлеткі імкнуцца больш наведваць забаўляльныя ўстановы, што раней было нават цяжка сабе ўявіць, гуртуюцца ў гандлёвых цэнтрах і каля рэстаранаў хуткага харчавання. Пры гэтым, як раней галоўнай праблемай былі крадзяжы, так і зараз. Толькі цяпер іх сталі здзяйсняць яшчэ і з выкарыстаннем камп'ютарнай тэхнікі.

У 1990-х пра шырокае распаўсюджванне наркотыкаў сярод школьнікаў не было і гаворкі. На шчасце, і цяпер, асабліва ў параўнанні з усплёскам, які скалануў усю краіну некалькі гадоў таму, сітуацыю ўдалося стабілізаваць. Зыходзячы з майго досведу, калі яшчэ два гады таму на ўліку ў нарколага знаходзілася 20 чалавек, то зараз ужо чатыры. Суровая адказнасць — эфектыўны стрымліваючы фактар.

Мне здаецца, дзеці заўсёды будуць разумнейшыя за сваіх бацькоў. Цяпер інфармацыйная забяспечанасць значна вышэйшая, чым раней, прычым інфармацыя паступае рознага роду, як патрэбная, так і непатрэбная, варта толькі адкрыць інтэрнэт. Вядома, і падлеткі лепш валодаюць інфармацыяй, але чытаюць пераважна тое, што ім цікава, а тое, што важна і трэба, — не заўсёды. Таму ў кожнай школе мы стараемся арганізаваць прававы куток, дзе тлумачацца актуальныя праблемы.

Я пабываў практычна ў кожным класе сярэдняй і старшай школы на сваім участку. Магу адзначыць, што дзеці вельмі ўпэўненыя ў сабе, у некаторым сэнсе нават адчуваюць сваю беспакаранасць. Наглядзеўшыся фільмаў, заяўляюць: «Я не зрушуся з месца і не буду размаўляць без свайго адваката». Шмат намаганняў прыходзіцца прыкладаць, каб данесці, што свае абавязкі мы выконваем ім на карысць.

— Вы назвалі б сваю работу складанай?

— Я аднёс бы яе да напружаных, таму што ўзнікае шмат канфліктных сітуацый, і гэта непазбежна. Стараешся быць пераканаўчым, часам і строгім. За 23 гады я навучыўся стрымліваць эмоцыі. Дастаткова таго, што адзін чалавек ужо «на ўзводзе», трэба яго супакоіць, таму што ў сітуацыі прасцей разабрацца, калі эмоцыі ўлягліся.

Мы працуем і з праблемнымі сем'ямі. Гэта той выпадак, калі трэба кантраляваць праявы жалю, каб аб'ектыўна глядзець на сітуацыю. Наша задача — змагацца за сям'ю, не быць абыякавымі, але і не заплюшчваць вочы на праблемы. Стрэсавая сітуацыя, калі часова забіраюць дзяцей, дапамагае многім бацькам перамяніцца, узяць сябе ў рукі. Глядзіш на гэтыя «развітанні», і ў глыбіні душы падымаецца жаль, але так трэба, інакш дзеці могуць пацярпець.

— Дзе вы набіраецеся сіл для сваёй няпростай працы?

— Мяне вельмі падтрымлівае мая сям'я — жонка і дачка, а таксама бацькі. Яны ў мяне настаўнікі, я таксама планаваў пайсці па іх слядах, таму скончыў геаграфічны факультэт БДУ. Але ў інтэрнаце пазнаёміўся з курсантамі, мяне зацікавіла сфера іх працы, і я крута змяніў сваё жыццё.

Аднак любоў да прыроды ў мяне захавалася. Мой сапраўдны запал — рыбалка, асабліва зімовая. Неяк нават Новы год адзначаў на рацэ і наступны адпачынак планаваў прысвяціць менавіта гэтаму занятку. Варта быць у добрай фізічнай форме. У вольны час займаюся боксам.

— Як вы думаеце, будзе змяняцца спецыфіка дзейнасці вашай службы ў будучыні?

— Магчыма, у інспектараў па справах непаўналетніх будзе асобны дэпартамент, у які будуць уваходзіць свой суд, свая камісія, свая міліцыя. Гэта сусветны досвед, можа, і мы паступова пачнём яго пераймаць. Усё ж такі работа з дзецьмі мае на ўвазе падрыхтоўку адпаведных вузканакіраваных спецыялістаў.

Можа быць, частка функцый будзе перададзена грамадзянскім службам, напрыклад, спагнанне аліментаў, а таксама пашыраныя выхаваўчыя функцыі навучальных устаноў. Не думаю, што калі-небудзь знікне неабходнасць работы з падлеткамі. За імі будучыня, таму проста неабходна ўдзяляць ім асаблівую ўвагу.

Дар'я КАСКО

kasko@zvіazda.by

Загаловак у газеце: «Падлеткі становяцца больш інфармацыйна забяспечанымі і таму самаўпэўненымі»

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.