Вы тут

Замест ільготнага крэдытавання — сістэма адрасных субсідый


Распрацоўваецца праект указа аб дадатковых мерах па дзяржпадтрымцы ў жыллёвым будаўніцтве

Начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр ГОРВАЛЬ растлумачыў, як будзе працаваць новая сістэма дзяржпадтрымкі для чаргавікоў.


Захаваць сацыяльны акцэнт

Нават у новых эканамічных умовах дзяржава будзе і надалей дапамагаць найбольш слабаабароненым катэгорыям грамадзян пры ўзвядзенні ўласнага жылля. У лютым Беларусбанк пачаў выдаваць ільготныя крэдыты на будаўніцтва жылля пад 11,5% гадавых тэрмінам да 15 гадоў для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў. У першачарговым парадку такія крэдыты афармляліся ветэранам баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў.

Усяго ў Беларусі ў наступныя два гады будзе пабудавана 7 млн квадратных метраў жылля, ці прыкладна па 3,5 мільёна «квадратаў» штогод. У прыватнасці, будаўніцтва арэнднага жылля на бягучы год запланавана ў аб'ёме 114,62 тысячы квадратных метраў, а жылля з дзяржпадтрымкай — каля 375 тысяч «квадратаў».

Для масавай падтрымкі не хапае сродкаў

Прыняты некалькі гадоў таму Указ №13 «Аб некаторых пытаннях прадастаўлення грамадзянам дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў», які рэгулюе пытанні прадастаўлення дзяржпадтрымкі некаторым катэгорыям грамадзян, не страціў свой актуальнасці.

— Гэты дакумент працуе нармальна, час паказаў правільнасць яго прыняцця. З палажэннямі ўказа ўсё добра. Вось толькі рэсурсная база пад яго рэалізацыю, на жаль, апошнім часам пастаянна змяншаецца. З-за гэтага колькасць дамоў, запланаваных на 2017 год, меншая, чым было ў ранейшыя гады. Аб'ём крэдытных рэсурсаў за апошнія гады паменшыўся амаль у 2,5 раза. Цяпер, на працягу года, урад знаходзіць дадатковыя фінансавыя рэсурсы для «падцягвання» аб'ёмаў жылля, якое ўводзіцца з дзяржпадтрымкай, — кажа Аляксандр Горваль. І ён упэнены, што гэта цалкам магчыма. Напрыклад, пры заданні на 2016 год пабудаваць 840 тысяч квадратных метраў уведзена больш за 990 тысяч «квадратаў». Праўда, сёння ёсць грошы на тое, каб пабудаваць сёлета толькі 375 тысяч. Нядаўна кіраўніцтва адшукала чарговы транш, зараз ідзе яго нарматыўнае афармленне.

— Гэтыя грошы дазволяць пабудаваць яшчэ дадаткова жылля для тых, хто мае патрэбу, — кажа Аляксандр Горваль. — Такім чынам будзем дзейнічаць і далей. Іншага шляху, як нястомна адшукваць сродкі, у нас няма.

Новы ўказ дашліфоўваецца

Дзе браць грошы на будаўніцтва кватэр для льготнікаў? Дзяржава робіць у гэтым кірунку і такі захад: сістэма прамых ільготных крэдытаў, праз пералік сродкаў банкамі, паступова будзе заменена сістэмай субсідзіравання не банкаў, а непасрэдна грамадзян. Да гэтага падштурхоўвае само жыццё, бо аб'ёмы прамой дзяржпадтрымкі ў выглядзе льготных крэдытаў скарачаюцца, а міжнародныя фінансавыя арганізацыі патрабуюць адмовіцца ад выкарыстання рэсурснай базы дырэктыўнага крэдытавання.

— Ідэя новаўвядзення ў тым, каб пасля атрымання субсідыі чалавек мог яе накіраваць на пагашэнне крэдыту, атрыманага на камерцыйных умовах, — кажа Аляксандр Горваль. — Сістэма будзе працаваць так: банкі прапануюць крэдытаатрымальнікам пазыковыя сродкі пад будаўніцтва жылля, а грамадзяніну будзе налічвацца субсідыя. Для некаторых катэгорый яна пойдзе на пагашэнне часткі працэнтаў і часткі асноўнага доўгу па крэдыце. (Катэгорыі, у цэлым, пры гэтым застаюцца тыя ж, што і прапісаныя ва Указе №13.) Гэта дазволіць нам, па-першае, прыцягнуць у будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай дадатковыя рэсурсы, якія ў камерцыйных банкаў ёсць. А па-другое, пазбягаць дырэктыўнага крэдытавання, гэта значыць сыходзіць ад прамога пералічэння банкам сродкаў з бюджэту.

Цана пытання

Як растлумачыў Аляксандр Горваль, працэнты ў асноўным па крэдытах таксама не зменяцца. А памеры субсідый будуць разлічвацца такім чынам, каб у грамадзян заставаліся прыкладна тыя ж аб'ёмы плацяжоў, што і раней. Пры гэтым застаецца дзейнічаць і Указ №13. Цяпер праект новага дакумента прадстаўлены ў Савет Міністраў. У цэлым работа набліжаецца да завяршэння, лічыць спецыяліст.

Ён таксама заўважыў, што Мінбудархітэктуры накіравала свае прапановы ў Мінэканомікі, і, згодна з імі, максімальны лімітавы кошт жылля, якое будуецца з дзяржпадтрымкай, павінна да канца бягучага года скласці 850 рублёў за квадратны метр. Прыкладна такі ўзровень цаны жыллёвага «квадрата» прагназаваўся па выніках мінулага года. Але цана тады ўпала...

Апошнія навацыі, якія прадугледжвае новы дакумент, павінны падштурхнуць беларускія банкі больш актыўна падключацца да працэсу субсідзіравання. Практычна ад любога айчыннага банка чакаюць ініцыятыўнасці ў гэтай справе.

— Усяго ў Беларусі цяпер каля 30 банкаў, з іх 15 крэдытуюць жыллёвае будаўніцтва, з якіх — 2 з дзяржпадтрымкай, — разважае Аляксандр Горваль. — Цяпер мы разлічваем, што і надалей не менш як 10—15 банкаў будуць выдаваць крэдыты на будаўніцтва жылля з дзяржпадтрымкай. Дзяржава ў гэтым выпадку бярэ на сябе задачу выплачваць грамадзянам розніцу ў працэнтах — паміж ільготнымі і камерцыйнымі крэдытамі.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.