Вы тут

У Курапатах прайшоў суботнік па добраўпарадкаванні


Сёння ў Курапатах адбылася працоўная акцыя па добраўпарадкаванні ўрочышча. Акцыя была абвешчаная Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі. Да яе далучыліся грамадскія аб’яднанні “Белая Русь”, БРСМ, проста нераўнадушныя людзі.


За час суботніка лясны масіў, у якім пахаваныя бязвінна загінулыя падчас рэпрэсій 1920-50 гг, чысцілі ад ламачча і паваленых дрэў. Работа знайшлася ўсім: жанчыны збіралі галлё, мужчыны – распілаваныя бярвенні. За некалькі гадзін непатрэбнай драўнінай былі напоўнены з дзясятак грузавікоў.

 

Усяго ў акцыі прынялі ўдзел  каля 200 чалавек. Разам з іншымі валанцёрамі працавала і каманда Выдавецкага дома “Звязда”.

Гэта акцыя стала пачаткам маштабнага добраўпарадкавання Курапатаў.  Яе вынікам стане з’яўленне на гэтым памятным месцы мемарыялу.

Дарэчы, якім яму быць, будуць выбіраць беларусы, а не журы.

Аб гэтым заявіў міністр культуры Барыс Святлоў, які таксама разам са сваім першым намеснікам Ірынай Дрыга працаваў на суботніку ў Курапатах.

Міністр адзначыў, што Міністэрства культуры дало старт конкурсу па стварэнні мемарыяла ў Курапатах, які працягнецца да 25 красавіка. Таксама абвешчаны збор сродкаў, у якім можа паўдзельнічаць кожны неабыякавы чалавек. "Што датычыцца канцэпцыі самога мемарыяла, то ён не павінен прадстаўляць сабой грандыёзны помнік, які б паціснуў гэтае месца. Галоўнае – гэта тая ідэя, якую павінен данесці скульптар або архітэктар. Яна заключаецца ў тым, каб сапраўды пазначыць гэтае месца, дзе мы аддаём даніну памяці ўсім ахвярам", – адзначыў Барыс Святлоў.

У рамках конкурсу ствараецца прафесійнае журы, аднак вырашальнае слова будзе менавіта за грамадзянамі Беларусі, падкрэсліў міністр. Базавай арганізацыяй конкурсу з'яўляецца Цэнтр сучасных мастацтваў.

– Я б не хацеў зацягваць сам працэс стварэння гэтага мемарыяла, – дадаў Барыс Святлоў. Помнік будзе пабудаваны і за кошт сродкаў Міністэрства культуры, а таксама, магчыма, за грошы ад суботнікаў.

– Да нас звяртаюцца людзі з заклікам спыніць усялякія палітычныя дэмаршы вакол гэтага месца, дзе нявінна загінулі людзі, – падкрэсліў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл ОРДА. –  Дзяржава аб'явіла, што гэта месца будзе добраўпарадкавана і тут будзе пабудаваны мемарыял памяці і смутку. Грамадскія арганізацыі сёння праводзяць суботнік, і гэтай працоўнай акцыяй мы паказваем сваю салідарнасць па гэтым пытанні і ўносім свой уклад у гэтую справу.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ 

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?