Такі шлях прайшоў за 70 гадоў навукова-тэхнічны цэнтр, дзякуючы якому краіна ў свой час атрымала новую галіну прамысловасці — камбайнабудаванне. Наколькі запатрабаваная і ўдзячная яго праца, гаворыць той факт, што прадстаўнікам калектываў, якія стварылі сямейства камбайнаў «Палессе», прысуджана Дзяржаўная прэмія. І яшчэ адна Дзяржаўная прэмія прысуджана за распрацоўку і выраб... медыцынскага абсталявання.
Напярэдадні знамянальнай даты карэспандэнты «Звязды» сустрэліся з дырэктарам НТЦК ААТ «Гомсельмаш» Аляксандрам Шантыка.
— Калектыў сапраўды прайшоў шлях ад распрацоўкі найпрасцейшых саламарэзак да стварэння цэлай гамы высокапрадукцыйных, начыненых электронікай сельскагаспадарчых машын.
— Каб стала зразумелым, наколькі няпростым быў гэты шлях, яго гісторыю чыста ўмоўна варта разбіць на некалькі этапаў. Спачатку створанае ў 1947 годзе на заводзе «Гомсельмаш» спецыялізаванае канструктарскае бюро займалася распрацоўкай абсталявання для механізацыі працаёмкіх працэсаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве. І толькі праз дзесяць гадоў, калі таго запатрабавала жыццё, быў узяты курс на прычапныя сіласаўборачныя камбайны, а таксама мадэрнізацыю і стварэнне новых кормаўборачных транспартных комплексаў. Яны выкарыстоўваліся для перавозкі здробненай масы ад камбайнаў.
Наступны этап быў прысвечаны стварэнню першага айчыннага — у СССР — самаходнага кормаўборачнага камбайна і яго мадыфікацый, а таксама ўніфікаванага з ім прычапнога кормаўборачнага камбайна і трактарных прычэпаў рознай грузападымальнасці.
Пачынаючы з 1987 года быў ажыццёўлены паступовы пераход да комплексаў на базе ўніверсальных энергетычных сродкаў (УЭС) рознага прызначэння. Створанае сямейства УЭС «Палессе-250» мела шлейф машын для ўборкі кармоў і цукровых буракоў, а малагабарытны энергасродак «Палессе-30» — набор з 20 машын будаўнічага і дарожна-камунальнага прызначэння.
Прадстаўляем суразмоўцу
Нарадзіўся Аляксандр Сцяпанавіч у Бярозаўскім раёне Брэсцкай вобласці. Закончыў Беларускі політэхнічны інстытут, пазней — Акадэмію кіравання пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь. Лёс цалкам звязаны з «Гомсельмашам», дзе ён працаваў на інжынерных і кіруючых пасадах, у тым ліку ў НТЦК. Апошнім часам з'яўляецца дырэктарам НТЦК. Калектыў узначаліў у 2016 годзе.
Жанаты. Мае дваіх дзяцей і траіх унукаў.
— І вось нарэшце ў 1996 годзе пачаў зараджацца новы для Рэспублікі Беларусь кірунак у машынабудаванні...
— Так, узнікла цэлая новая галіна — камбайнабудаванне для ўборкі збожжавых. І гэта быў новы важны этап не толькі ў жыцці канструктарскага бюро, але і ў цэлым аб'яднання «Гомсельмаш». Што звязана з прыняццем Прэзідэнтам краіны рашэння аб стварэнні свайго збожжаўборачнага камбайна. Такім чынам, у 1996 годзе ў Гомелі пачалася работа па распрацоўцы, выпрабаванні і пастаноўцы на вытворчы канвеер комплексаў для ўборкі збожжавых культур КЗР-10 «Палессе-Ротар» на базе энергасродкаў, а таксама адначасовая распрацоўка кормаўборачных камбайнаў. А калі з'явіўся дастатковы вопыт, падрыхтавалі кадры і асвоілі сучасныя тэхналогіі (гэта ўжо 1999 год), тады бюро прыступіла да стварэння канструкцыі шэрагу машын новага пакалення, асваення вытворчасці самаходных збожжаўборачных, кормаўборачных, ільноўборачных камбайнаў, прычапных бульбаўборачных камбайнаў і касілак.
Абсалютна іншы, наватарскі, этап пачаўся ў 2005 годзе, калі мы можам гаварыць ужо пра стварэнне канструкцый навукаёмістай збожжаўборачнай і кормаўборачнай тэхнікі з рухавікамі магутнасцю 450—600 к.с. Пачалося стварэнне экспартаарыентаванай тэхнікі. Гэты кірунак і сёння актуальны, ён працягвае развівацца. Краіна атрымала цэлую лінейку разнастайных мадэляў збожжаўборачных машын, дзякуючы чаму заказчык можа выбіраць у залежнасці ад рэгіёна, кліматычных умоў, ураджайнасці і нават фінансавых магчымасцяў. Маем збожжаўборачныя машыны і малой прадукцыйнасці, пачынаючы ад пяці-шасці, сямі і васьмі кілаграмаў у секунду, далей — дзесяць, дванаццаць, і ствараем машыну на трынаццаць кілаграмаў. І з яшчэ большай прадукцыйнасцю — да шаснаццаці кілаграмаў у секунду. А аб'яднанне «Гомсельмаш» можа больш свабодна арыентавацца на патрабаванні рынка — як унутранага, так і знешняга. Сёння яно пастаўляе сваю тэхніку ў 31 краіну свету.
Усё гэта былі дзесяцігоддзі сапраўды творчага пошуку, імклівага росту калектыву, бесперапыннай вучобы. У выніку цяпер НТЦК — адна з найбольш буйных праектных арганізацый з развітой матэрыяльна-тэхнічнай базай і значным інтэлектуальным патэнцыялам, якая спецыялізуецца не толькі на распрацоўцы складанай тэхнікі пад патрэбы аграпрамысловага сектара, але і аховы здароўя і іншых галін.
— Такім чынам, вы не «замкнуліся» толькі на ўборцы збажыны...
— Ні ў якім разе. Спектр іншых кірункаў дзейнасці таксама шырокі, асабліва што датычыцца машын для нарыхтоўкі і ўборкі кармоў. Сёння запушчаны ў вытворчасць кормаўборачныя комплексы з магутнасцю рухавіка 600 конскіх сіл. Гэта надзвычай высокапрадукцыйная, а таму складаная машына.
Гаспадаркам патрэбны касілкі, і мы займаемся касілкамі — навяснымі, прычапнымі, самаходнымі. Займаемся бульбаўборачнай тэматыкай, на вытворчасць пастаўлены шэраг бульбаўборачных камбайнаў. Летась у вытворчасць запушчана новая мадэль бульбаўборачнага камбайна КПБ-260-2 з бакавым падкопам, і развіваем кірунак за кошт мадыфікацый гэтага агрэгата.
Нашы гаспадаркі вырошчваюць высокія ўраджаі кукурузы, у краіне пашыраюцца плошчы пад гэтай культурай, і мы ідзём насустрач земляробам — наладзілі выпуск пачаткаўборачных машын. Важнасць гэтага новага кірунку відавочная, асабліва для насенняводчых гаспадарак Беларусі і Расіі. Я пералічыў толькі асноўную нашу тэматыку.
— Ці можна назваць нейкія канкрэтныя вынікі працы апошніх гадоў? І якая вытворчая праграма гэтага года?
— У перыяд з 2013 па 2016 год на вытворчы канвеер пастаўлена 19 машын, у тым ліку збожжаўборачныя самаходныя камбайны КЗС-1624-1, КЗС-1420 і КЗС-1218А-1, самаходны кормаўборачны камбайн КВК-6025, самаходныя касілкі, бульбаўборачныя камбайны і шмат іншых патрэбных вёсцы машын — каб пералічыць усе, спатрэбіцца шмат месца.
Мы працягваем цесна працаваць са службамі свайго холдынга, ставім перад сабой і вырашаем агульныя задачы па стварэнні новых машын і ўдасканаленні серыйных. Задачы гэтыя акрэслены ў праграме мадэрнізацыі тэхнікі. Праграма на 2017—2019 гады змяшчае канкрэтныя тэмы. У прыватнасці, для развіцця экспартнага патэнцыялу праводзіцца мадэрнізацыя тэхнікі, якая выпускаецца серыйна, з устаноўкай рухавікоў экалагічнага класа Stage ІV і Stage V у адпаведнасці з патрабаваннямі Еўрасаюза, вядзецца распрацоўка мадэлі збожжаўборачнага камбайна на газавым паліве, распрацоўка лінейкі збожжаўборачных камбайнаў з гібрыднай і ротарнай сістэмай абмалоту, асваенне вырабу касілак для ўборкі рысу на гусенічным хаду, развіццё мадэльнага рада адаптараў да збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі і гэтак далей. Аб'ём работы сур'ёзны.
Каб паспяхова рэалізаваць задачы па новай тэхніцы, трэба ўліваць «маладую кроў», і мы штогод абнаўляем аддзелы, асабліва канструктарскія. Падрыхтаваць канструктара — няпростая справа, на гэта можа пайсці ад трох да пяці гадоў. Ім павінны перадаць свой вопыт больш кваліфікаваныя работнікі. Прадукцыйна супрацоўнічаем з вышэйшымі навучальнымі ўстановамі Гомеля — Беларускім універсітэтам транспарту і тэхнічным універсітэтам імя Сухога, дзе ёсць профільная спецыяльнасць — праектаванне сельскагаспадарчых машын — і выкладаюць нашы былыя работнікі. Ідзе мэтанакіраваная падрыхтоўка кадраў. Нашы галоўныя спецыялісты ўдзельнічаюць у рабоце дзяржаўных камісій па абароне дыпломаў і ў навучальным працэсе, дапамагаюць фарміраваць «багаж ведаў» будучых маладых калег. Сёння ў цэнтры праходзяць пераддыпломную практыку 26 студэнтаў — увесь выпуск спецыялізаванай кафедры. Рыхтуем заяўкі на тых, хто зможа працаваць у НТЦК з высокай аддачай.
Статыстыка тут такая: у 2015 годзе мы прынялі на працу 28 чалавек, 16 з якіх — маладыя спецыялісты. Летась — больш за 30 чалавек, з іх 20 маладых спецыялістаў. Сёлета ўжо прыйшоў 21 чалавек, 17 — маладыя спецыялісты. Будзем расціць з іх прафесіяналаў.
— Наколькі вы тэхнічна, а значыць, і тэхналагічна, «узброены»?
— Без сучасных метадаў праектавання і разлікаў мы не паспявалі б за патрабаваннямі рынку, не стваралі б такую складаную, навукаёмістую тэхніку. Любое праектаванне пачынаецца з карпатлівых разлікаў, і ў нас ёсць падраздзяленне, якое яшчэ на стадыі праектавання шляхам дынамічных і трываласных разлікаў, віртуальна, можа ацаніць надзейнасць той ці іншай канструкцыі. Кульман адышоў у гісторыю, сёння сфарміравана сапраўды магутная матэрыяльна-тэхнічная база, штогод яе абнаўляем. Асабліва што датычыцца камп'ютарнай аснашчанасці рабочых месцаў канструктара. Праграма тэхнічнага пераўзбраення гэтага года прадугледжвае закупку яшчэ 60 найноўшых рабочых месцаў канструктара. Спецыяльнае падраздзяленне адсочвае адпаведнае праграмнае забеспячэнне.
Паэтапна ўкараняецца адзіная інтэграваная сістэма распрацоўкі вырабаў і іх вытворчасці — Wіndchіll.
Усё гэта дазваляе выконваць і няпрофільныя работы — інжынірынгавыя паслугі, выпрабаванні тэхнікі ў акрэдытаваным выпрабавальным цэнтры і гэтак далей. Займаемся не першы год праектаваннем, распрацоўкай і вырабам медыцынскага абсталявання — на патоку трэцяя мадэль стаматалагічнага комплексу «Белдэнт-3».
Справіцца з усім гэтым можа толькі калектыў сапраўдных прафесіяналаў, які ведае сваю справу і гатовы вырашаць пастаўленыя задачы. У краіне не так і многа такіх творчых калектываў, здольных на рашэнне складаных вытворчых задач. Тое ж можна сказаць пра нашу эксперыментальную вытворчасць, там таксама сабраны ўнікальныя людзі.
У стварэнне, фарміраванне, удасканаленне калектыву ўкладалі сваю душу і талент усе папярэднія яго кіраўнікі — Рыгор Максімавіч Кацубанаў і Канстанцін Васілевіч Клеменцьеў, Георгій Аляксандравіч Трафімук і Леанід Залманавіч Шац, Анатоль Дзмітрыевіч Коўтун і Валянцін Аляксеевіч Шурынаў, Андрэй Анісімавіч Дзюжаў і Алег Валянцінавіч Рехліцкі. Мы станоўча ацэньваем уклад кожнага з іх і ўдзячны кожнаму. Усё зробленае і дасягнутае разам — вось той фундамент, грунтуючыся на якім калектыў будзе расці і развівацца далей.
Гутарыў Уладзімір Хількевіч
Фота Яўгена Пясецкага
Ад рэдакцыі. Шчыра дзякуем начальніку агульнатэхнічнага комплексу НТЦК Віктару Сусаву, кіраўніку сектара Сяргею Раманькову, усім супрацоўнікам комплексу за рознабаковую дапамогу ў падрыхтоўцы публікацыі.
УНП 400051757
* - На правах рэкламы.
«Гэта не толькі пра бізнес, але і пра чалавечыя адносіны».
«Нашы работы — жывыя, з энергетыкай любові і дабра».