Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па пытаннях стварэння рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
Па практыцы, якая даўно ўжо склалася ў нашай краіне, асабліва важныя дакументы, якія трэба будзе рэалізоўваць, разглядаюцца ў Прэзідэнта. Учора беларускаму лідару быў прадстаўлены на разгляд праект указа па стварэнні сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі.
— Падобныя сістэмы дзейнічаюць у многіх дзяржавах, дзе ўжо паказалі сваю эфектыўнасць. Відавочна, што ў нас укараненне аўтаматызаваных працэсаў выяўлення розных падзей, якія нясуць пагрозу, аналізу той інфармацыі, якая паступае, дазволіць значна павысіць узровень правапарадку, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. — Акрамя таго, гэта дасць магчымасць вызваліць значную колькасць работнікаў, рэсурсаў, занятых у адпаведных сферах. Гэта значыць аптымізаваць структуры канкрэтных дзяржаўных органаў, чым мы ў цяперашні час актыўна займаемся.
У той жа час ёсць шэраг пытанняў, якія Прэзідэнт і хацеў абмеркаваць дэталёва, перш чым прымаць рашэнні па ўказе.
— У нас ужо ёсць дзейная сістэма відэаназірання, ёсць тэлекамунікацыйныя сеткі і ёсць адпаведнае абсталяванне. Паўстае пытанне: чаго канкрэтна ў гэтай сістэме не хапае? Якія дадатковыя магчымасці мы атрымаем з уводам у строй новай сістэмы? Чаму б даную сістэму не стварыць пад эгідай дзяржаўнага органа, які і стане ўладальнікам адпаведнага інфармацыйнага рэсурсу? Я не думаю (а можа, вы прадставіце дадатковыя аргументы на карысць сваёй прапановы), што ўсё гэта трэба засяродзіць у руках прыватнага аператара.
Кіраўнік краіны пацікавіўся і тым, якія сродкі могуць спатрэбіцца для ўкаранення дадзенай сістэмы:
— Калі не хапае нейкіх сродкаў, трэба сказаць, што гэта за сродкі і колькі такіх сродкаў неабходна. Але падобную сістэму, якая існуе ў нас, неабходна не проста мадэрнізаваць, яе трэба давесці да сучаснага ўзроўню, каб мы маглі атрымаць з яе максімальную аддачу. Апошнія падзеі якраз сведчаць пра тое, што нам бы спатрэбілася такая сістэма і зусім нядрэнна мець яе ў Беларусі.
У тэму
Ігар Шуневіч, міністр унутраных спраў:
— Кіраўнік дзяржавы прыняў нашу прапанову аб тым, што такая сістэма дарэчная і неабходная ў любой цывілізаванай дзяржаве, і даручыў дадаткова прапрацаваць шэраг аспектаў, звязаных з практычнай рэалізацыяй праекта. У першую чаргу гэта, вядома ж, пытанні, звязаныя з выбарам аператара, які будзе генерыраваць усе ідэі і ажыццяўляць практычную рэалізацыю, пачынаючы ад куплі «жалеза» і заканчваючы эксплуатацыяй. Мы атрымалі адпаведныя ўказанні і будзем дапрацоўваць гэты праект указа менавіта з пункту гледжання прыўнясення нацыянальных асаблівасцяў і магчымасцяў нашай дзяржавы для рэалізацыі гэтага праекта.
У Гродзенскай вобласці турыстычны прадукт становіцца ўсё больш разнастайным.
Галоўны ўрач санаторыя «Беларусачка» у наступным годзе адзначыць паўвекавы юбілей сямейнага жыцця.
Цэны на ліквіднае жыллё ў сталіцы выраслі на 5 працэнтаў.