Вы тут

Як западозрыць магчымасць развіцця самых распаўсюджаных захворванняў?


Звычайна мы ідзём да ўрача са скаргамі на дрэннае самаадчуванне, але, як правіла, у такім выпадку нам ужо выстаўляюць нейкі дыягназ. Хутчэй за ўсё, хранічны. Аднак захворванне не развіваецца імгненна — патрабуецца час, а ў некаторых выпадках — даволі працяглы. Сімптомаў няма, хоць арганізм ужо і ўзяў кірунак не ў той бок. Той жа высокі халестэрын — ён нас турбуе? Не! Аднак паступова ён прывядзе нас да захворвання, якое пачне турбаваць, і моцна, створыць рэальную пагрозу спачатку якасці нашага жыцця, а пасля і яму самому. На сучасным этапе медыцына здольная дапамагчы нам яшчэ да таго як... Але мы ўсё роўна цягнем ката за хвост, каб пачуць ад урача рытарычнае «дзе вы былі раней?»


Калі мы ўжо засвоім, што наша здароўе патрэбна нам, а не медыкам? Яны, вядома, працягваюць нам руку дапамогі, але ў нас, у кожнага, павінен быць свой уласны «кодэкс здаровага чалавека», які імкнецца захаваць сябе ў добрым стане на доўгі час. Недастаткова рабіць штосьці адно, напрыклад, не курыць або раз на тыдзень ужываць авакада. Ёсць шмат рэчаў, якія мы павінны выконваць. Усё гэта ў комплексе ёсць здаровы лад жыцця, важным складнікам якога становіцца рэгулярнае медыцынскае абследаванне ў стылі chek-up (правер сябе).

Што, уласна кажучы, трэба правяраць?

1. Халестэрын — «дрэнны» і «добры», іх суадносіны. Для гэтага неабходна рабіць ліпідаграму. Высокі халестэрын вядзе нас прамой дарогай да інсультаў і інфарктаў. Гэтыя захворванні застаюцца праблемай нумар адзін ва ўсім свеце і ў першую чаргу для тых, хто не здае аналіз крыві, каб ведаць жыццёва важны паказчык.

2. Глікіраваны гемаглабін, які дазваляе вызначыць нават прэдыябет. Колькасць выпадкаў цукровага дыябету стабільна расце ў свеце. Больш таго, захворванне амаль не прыходзіць адно, а спалучаецца з той жа сардэчна-сасудзістай паталогіяй. Спалучэнне некалькіх паталогій адразу вельмі абцяжарвае працэс лячэння. А каб папярэдзіць праблему, трэба ведаць свой узровень глюкозы ў крыві, дакладней, менавіта глікіраваны гемаглабін, пастаянна сачыць за яго ўзроўнем. Атэрасклероз і цукровы дыябет — нашы два галоўныя ворагі ў барацьбе за працяглае жыццё.

3. HBsAg — паверхневы антыген віруса гепатыту В. Вірусныя гепатыты — адна з асноўных пагроз печані, яны здольныя выклікаць цыроз і рак гэтага органа. Некаторыя пухліны печані настолькі злаякасныя, што не паддаюцца лячэнню. А праблема ў тым, што вірусныя гепатыты могуць даволі лёгка трапляць у арганізм і вельмі працягла нічым не выдаваць сябе. Што называецца, пакуль не будзе зусім позна.

4. Для мужчын ва ўзросце пасля 40—45 гадоў неабходна здаваць кроў на прастатспецыфічны антыген (ПСА).

«Праблему раку прастаты ўрач-тэрапеўт можа западозрыць, атрымаўшы адказ усяго на адно пытанне: «Колькі разоў за ноч пацыент ходзіць у прыбіральню?», — разважае госць з Украіны, аўтар трэнінгавых праграм, артыкулаў і кніг для ўрачоў і спецыялістаў у галіне аховы здароўя Валерый КІДОНЬ. — І ў нашай, і ў вашай краіне дагэтуль ёсць мужчыны, якія думаюць, што пяць разоў за ноч — гэта нармальна, што яны проста шмат вады вечарам выпілі! Аднак для тэрапеўта ўсё адразу зразумела. Гэта нагода адправіць да ўролага і на аналіз ПСА. Калі ж ПСА аказаўся вышэйшы за норму, не трэба палохацца. Неабходна трапіць на прыём да ўролага, які здольны правільна расшыфраваць вынік і працягнуць абследаванне».

5. Для жанчын актуальнымі будуць РАР-тэст і аналіз крыві на вірус папіломы чалавека. Абследавацца ў гінеколага раз на год — задача любой жанчыны любога ўзросту. Падчас такога візіту можна абмеркаваць і неабходнасць абследавання той жа малочнай залозы. Што да віруса папіломы чалавека, то аналіз крыві дазваляе ацаніць ступень рызыкі развіцця раку шыйкі маткі. Пакуль ідэальным спосабам засцярогі ад гэтага віду анкалогіі застаецца вакцынацыя за ўласны кошт 10—12-гадовых дзяўчатак.

6. Каланаскапія — для выключэння развіцця каларэктальнага раку. Захворванні тоўстага кішэчніка таксама растуць, а таму пасля пэўнага ўзросту без гэтага абследавання не абысціся. У шэрагу краін, у тым ліку ў нашай, абмяркоўваецца магчымасць правядзення скрынінгу — абследавання ўсяго здаровага насельнцітва для ранняга выяўлення пухлін тоўстага кішэчніка.

Што да прафілактыкі, напрыклад, раку скуры або шчытападобнай залозы, то тут дастаткова візітаў да тэрапеўта, які ведае, як папярэдзіць праблему і якія менавіта абследаванні прызначыць. У першым выпадку патрабуецца візуальны агляд, а ў другім — здача крыві на гармоны.

Дарэчы, аб прызначэннях. Абследавацца — вельмі важная частка справы, але толькі частка. Можна абследавацца, напрыклад, на платнай аснове, калі вам не падабаюцца ўмовы паліклінікі па месцы жыхарства, аднак без візіту да ўрача ўсё роўна не абысціся. Толькі ён здольны правільна расшыфраваць вашы вынікі (не суседка і не інтэрнэт!) і даць карысныя рэкамендацыі.

Святлана БАРЫСЕНКА

protas@zviazda.by

Загаловак у газеце: Правер сябе!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гісторыя ваеннага братэрства

Гісторыя ваеннага братэрства

«Нармандыя», што стала Нёманскай.

Рэлігія

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

200 гадоў пад заступніцтвам Пятра і Паўла

Гомельскі кафедральны Свята-Петра-Паўласкі сабор — адзін з самых велічных праваслаўных храмаў Беларусі, адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры зрэлага класіцызму, які захаваўся да нашых дзён.