Вы тут

Чаму малыя хлусяць? Спытайце ў бацькоў!


Знаёмая паскардзілася: «Дачка пачала хлусіць. Малая (5 гадоў) папрасіла тэлефон — паглядзець фотаздымкі, а на самай справе ўключыла праз інтэрнэт мульцік (сёння для гэтага нават не абавязкова ўмець пісаць. — Аўт.) Калі праз 10 хвілін знайшла яе пад канапай, дзяўчынка пачала апраўдвацца, што выпадкова на «Фіксікаў» натрапіла. Спачатку раззлавалася: «Падманваеш?!» А потым схамянулася, пачала тлумачыць, што няпраўду казаць дрэнна. Але ўсё роўна вельмі расхвалявалася: дачка яшчэ такая маленькая, а ўжо хітруе. Што будзе далей?»

Насамрэч падман — гэта заўсёды непрыемна, але калі пачынаюць хлусіць дзеці, бацькі непазбежна павінны задаць сабе пытанне: што я раблю не так? Чаму дзеці кажуць няпраўду і як гэтага не дапусціць? Пагаворым з псіхолагам Цэнтра паспяховых адносін Сяргеем ЖАДЗЬКО.


— Хлусня — гэта сімптом, а прычыну трэба шукаць у сям'і. Базавая рэч у якой — давер. Дарэчы, ён зараджаецца яшчэ ў эмбрыянальным перыядзе, паступова ўмацоўваецца падчас таго, як маці носіць дзіця, нараджае, корміць, клапоціцца аб ім, праяўляе ўвагу. Дзіця адчувае, што яго любяць, заўсёды падтрымліваюць, яно важнае для маці.

Калі цяжарная часта трывожыцца, дзіцяці няўтульна, і яно таксама пачынае непакоіцца: што там такое здарылася? Можа адбыцца разрыў базавага даверу, што ўплывае на існаванне чалавека ўвогуле. Калі бацькі першапачаткова правільна выхоўваюць дзіця, ніякіх супярэчнасцяў не ўзнікне, а калі ўзніклі, прыйшоў час падумаць, дзе яны памыліліся і пастарацца выправіць сітуацыю.

— У якім узросце дзеці могуць свядома хлусіць?

— У 4—6 гадоў. Дагэтуль малыя больш фантазіруюць, яшчэ дастаткова не адрозніваючы рэальны свет ад выдуманага.

— Што штурхае дзяцей на падман?

— Як ні кур'ёзна гучыць, але самі бацькі. Калі хлусяць. Нельга пры дзіцяці тлумачыць сваячцы, што вы не прыйдзеце ў госці, бо захварэлі. Калі гэта на самай справе не так. Дзіця паступова зразумее, што можна сказаць няпраўду і не рабіць таго, што не хочацца. Дзеці капіруюць паводзіны дарослых. Таму, калі не хочаш, каб хлусіла малое, не хлусі сам. Трэба імкнуцца стаць прыкладам для яго.

Не давайце пустых абяцанняў. Парушыўшы сваё слова некалькі разоў, вы ўпэўніце дзіця, што абяцаць не значыць рабіць, і яно можа пераняць такую практыку.

— Ці можна сцвярджаць, што забарона параджае падман?

— Так. Але, калі яна неабгрунтаваная. Нельга і кропка. Заўсёды трэба растлумачыць сітуацыю. Паспрабаваць даклікацца да сэрца. Нават, калі дзіця маленькае і не разумее ўсяго да канца, на падсвядомым узроўні ў яго гэта адаб'ецца. Шчыра кажучы, тое, што забараняецца рабіць дзецям асобна, можна ажыццявіць разам з бацькамі.

— А калі бацькі забараняюць з добрых памкненняў? Напрыклад, празмерны прагляд мульцікаў. Некаторыя ў такіх выпадках кажуць, што сёння па тэлевізары іх няма.

— Усё роўна падман. І з часам дзеці аб гэтым даведаюцца. Каб не прыходзілася выкручвацца, трэба папярэдзіць малога, што яму дазваляецца глядзець паўгадзіны ў дзень, а потым зацікавіць іншым. На жаль, часам бацькам прасцей даць дзіцяці тэлефон, пасадзіць перад тэлевізарам, каб займацца сваімі справамі, чым прыдумаць, як разам бавіць час.

— «Я не ела варэння. Гэта мой мядзведзік Топачка да яго дабраўся», — кажа малеча. Здаецца, такі бескарыслівы падман...

— Справа ў боязі пакарання. Бацькі неадэкватна рэагуюць на звычайныя дзіцячыя правіннасці, няўдачы. Пакаранне заўсёды павінна адпавядаць віне, быць справядлівым, своечасовым (бессэнсоўна лаяць увечары за тое, што зрабіў зранку), без прымянення «грубай» сілы. Калі дзіця напракудзіла, і не прызнаецца, значыць, яно не адчувае, што бацькі яго зразумеюць. За кожным учынкам стаіць прычына, якую няблага б і выслухаць.

— З якой нагоды часцей за ўсё падманваюць больш старэйшыя дзеці?

— У школьным узросце баяцца расчараваць бацькоў, атрымаўшы дрэнную адзнаку. Здаецца, тата і мама хочуць як лепш — каб дзіця добра вучылася. Але матывуюць яго няправільна: «Не дай бог атрымаеш нізкую адзнаку!». У рэшце рэшт, так і адбываецца, бо дзіця адчувае прэсінг, які не прымушае больш старацца. Адсюль выдраныя старонкі з дзённікаў, пропускі заняткаў.

Матываваць трэба не на адзнакі, а на веды. А працэс навучання зрабіць цікавым і захапляльным. Не пускаць справу на самацёк, калі нешта незразумела, абавязкова цярпліва тлумачыць, разбірацца разам.

Распаўсюджаная прычына падману ў падлеткаў — гіперапека, звышкантроль з боку бацькоў. Памятайце, што перад вамі амаль дарослы чалавек, і каб пабудаваць з ім адносіны на даверы, трэба абавязкова лічыцца з яго меркаваннем, раіцца з ім, дзяліцца сваімі сакрэтамі.

Нездарма кажуць, што падлеткавы ўзрост — гэта экзамен для бацькоў. І калі дачка ці сын у гэтым узросце хлусяць ім, яны яго не прайшлі.

— Даволі часта можна пачуць, як школьнікі хваляцца адзін перад адным, што тата працуе ў банку, у яго дарагая машына, але на самай справе гэта выдумкі.

— Маленькаму чалавеку не хапае ўпэўненасці ў сабе. І падман — гэта спосаб самасцвярджэння. На жаль, сёння праблема стаіць вельмі востра. Равеснікі ацэньваюць адзін аднаго па дарагіх рэчах. Яны лічаць, што каб стаць «сваім», не трэба рабіць добры ўчынак, дастаткова набыць файны смартфон. Бацькам пад сілу растлумачыць, што чалавечыя якасці, адносіны, здольнасць любіць і дараваць вышэй за матэрыяльнае.

— Як правільна рэагаваць на падман?

— Ні ў якім разе не крычаць. Не панікуйце. Абмяркуйце сітуацыю, разбярыцеся дасканала, чаму дзіця кажа няпраўду. Паспрабуйце вырашыць праблему разам, прывядзіце прыклады, як вы сябе паводзілі ў адпаведнай сітуацыі. У далейшым пазбягайце фактараў, якія правакуюць на падман.

Бурная рэакцыя можа нават штурхаць дзіця на хлусню. Асабліва ў малодшым узросце, калі яму не хапае ўвагі.

Убачыўшы, колькі эмоцый у вас выклікала яго хлусня, яно будзе падманваць зноў і зноў, каб атрымаць пэўную рэакцыю. Так робяць і старэйшыя дзеці, калі ў іх з'яўляецца брацік ці сястрычка. З-за недахопу ўвагі, яны могуць перакладваць сваю віну на малога. Бацькам неабходна паводзіць сябе такім чынам, каб рэўнасці ў аднаго да другога не ўзнікала.

— Хлусня можа ўвайсці ў прывычку?

— Так. Калі бацькі правакуюць: «Ён жа хлус!» Ніколі не крытыкуйце асобу, толькі паводзіны. Памятайце, што гэта вы выхавалі дзіця такім, вы не стварылі ўмовы, каб яно развівалася правільна.

Яна ЛЫЧКОЎСКАЯ

lychkouskaya@zvіazda.by

Фота womo.ua

Загаловак у газеце: «Гэта мядзведзік з'еў варэнне!»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».