Вы тут

Нікога не пакінулі без увагі


У мінулую суботу ў Горацкім райвыканкаме яго старшыня Уладзімір ПІСКІЖАЎ правёў прамую тэлефонную лінію. Ён гэта робіць ужо трэці тыдзень запар для таго, каб максімальна шмат пачуць пра праблемы грамадзян.


Пытанні да кіраўніка раёна ў гэты выхадны паступілі досыць разнапланавыя. Некаторыя з іх носяць сезонны характар. Яны звязаны з дарогамі, асабліва ў сельскай мясцовасці. Гэта штогадовая праблема, да вырашэння якой у выканкаме гатовыя. У мінулыя два гады праблемныя ўчасткі выяўлялі і самастойна, і па зваротах грамадзян, праводзілі падсыпку пясчана-гравійнай сумессю. Цяпер работа ідзе ў планавым парадку. Пакуль што чакаюць, каб грунтовыя воды сталі крыху ніжэйшымі. Але да восені ўсе ўчасткі плануецца давесці да ладу.

Былі і пытанні кансультацыйныя. Напрыклад, тэлефанавала маладая маці, якая цікавілася магчымасцю атрымаць жылое памяшканне — камерцыйнае ці арэнднае. Горацкі раён якраз стаў адным з першых сельскіх рэгіёнаў у Магілёўскай вобласці, які заняўся будаўніцтвам арэнднага жылля. Такім чынам была складзена канкурэнцыя на другасным рынку. Адна з асаблівасцяў раёна заключаецца ў тым, што тут працуе Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія. Яе студэнты досыць высока паднялі ўзровень цэн жылых памяшканняў, здымных кватэр. «Таму мы будаўніцтвам арэнднага жылля планку гэтую панізілі», — гаворыць старшыня. Жанчыне растлумачылі, якім чынам можна падаць дакументы, каб стаць на чаргу.

Таксама было пытанне ад чалавека, нераўнадушнага да сітуацыі з ацяпленнем. «Паступіў сігнал, што ў адной з кватэр гарачавата. Людзі пачынаюць лічыць свае грошы — і правільна робяць, бо дапамагаюць нам выяўляць марнатраўства службаў, якое, магчыма, мяжуе з безгаспадарнасцю», — расказвае Уладзімір Піскіжаў. На сігнал аператыўна адрэагавалі. На месца выехала санстанцыя з замерамі тэмпературнага рэжыму, пасля быў праведзены аналіз, наколькі тэмпература адпавядае графіку цеплыні ў памяшканні і за акном. За парушэнне службовыя асобы жыллёва-камунальнай гаспадаркі панясуць адказнасць.

У хуткім часе Радаўніца, людзі накіруюцца на могілкі сваякоў. Таму адно з пытанняў датычылася магчымасці падвесці да могілак ваду, каб памыць помнікі пасля зімы, пасадзіць кветкі. «У хуткім часе гэтае пытанне вырашыцца. На два тыдні да Вялікадня і два тыдні пасля Радаўніцы ўмовы будуць створаны, каб людзі маглі прыехаць і нармальна прыбраць могілкі памерлых сваякоў», — пракаментаваў зварот старшыня выканкама.

Ужо бліжэй да канца прамой лініі да Уладзіміра Уладзіміравіча звярнулася жанчына па пытанні працаўладкавання. Па прафесіі яна аграном, працавала ў Расіі, зараз месца працы не мае і хоча, каб яе вызвалілі ад неабходнасці выплаты збору на фінансаванне дзяржвыдаткаў. Старшыня прапанаваў ёй сабраць неабходныя дакументы і падаць іх у «адно акно». Але заяўніца сказала, што ёй важна менавіта паразмаўляць з ім. На што Уладзімір Піскіжаў прапанаваў прыйсці ёй да яго на прыём у любы зручны час. «Увогуле, я заўжды, калі не на выездзе, прымаю людзей. Ёсць правіла, што трэба загадзя запісвацца на прыём. Але калі чалавек прыехаў здалёк, не адпраўляць жа яго дадому ні з чым?» — кажа ён.

З тымі, у каго ўзнікаюць такога кшталту пытанні, як апошняе, штодзённа працуюць тры групы, створаныя з ліку спецыялістаў выканкама. Яны прымаюць грамадзян і даюць кансультацыю. Такія камісіі прынялі 95 жыхароў Горацкага раёна, з іх 60 вызвалены ад выплаты. За час работы камісій (пачынаючы з лютага) працаўладкаваліся 132 чалавекі.

На жаль, дагэтуль не ўсе ведаюць, што ад выплаты збору іх могуць вызваліць. Таму ў выканкаме тэлефануюць кожнаму і запрашаюць на асабісты прыём. «За мінулы тыдзень мы прынялі 605 чалавек, засталося 592. Аб'ём каласальны, але затое ў нас сумленне чыстае перад людзьмі, што мы нікога не пакінулі без увагі», — кажа Уладзімір Піскіжаў.

Вераніка ПУСТАВІТ

pustavіt@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».