Вы тут

Прэзідэнт наведвае Туркменістан


Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан, які працягваецца і сёння, — шосты па ліку. Гурбангулы Бердымухамедаў, кіраўнік Туркменістана, прыязджаў у Беларусь чатыры разы. Ужо гэты факт можа сведчыць аб стратэгічным характары партнёрства паміж дзвюма дзяржавамі, якое падтрымліваецца на самым высокім узроўні.


І хоць краіны далёкія адна ад адной геаграфічна і не маюць агульных межаў, падстаў для плённага супрацоўніцтва дастаткова. У сённяшняй глабальна-палітычнай сітуацыі, якая склалася, вельмі важна мець сяброў і падтрымку не толькі побач, але і ў іншай частцы свету.

Аб гэтым гаварыў Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Лукашэнка на афіцыйных перагаворах з Прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым у фармаце сам-насам: «Вы павінны ведаць, што там, у цэнтры Еўропы, у вас ёсць надзейная апора і надзейныя сябры. Вы можаце разлічваць на Беларусь. Абсалютна ўпэўнены, што так будзе рабіць і кіраўніцтва гэтай цудоўнай зямлі на чале з яго Прэзідэнтам, маім даўнім сябрам».

А пра тое, што супрацоўніцтва паміж краінамі ўдала развіваецца ў многіх сферах, сведчыць перш за ўсё тавараабарот. За апошнія пяць гадоў ён дасягнуў $300 млн у абароце тавараў і паслуг. «Думаю, у гэтым напрамку рухаючыся, мы яшчэ нямала зробім і ў Беларусі, і на туркменскай зямлі», — упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

Туркменістан сёння актыўна развіваецца, робячы асаблівыя поспехі ў сферы эканомікі. Аляксандр Лукашэнка з гонарам адзначыў, што ў гэтым ёсць і ўнёсак беларусаў — будаўніцтва Гарлыкскага горна-абагачальнага камбіната. Рэалізацыя праекта, як адзначыў Прэзідэнт, была няпростай справай, аднак беларускія і туркменскія спецыялісты паспяхова завяршылі будаўніцтва.

У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што ўзаемадзеянне паміж дзяржавамі развіваецца вельмі актыўна. «Самае галоўнае — яно з году ў год актывізуецца. Мы ўпэўнены, што выйдзем на высокі ўзровень у пытаннях нашага супрацоўніцтва», — сказаў ён.

Адзін з найперспектыўнейшых кірункаў супрацоўніцтва — лагістыка. Беларусь гатова забяспечыць Туркменістан лагістычнымі цэнтрамі для арганізацыі паставак прадукцыі ў Еўропу, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адзначыўшы, што такой магчымасцю ўжо скарыстаўся Кітай. Кіраўнік дзяржавы таксама дадаў, што многія краіны ўбачылі ў Туркменістане своеасаблівы плацдарм, адкуль можна гандляваць з вялікімі рэгіёнамі, пастаўляючы тавары ў тым ліку ў Іран, Пакістан, Індыю і арабскія краіны. «Нам трэба вызначыцца і выбраць калідор, па якім павінны перамяшчацца нашы грузы сюды і асабліва адсюль», — сказаў беларускі лідар.

На сустрэчы з прадстаўнікамі СМІ па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі абазначыў некаторыя канкрэтныя праекты, на якіх можа засяродзіцца канкрэтнае супрацоўніцтва дзвюх краін. У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасці Беларусі стварыць дызель-поезд для гарачага клімату Туркменістана. Дзве краіны аб'ядноўвае імкненне да развіцця навукі, у Беларусі вітаюць супрацоўніцтва ў гэтым кірунку і спадзяюцца на канкрэтныя распрацоўкі ў сельскай гаспадарцы, энергазберажэнні, ахове здароўя, біятэхналогіях, адзначыў беларускі лідар. Беларусь таксама гатова аказваць падтрымку Туркменістану ў падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў у ССНУ і ўстановах прафтэхадукацыі.

На перагаворах была ўдзелена асаблівая ўвага павышэнню эфектыўнасці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. «Мы адназначна выказаліся за тое, што патэнцыял у нас велізарны і той узровень, якога мы дасягнулі сёння, абсалютна не адпавядае гэтаму патэнцыялу, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Нам трэба ўсяляк нарошчваць узаемныя пастаўкі, аказваць паслугі, у тым ліку і будаўнічыя, каб гэты тавараабарот быў значна вышэйшы».

Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў прынялі сумесную заяву, у якой адзначылі высокую дынаміку міждзяржаўнага дыялогу і станоўча ацанілі рэалізацыю раней дасягнутых дамоўленасцяў. Лідары краін пацвердзілі гатоўнасць паглыбляць двухбаковыя адносіны ў палітычнай, гандлёва-эканамічнай, навукова-тэхнічнай, культурна-гуманітарнай і іншых галінах.

Было таксама падпісана адзінаццаць дагавораў аб узаемадзеянні краін у розных сферах.

Учора ў Ашхабадзе з удзелам кіраўнікоў дзвюх дзяржаў быў урачыста адкрыты комплекс будынкаў пасольства Беларусі ў Туркменістане. Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў перарэзалі сімвалічную стужку. «Узвядзенне ўласных будынкаў пасольстваў пацвярджае стратэгічны характар нашага партнёрства, сімвалізуе правераную часам дружбу беларускага і туркменскага народаў, якой мы вельмі даражым», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сімвалічна, што практычна год таму Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў разам прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці комплексу будынкаў пасольства Туркменістана ў Беларусі. На мове дыпламатыі такія мерапрыемствы сведчаць шмат аб чым.

Сёння афійцыйны візіт кіраўніка Беларусі ў Туркменістан працягнецца. Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў наведаюць Гарлыкскі горна-абагачальны камбінат, будаўніцтва якога было нядаўна завершана беларускім бокам. Кіраўнікі дзяржаў ва ўрачыстай абстаноўцы дадуць старт рабоце завода, а затым азнаёмяцца з вытворчасцю.

Паводле БЕЛТА

***

Дэпутат Вольга Петрашова: "У Туркменістане вельмі паважліва ставяцца да нашай краіны"

Завяршыўся афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Туркменістан. Паўтара месяца таму дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Вольга ПЕТРАШОВА ў складзе дэлегацыі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ўдзельнічала ў міжнародным назіранні за выбарамі прэзідэнта Туркменістана і падзялілася са "Звяздой" сваімі думкамі пра гэту краіну.

Вольга Петрашова мела магчымасць штодзённа гутарыць з насельніцтвам Туркменістана. "Мы бачылі і адчувалі бязмежную павагу да нашай краіны, да беларусаў, да нашых дасягненняў і вынікаў, – адзначыла дэпутат. – У Туркменістане, як і ў нашай дзяржаве, цэняць і шануюць мірнае неба над галавой, парадак у краіне, імкнуцца да такіх жа арыенціраў – дабрабыту кожнага грамадзяніна і росквіту роднай зямлі".

– Сёння наша супрацоўніцтва на міжнародных пляцоўках з Туркменістанам вызначаецца высокім узроўнем узаемаразумення і падтрымкі, – падкрэсліла Вольга Петрашова. Па словах дэпутата, сумесная работа паміж странамі вядзецца дастаткова канструктыўна.

Парламентарый нагадала, што з 2011 года ў Ашхабадзе і Мінску працуюць Гандлёвыя дамы: Беларуска-Туркменскі і Туркмена-Беларускі. "Калі я была ў Ашхабадзе, туркмены вельмі станоўча выказаліся аб рабоце гэтых гандлёвых дамоў". Акрамя таго, у Ашхабадзе завяршаецца будаўніцтва шматфункцыянальнага сэрвіснага цэнтра па абслугоўванню беларускай тэхнікі. "Туркмены пазітыўна ацэньваюць якасць нашага тэхчнага абсталявання. Спіс сфер супрацоўніцтва ў нас вельмі шырокі", – дадала Вольга Петрашова.

– Нават у самым аддаленай вёсцы яны заўсёды з такой ветлівасцю і цеплынёй сустракалі мяне, беларуску, – падкрэсліла дэпутат.

Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ

Загаловак у газеце: Надзейная апора, надзейныя сябры

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».