Вы тут

Аграрыі разлічваюць на добры ўраджай


У нашай краіне пачалася масавая сяўба яравых, а таксама назіраецца добры стан пасеваў азімых, заявіў учора намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.


У міністэрстве падлічылі, што цяпер раннія яравыя пасеяны на 20% запланаваных плошчаў. Традыцыйна ўвесну лідзіруе Гомельская вобласць, дзе ўжо засеяна больш за палову плошчаў. Прыступіў да сяўбы і Віцебскі рэгіён, які традыцыйна праводзіць пасяўную пазней за астатніх. «У нас ёсць усё неабходнае, каб дасягнуць такіх сур'ёзных вынікаў: спецыялісты, тэхналогіі і тэхніка, мы поўнасцю забяспечаны насеннем. На палявых работах сёння задзейнічана каля 4 тысяч пасяўных агрэгатаў, 1,8 тысячы збожжавых сеялак, больш за 5 тысяч энерганасычаных трактароў. Гатоўнасць гэтай тэхнікі — звыш 90%», — падкрэсліў Уладзімір Гракун.

Спецыяліст адзначыў, што якасныя азімыя мы маем асабліва ў паўднёвых раёнах, дзе вегетацыя ідзе ўжо ў поўную сілу і праведзены падкормкі мінеральнымі ўгнаеннямі. Пры гэтым ён паведаміў, што гібель азімых збожжавых у Беларусі склала каля 4%. Больш за ўсё пацярпеў рапс — на 7,6%.

Уладзімір Гракун таксама паведаміў, што Беларусь забяспечана насеннем збожжавых на 130%. «Ёсць страхавыя фонды, калі што, мы гатовыя своечасова перасеяць 30% плошчаў. Таксама мы поўнасцю забяспечаны насеннем па астатніх культурах — бульбе, цукровых бураках, лёну, заканчваецца падрыхтоўка насення шматгадовых траў», — адзначыў ён. Паводле слоў намесніка міністра, сёлета плануецца пасеяць кукурузу на плошчы 860 тысяч га, з іх 116 тысяч га будзе пасеяна на зерне. Акрамя таго, плануецца сабраць ураджай збожжа ў аб'ёме не менш як 8,8 млн тон, вырасціць 1,28 млн тон бульбы, 180 тысяч тон ільнотрасты і 4,8 млн тон цукровых буракоў.

Мяркуецца, што не будзе ў вяскоўцаў і істотных праблем з фінансаваннем запланаваных мерапрыемстваў. На правядзенне пасяўной сёлета накіравана прыкладна 1,8 млрд рублёў. Гэта будуць сродкі з бюджэту, уласныя сродкі прадпрыемстваў, а таксама крэдытныя рэсурсы. Уладзімір Гракун растлумачыў, што раней меркавалася выдаткаваць на гэта толькі 1,6 млрд рублёў, але суму потым падкарэкціравалі, бо рэсурсы даражэюць. Гэта датычыцца, у прыватнасці, азотных угнаенняў.

Намеснік міністра паведаміў, што на набыццё мінеральных угнаенняў запланавана накіраваць 730 млн рублёў, на сродкі абароны раслін — 259 млн, ГЗМ — 323 млн, рамонт тэхнікі — 181 млн, вапнаванне — 35 млн і на насенне — 183 млн рублёў. Паводле слоў Уладзіміра Гракуна, цалкам закрыць пытанне аб дэфіцыце мінеральных угнаенняў пакуль не ўдаецца. «Пры гэтым гаспадаркі атрымаюць іх больш за леташнія аб'ёмы. Азотных угнаенняў — атрымаюць на 48% больш за ўзровень мінулага года, фосфарных — на 75%. У цэлым 70% патрэбнасці ў мінеральных угнаеннях гаспадаркам будзе забяспечана, астатняе папоўнім за кошт арганічных угнаенняў», — растлумачыў ён.

Пад агароднінныя культуры плануецца аддаць больш за 7 тысяч га. Традыцыйна будзем вырошчваць капусту, моркву, буракі, цыбулю і зялёны гарошак.

А яшчэ сёлета сяляне разлічваюць атрымаць добры ўраджай кавуноў. «Летась мы атрымалі нядрэнны ўраджай бахчавых — 808 тон кавуноў. Сёлета плошчы пад гэтымі культурамі застаюцца на ўзроўні мінулага года, але ўраджай мы чакаем трохі вышэйшы. І ўраджай павінны атрымаць якасны, каб цалкам забяспечыць насельніцтва Беларусі і мець экспартны патэнцыял», — падкрэсліў намеснік міністра. Ён нагадаў, што ў 2016 годзе пад бахчавыя было аддадзена 65 га. Уладзімір Гракун адзначыў, што якасць беларускіх кавуноў ацанілі і ў Расіі. Летась беларускі кавун нават у Астрахані атрымаў добрую ацэнку. Цяпер спецыялісты ўпэўнены, што экспарт кавуноў можа дапамагчы атрымаць дадатковую валюту, якую можна будзе накіраваць на набыццё сродкаў аховы раслін, мінеральных угнаенняў і насення.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Калі дзень год корміць

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

Ірына Даўгала: Сям’я для беларусаў застаецца найвышэйшай каштоўнасцю

«Сям’я закладвае ў чалавеку мараль, здольнасць спраўляцца з выпрабаваннямі, патэнцыял для развіцця, яна навучае любові, самаахвярнасці, культуры».

Грамадства

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Што трэба ведаць тым, хто адпачывае каля вадаёмаў

Нават пры наяўнасці на пляжы ратавальнай станцыі не варта грэбаваць элементарнымі правіламі бяспекі.