Вы тут

Сёлета сакавік стаў на 5—7 градусаў цяплейшы


Першыя красавіцкія дні будуць вельмі цёплыя, паведамляе намеснік начальніка службы метэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана РЫБАКОВА.


Спецыялісты адзначаюць анамальна цёплы першы месяц вясны, калі, паводле папярэдніх звестак, сярэднямесячная тэмпература перавысіла кліматычную норму на 5—7 градусаў. За гэты час ападкаў амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі выпала больш за норму, толькі па ўсходзе краіны месцамі адзначаецца недабор вільгаці. Гэта так, але ў апошні дзень месяца чакаецца пагаршэнне надвор'я.

Сёння пад уплывам атмасферных франтоў амаль паўсюдна пройдзе дождж з мокрым снегам і парывістым ветрам. Максімальная тэмпература паветра ўдзень складзе 3—9 цяпла, а па паўднёвым захадзе краіны будзе дасягаць ад плюс 10 да плюс 16 градусаў. Праўда, пагаршэнне надвор'я будзе нядоўгім, а першыя красавіцкія выхадныя стануць вельмі цёплымі.

У суботу да нас завітаюць малаактыўныя атмасферныя франты, услед за якімі пачне распаўсюджвацца цёплае паветра з боку паўднёвага захаду Еўропы. У асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—8 цяпла, толькі па паўночным усходзе пры праясненнях яна можа панізіцца да нуля — мінус 3 градусаў. Удзень будзе 11—18 цяпла, а па паўднёвым захадзе паветра прагрэецца нават да плюс 20 градусаў. Толькі ў крайніх паўночна-ўсходніх раёнах максімальная тэмпература складзе 5—10 цяпла. Вельмі цёпла чакаецца і ў нядзелю. Надвор'ем будзе кіраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў цёплай паветранай масе паўднёвых шырот, толькі ў паўночных раёнах адаб'ецца ўплыў малаактыўнага атмасфернага фронту. Будзе пераважна без ападкаў, толькі ўначы ў паўночна-ўсходніх, а ўдзень у паўночных раёнах краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя дажджы. Тэмпература паветра ўначы складзе 3—9 цяпла, а ўдзень прыгрэе ад плюс 14 да плюс 21 градуса.

Паводле папярэдніх прагнозаў айчынных спецыялістаў, у панядзелак тэрыторыя Беларусі апынецца пад уплывам атмасфернага фронту, які змяшчаецца з паўночна-заходніх раёнаў Расіі. Уначы па паўночна-заходняй частцы краіны, а раніцай і ўдзень на большай частцы тэрыторыі пройдуць кароткачасовыя дажджы. Уначы магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ў гэты час сутак складзе 3—9 цяпла. Удзень — 10—17 градусаў, а па паўднёвым усходзе — нават да плюс 18—20 градусаў. Сіноптыкі адзначаюць, што ў аўторак і сераду красавіцкая гарачыня крыху спадзе. Да нас завітаюць больш свежыя паветраныя масы, якія паступаюць з паўночна-заходніх раёнаў Расіі. У аўторак без ападкаў, а тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 7 градусаў, удзень — 7—13 цяпла. У сераду таксама будзе пераважна без ападкаў, толькі ўдзень па поўначы краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Прагназуецца, што тэмпература паветра ўначы складзе ад нуля да плюс 6 градусаў, а ўдзень будзе 7—14 цяпла.

Сяргей КУРКАЧ

kurkасh@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: Вось вам і плюс 20 на выхадныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?