Фінальная серыя аказалася як ніколі кароткай. За Кубак Прэзідэнта сёлета змагаліся хакеісты з Гродна і Мінска. Першыя не пакінулі ніводнага шанцу падапечным Міхаіла Захарава і ў серыі да чатырох перамог здабылі «сухую» вікторыю ў чэмпіянаце.
Спачатку хакеісты «Нёмана» выйгралі два матчы на чужой пляцоўцы, у трэцяй гульні на дамашнім лёдзе ўмацавалі сваю перавагу, а ў чацвёртай паставілі пераканаўчую кропку, пра гэта сведчыць лік 6:2 на карысць гаспадароў.
— Хлопцы — вялікія малайцы. Мэта была пастаўлена, і мы да яе рухаліся. На пачатку сезона перабудоўвалі гульню, было шмат новага, але хакеісты прынялі гэта і ішлі да перамогі, за што ім вялікі дзякуй. Серыя з 12 перамог у плэй-оф — добры вынік. Хацелася б падзякаваць гледачам за падтрымку, кіраўнікам горада, губернатару за дапамогу камандзе, галоўнаму спонсару. Гэта праца вялікага калектыву, — адзначыў галоўны трэнер «Нёмана» Сяргей Пушкоў.
Нагадаем, гродзенскі клуб шосты раз перамог у чэмпіянаце Беларусі. Раней «Нёман» станавіўся чэмпіёнам у 1998, 1999, 2001, 2013 і 2014 гадах. Каманда Сяргея Пушкова другі раз у наступным сезоне прыме ўдзел у хакейнай Лізе чэмпіёнаў. Тым не менш самым тытулаваным клубам у беларускім хакеі застаецца мінскае «Юнацтва», мінчане сем разоў займалі першае месца па выніках нацыянальнага першынства.
— Выйграць чэмпіёнства — вялікая справа, — заявіў пасля фіналу рулявы мінчан Міхаіл Захараў. — Захаваць яго — гэта супермайстэрства не толькі трэнера, каманды, а ўсіх разам узятых людзей, якія нясуць адказнасць. На ўсё жыццё запомню 2004 год, калі мы ўпершыню перамаглі ў чэмпіянаце. Нас тады выклікаў мэр горада Міхаіл Якаўлевіч Паўлаў і сказаў: «Мы павінны выйграць і наступны чэмпіянат. Што для гэтага трэба зрабіць?» Магу дакладна сказаць: так цяпер у Гродне і робіцца.
Дар'я ЛАБАЖЭВІЧ
Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.
Не выявіць ні секунды абыякавасці.