Вы тут

Якія сакрэты адкрые геалагічны музей


Дзе можна ўбачыць адзін з самых старажытных камянёў зямлі (якому каля 2 мільярдаў гадоў)? Між іншым дзякуючы шунгіту вучоныя зрабілі адкрыццё, што жыццё на нашай планеце ўзнікла раней, чым меркавалася, бо гэты камень біягеннага паходжання. Чаму б не даведацца, дзе на Беларусі прайшоў метэарытны дождж і не знайсці самы буйны (вагой каля 300 кг) камень, што ўпаў на нашу зямлю з неба? А яшчэ можна паглядзець на косткі мамантаў, шарсцістага насарога, паўночнага аленя, што былі знойдзены на Беларусі. Дарэчы, падобныя знаходкі былі і ў сталіцы пры пабудове метро.


Але­на Му­ра­та­ва па­каз­вае, з якім мі­не­ра­лам зна­ё­міц­ца не­маў­ля.

Калі пра парк камянёў сёння ведаюць многія, на жаль, пра геалагічны музей, што размяшчаецца побач, на базе Навукова-вытворчага цэнтра па геалогіі (Купрэвіча, 7), рэдка згадвае які настаўнік. Ды і тое, толькі калі ў межах школьнай праграмы вывучаецца тэма «карысныя выкапні». А дарэмна: па каменьчыках можна вывучаць і гісторыю, і знаёміцца з традыцыямі продкаў. З мінераламі мы сутыкаемся і карыстаемся імі кожны дзень. Напрыклад, слюда ўваходзіць у лак для пазногцяў і памаду, яна блішчыць на нашай вопратцы і навагодніх цацках, а некалі яе ставілі ў шыбы замест шкла.

У фондах музея, калекцыі якога збіраліся некалькімі пакаленнямі геолагаў, каля 6 тысяч узораў. Прычым тут можна ўбачыць не толькі беларускі матэрыял, але і пазнаёміцца з мінераламі і горнымі пародамі свету. Сярод экспанатаў ёсць вельмі рэдкія. Напрыклад, зялёны нефрыт (падобных па якасці камянёў у прыродзе ўжо не засталося) ці чараіт (адзінае радовішча якога ў свеце амаль выпрацаванае).

Сабрана і добрая калекцыя метэарытаў. І каля кожнай вітрыны адкрываюцца таямніцы, звязаныя з каменьчыкамі. Ці ведаеце вы, што булатная сталь рабілася з метэарытнага жалеза, што ў Аляксандра Македонскага была карона, створаная з «зоркі» і што дзякуючы метэарытам рабіліся розныя навуковыя адкрыцці? Напрыклад, вучоныя больш даведаліся пра космас (некаторыя метэарыты ўзніклі ў той час, што і Сонца), атрымалі падказку, як зрабіць штучныя алмазы. Дарэчы, ёсць у музеі і калекцыя лжэметэарытаў, якія перадаваліся геолагам, — за «падарункі з космасу» людзі прымалі балотную руду, фабрычныя шлакі і нават асколкі ад снарадаў часоў Першай сусветнай вайны.

І безумоўна, тут можна даведацца пра розныя карысныя выкапні, што здабываюцца на нашай зямлі, а таксама пра радовішчы, якія чакаюць сваіх інвестараў. Між іншым, сярод гэтых радовішчаў ёсць і бурштынавыя.

Міжволі задумаешся: і чаму ў сучаснай школьнай праграме няма такіх заняткаў ці хоць бы тэкстаў у падручніках, каб абуджаць у дзяцей цікавасць да геалогіі? І гэта пры тым, што многія рэчы, якімі мы карыстаемся, здабыты з зямлі. З чаго зроблены фарбы, алоўкі (графітны стрыжань), вопратка (сінтэтычная — з выкарыстаннем нафты). Які першы мінерал, з якім знаёміцца немаўля адразу пасля нараджэння (тальк).

Як рас­туць ка­мя­ні?

Які камень самы мяккі — цвёрды (тальк — алмаз), цяжкі — лёгкі (пемза вулканічная — плаціна). Якія беларускія выкапні выкарыстоўваліся пры пабудове залатога палаца ў Версалі (вохра). Як выглядае гіпс? Ці былі такія часы, калі соль каштавала як золата?.. Хіба не з такіх простых пытанняў і адказаў абуджаецца цікавасць да навакольнага свету? І добра, калі гэта ўсё яшчэ можна паглядзець і памацаць.

— А ці праўда, што камяні растуць? — спрабую знайсці адказ на пытанне, якое некалі, маленькай дзяўчынкай, задавала сваім бацькам.

— Камяні растуць незаўважна для нашых вачэй, — кажа загадчыца музея Алена
Муратава
і паказвае агат. — Калі гэты камень разрэзалі, унутры ў яго была поласць, дзе можна ўбачыць крышталікі кварцу. Гэта якраз паказвае, як камень вырас: спачатку была абалонка, а пасля яна пачала зарастаць усярэдзіне. У нас ёсць апалхацэдонавае дрэва. Драўніна згнівала, а па яе кольцах раслі мінералы групы кварцу. У нашым музеі можна ўбачыць і дрэва, якое абрасло крышталямі каменнай солі. Вырошчваць крышталі можна і ў хатніх умовах — пра дослед з соллю сёння мала хто не ведае.

— У беларускіх легендах гаварылася, што камяні маглі вырастаць велічынёй з чалавека ці нават з хату...

— Гэтыя легенды звязаны з ледавіковымі валунамі. Людзі, калі аралі зямлю, збіралі камяні, а на наступны год поле зноў было ўсыпана імі. Недзе дождж прайшоў — камень з зямлі вылез. Ды і ў самой зямной кары адбываюцца геалагічныя працэсы. Што датычыцца вялікіх валуноў, яны ўсе не нашыя, іх прыцягнулі ледавікі. Па каменьчыках-узорах у музеі можна даведацца пра «камяні-падарожнікі» і нават прасачыць, з якой краіны яны да нас прыбылі.

Знаёміць з «зямнымі скарбамі» можна нават у дзіцячых садках. Тым больш што пясок і гліна, з якімі возіцца малеча, — гэта ўжо прадмет для маленькага даследавання.

І гэта я яшчэ не згадала вялізныя косткі і зубы маманта і рэшткі іншых жывёл, што вымерлі мільёны гадоў таму. Дзіўна, што неблагая палеанталагічная калекцыя, сабраная беларускімі геолагамі, да апошняга часу заставалася без належнай увагі. З мінулага года большая частка палеанталагічных знаходак адсюль пачала паспяхова выстаўляцца ў Музеі гісторыі горада Мінска.

Калі разумееш, колькі розных адкрыццяў дзеці самага рознага ўзросту могуць зрабіць у невялікім навуковым музеі, становіцца крыўдна, што ў большасці сталічных школ няма пэўнага плана пазнавальных экскурсій і класныя кіраўнікі са школьнікамі ў вольны час сёння часцей выбіраюцца ў нейкія забаўляльныя цэнтры. Можа, у гэтым годзе, які прысвечаны навуцы, нешта нарэшце зменіцца?

Алена Дзядзюля

dzіadzіula@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Падарункі зямлі і нябёсаў

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.