Вы тут

Школьнікі з Рагачова прапануюць зблізіць свет рэальны з віртуальным


Зблізіць свет рэальны з віртуальным на прыкладзе Рагачова прапануюць мясцовыя школьнікі.

На праект «100 ідэй для Беларусі» яны выходзяць з ініцыятывай устанавіць QR-коды на будынках, вартых асаблівай увагі турыстаў і ўвогуле грамадзян, неабыякавых да сваёй гісторыі.


Невялікі горад, які сёлета рыхтуецца адзначыць сваё 875-годдзе, даволі часта наведваюць турысты — у тым ліку насельнікі найбліжэйшага санаторыя. Лячэбная ўстанова добра зарэкамендавала сябе, таму шлях у прыгожыя мясціны, дзе Друць зліваецца з Дняпром, знаходзяць не толькі беларусы, але і шматлікія замежнікі. Магчыма, хутка ім не прыйдзецца, шпацыруючы па вуліцах райцэнтра, шукаць некага, хто раскажа пра мясцовыя адметнасці і славутасці. Галоўнае, каб быў у наяўнасці тэлефон з відэакамерай і ўстаноўленай праграмай.

Аліна Пашкіна заканчвае школу №2 у Рагачове і лічыць, што вэб-квэст «Турыстычная Беларусь» абавязкова спадабаецца лёгкасцю выкарыстання і цікавай інфармацыяй, пра якую дзяўчына паклапацілася разам з сябрамі:

— Ствараецца QR-код, у ім кадзіруецца інфармацыя пра пэўны будынак, вуліцу ці іншы прадмет, які мае гістарычную значнасць. Вось вы прыязджаеце ў наш горад, і вас зацікавіла гісторыя будынка былой земскай управы. З дапамогай тэлефона скануеце QR-код і ў тую ж секунду атрымліваеце ўсю патрэбную інфармацыю.

Дарэчы, цагляны будынак колішняй земскай управы сёння займае Дом кнігі. Яго ўрачыста адкрылі на леташні Дзень беларускай пісьменнасці. Гісторыя пабудовы пачынаецца з 1909 года.

— Не на ўсіх будынках можна замацоўваць шыльды, — працягвае Аліна. — У такім выпадку, каб не пашкодзіць фасад, мы прапануем размяшчаць QR-код перад будынкам. Гэта можа быць таблічка, абароненая ад вандалаў і неспрыяльных умоў надвор'я.

Цікава, што школа, у сценах якой узнікла ідэя, таксама адносіцца да ліку рагачоўскіх славутасцяў. У масіўным цагляным будынку, якому больш за стагоддзе, калісьці змяшчалася рэальнае вучылішча. Гэта адзін з нямногіх помнікаў архітэктуры, які захаваўся ў горадзе з дарэвалюцыйных часоў, пры гэтым не страціў сваіх асноўных канструкцыйных асаблівасцяў. Афіцыйна годам адкрыцця рэальнага вучылішча, пабудаванага з элементамі неакласічнага стылю, лічыцца 1906 год. Частку другога паверху займала дамавая царква ў імя святой вялікапакутніцы Варвары. Дарэчы, сродкі на ўстанову ахвяравала ўдава стацкага саветніка Варвара Іолшына.

Вядома, свае ідэі школьнікі генерыруюць з дапамогай і пры падтрымцы дарослых. У выпадку прапановы з усталёўкай QR-кодаў дзецьмі кіруе настаўнік гісторыі Вольга Краўчанка:

— Дзеці мяне саму натхняюць. Яны гавораць, што хочуць дзяліцца ведамі, і мы разам шукалі, як такую ідэю папулярызаваць. Зразумела ж, я падтрымала школьнікаў. У нас ёсць свой сайт. Мы пастаянна праводзім даследчыцкую работу, і мая задача — дапамагчы, каб даныя, якія дзеці прадстаўляюць у праекце, былі гістарычна вернымі. Мы прыцягваем у гэты праект многа людзей, каб урэшце ўсё было і цікава, і гістарычна правільна.

Між тым Рагачоў вядомы не толькі згушчонкай, якой тут усталяваны помнік ад усіх удзячных ласуноў. Увагу прыцягвае дом купца Беленькага, пабудаваны ў канцы XІX — пачатку XX ст. з цэглы і рэканструяваны ў 1950 годзе.

Прыватны дом у Рагачове, у якім надоўга спыняўся і жыў Уладзімір Караткевіч, быў пабудаваны больш за стагоддзе таму — у 1914 годзе — дзедам пісьменніка Васілём Грынкевічам. У гэтым доме Караткевіч меў асобны пакой, дзе былі створаныя «Ладдзя Роспачы», «Сівая легенда», «Віно дажджоў», часткова «Каласы пад сярпом тваім» і часткова «Хрыстос прызямліўся ў Гародні».

Ірына АСТАШКЕВІЧ

іost@zvіazda.by

Загаловак у газеце: QR-Рагачоў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».