Вы тут

Сёння і заўтра пенсійнай сістэмы


Страхавы стаж для некаторых катэгорый грамадзян, магчыма, будзе перагледжаны.

З 1 студзеня 2017 года ў нашай краіне пачалося паэтапнае штогадовае павышэнне на 6 месяцаў пенсійнага ўзросту да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, а жанчынамі — 58 гадоў. Паралельна павялічваецца ўзрост, які дае права на льготныя працоўныя пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў. Якіх яшчэ змен чакаць у пенсійнай сістэме? Ці магчыма такое, што будзе зменены парадак выплаты пенсіі працуючым пенсіянерам? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны Беларусі.


Цяпер Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны прапрацоўваецца пытанне аб пераглядзе патрабаванняў страхавога стажу для некаторых катэгорый людзей з доўгімі «крэдытнымі» перыядамі. Пра гэта заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў падчас анлайн-канферэнцыі на тэму «Пенсійнае забеспячэнне: сёння і заўтра», якая праходзіла на сайтах Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і БЕЛТА.

Як вядома, да нядаўняга часу страхавы стаж для фарміравання права на пенсію складаў 5 гадоў. У 2014 годзе ён быў павялічаны да 10 гадоў, у 2015 годзе — да 15 гадоў. Затым тэмпы
павышэння страхавога стажу запаволіліся: цяпер ён павялічваецца штогод на 6 месяцаў — да 2025 года, калі патрабаваны стаж працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў дасягне 20 гадоў. У сувязі з тым, што цяпер з'явілася катэгорыя людзей, узрост якіх падышоў да пенсійнага, але разам з тым ім не хапае страхавога стажу для прызначэння пенсіі, паўстала пытанне, як ім дапамагчы. Калі змены да патрабаванняў страхавога стажу для пэўных катэгорый асоб будуць прынятыя, Мінпрацы і сацабароны праінфармуе пра гэта праз СМІ.

***

Многіх хвалюе пытанне, ці не будзе прадугледжана ў будучыні зніжэнне пенсійнага ўзросту асобным катэгорыям грамадзян пры доўгім стажы працы з выплатай страхавых узносаў. Атрымліваць пенсію раней за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост, па словах начальніка галоўнага ўпраўлення пенсійнага забеспячэння Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Наталлі Мурашкевіч, ніхто не будзе: «З улікам адносна нізкага пенсійнага ўзросту ў Беларусі (нават пасля яго павышэння да 58/63 гадоў) зніжэнне гэтага ўзросту для грамадзян з доўгім стажам працы не прадугледжана і не плануецца».

***

На 1 студзеня гэтага года 25,4% атрымальнікаў пенсій (гэта 665,8 тысячы чалавек) працягвалі працаваць. Пры гэтым жанчын сярод працуючых пенсіянераў удвая больш, чым прадстаўнікоў моцнай палавіны (451,5 тысячы жанчын і 214,2 тысячы мужчын). Нацыянальным заканадаўствам устаноўлена абмежаванне ў выплаце пенсій для тых, хто меў высокую заработную плату ў мінулым і чый індывідуальны каэфіцыент заробку перавышае 1,3. Рэальна пенсійныя выплаты абмяжоўваюцца нязначна: большасць працуючых пенсіянераў атрымліваюць пенсіі без вылікаў. Змянення парадку выплаты пенсіі працуючым пенсіянерам, па словах Наталлі Мурашкевіч, не плануецца.

***

У сувязі з тым, што, як аказалася, многія не могуць разабрацца, ці залічваецца ў стаж для пенсіі ваенная служба, Наталля Мурашкевіч тлумачыць: «Перыяды ваеннай службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь, а таксама службы ва Узброеных Сілах былога СССР (за выключэннем ваеннай службы на тэрыторыі Латвіі), як і іншыя перыяды грамадска карыснай дзейнасці без выплаты абавязковых страхавых узносаў, уключаюцца ў стаж працы, які ўлічваецца пры вылічэнні памеру прызначанай пенсіі. Аднак для прызначэння працоўнай пенсіі па ўзросце і за выслугу гадоў неабходна мець патрабаваны мінімальны стаж працы з выплатай абавязковых страхавых узносаў — у гэты стаж перыяды ваеннай службы і іншыя перыяды дзейнасці без выплаты страхавых узносаў не ўключаюцца».

Святлана Бусько

buskо@zvіаzdа.bу

У тэму

ФПБ прапаноўвае падтрымаць сем'і, якія маюць чацвярых дзяцей

Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапанавала Міністэрству працы і сацыяльнай абароны разгледзець пытанне аб унясенні змяненняў у закон аб пенсійным забеспячэнні для падтрымкі грамадзян, якія маюць чацвярых дзяцей.

Цяпер у стаж працы залічваецца перыяд водпуску па доглядзе дзіцяці і перыяд догляду дзяцей да дасягнення імі ўзросту трох гадоў, але не больш за дзевяць гадоў у агульнай суме. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі лічыць, што норма не адпавядае прынцыпам сацыяльнай справядлівасці. Атрымліваецца, што тым, у каго трое дзетак, гэтыя перыяды ўключаюцца ў поўным аб'ёме, адначасова для тых, хто мае пяцёра і больш дзяцей, прадугледжаны дадатковыя льготы. Бацькам жа, якія выхоўваюць чацвярых дзяцей, у стаж працы залічваецца толькі 75% такога водпуску. «Мы прапануем залічваць ім перыяд такіх водпускаў у поўным аб'ёме — 12 гадоў», — адзначае намеснік старшыні ФПБ Алена Манкевіч.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».