Вы тут

У Віцебску адкрылася выстаўка «Рабінская дынастыя»


У Віцебску працягваюцца мерапрыемствы, прысвечаныя юбілею Марка Шагала. Днямі адкрылася выстаўка «Рабінская дынастыя». Яна дае ўяўленне пра рэлігійнае іўдзейскае жыццё таго перыяду, калі мастак жыў у родным горадзе.


На адкрыцці выстаўкі.

Выстаўка працуе ў Арт-цэнтры Марка Шагала (вуліца Савецкая, дом 25). Яна — сумесны праект ізраільскага даследчыка Ільі Васільева, Музея Марка Шагала ў Віцебску, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці і Музея гісторыі і культуры яўрэяў Беларусі.

— Праект «Рабінская дынастыя» экспанаваўся ў Яўрэйскім музеі і цэнтры талерантнасці ў Маскве, музеях гісторыі рэлігіі ў Львове, Санкт-Пецярбургу. Ён апавядае пра драматычную гісторыю некалькіх пакаленняў сям'і Медалье. І галоўным чынам пра аднаго яе прадстаўніка — Шмер-Лейба Медалье. Гісторыя сям'і ілюструе лёс некалькіх пакаленняў артадаксальных яўрэяў. Яны спрабавалі захаваць вернасць родавым традыцыям яўрэйства і рэлігіі ў ХХ стагоддзі, — расказвае Ілья Васільеў.

Цудам да нашых дзён захаваўся дом сям'і Медалье. Знаходзіцца недалёка ад аўтавакзала, на вуліцы Савецкай Арміі — на шляху ў бок да дома-музея Майстра. Пакуль што там няма адпаведнай памятнай дошкі. Хочацца спадзявацца, што ў год святкавання юбілею Шагала (які нарадзіўся ў 1887 годзе) увекавечаць і памяць духоўнага лідара вернікаў-яўрэяў таго часу.

— Шмер-Лейб Медалье (гады жыцця: 1872—1938) карыстаўся павагай у самых розных колах яўрэйскага свету. Пост рабіна Віцебска займаў больш за дваццаць гадоў! Потым ён быў адным з лідараў паўпадпольнага Савета рабінаў СССР. А затым — і галоўным рабінам Масквы. Апошняя пасада дазволіла яму неафіцыйна лічыцца кіраўніком усяго рэлігійнага яўрэйства краіны. Але яна ж стала для яго фатальнай. У 1938 годзе Медалье быў арыштаваны і расстраляны, — працягвае даследчык.

...У Дзяржаўным архіве Віцебскай вобласці захаваліся дакументы, якія сведчаць пра рабіна Медалье.

У наш час міжвольна выклікае ўсмешку спрэчка паміж тымі, хто пастаўляў вернікам кашэрнае мяса. Хто правільна ці няправільна ажыццяўляе забойства жывёл. І некалькі рабінаў, у тым ліку і Медалье, павінны былі вызначыць, хто ж мае рацыю.

Медалье, аказваецца, быў не толькі прызнаным знаўцам Торы. Ён таксама разбіраўся і ў камерцыйных справах, неаднаразова быў арбітрам або прадстаўніком аднаго з бакоў у рабінскіх судах. Тады там разбіраліся са спрэчкамі паміж яўрэйскімі прадпрымальнікамі.

Пры гэтым самі рабіны і іх дзеці былі пазбаўлены многага. У прыватнасці, выбарчага права. Ім забаранялася займаць пасады ў дзяржаўных органах улады. Бо, як лічылі прадстаўнікі савецкай улады, раўнапраўя не вартыя тыя, хто не займаецца фізічнай працай...

Нягледзячы на жыццёвыя цяжкасці, некаторыя з 11 дзяцей рабіна атрымалі ў спадчыну рэлігійнае служэнне айца...

У музеі падкрэсліваюць, што выстаўка выкліча цікавасць, бо рабін Медалье і Шагал жылі ў адзін час у Віцебску.

— Гэта і стала галоўнай нагодай для таго, каб прыняць сам праект. Яны, напэўна, «перасякаліся» паміж сабой. Прозвішча Медалье для Віцебска, на жаль, малавядомае. Між тым яго памятаюць і шануюць за мяжой. У прыватнасці, у Ізраілі. Мемарыяльныя рэчы і фотадакументы, упэўнена, зацікавяць усіх наведвальнікаў, — расказвае Ірына Воранава, кіраўнік Музея Марка Шагала ў Віцебску.

Дарэчы, сёлета ў абласным цэнтры запланавалі адкрыць першую пабудаваную за апошнія 100 гадоў сінагогу — раней жа было больш за 70 сінагог і малітоўных дамоў.

Аляксандр ПУКШАНСКІ

pukshanskі@zvіazda.by

Загаловак у газеце: Рабін Медалье

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.