Вы тут

Гільерме Фансека: Ёсць праблема — у вас занадта высокія дзяўчаты


Бразільскі футбаліст аб першых месяцах жыцця ў Мінску.

Гільерме Фансека ў сёлетнім сезоне з'яўляецца адным з трох бразільскіх гульцоў у міні-футбольным клубе «Сталіца». Ён нарадзіўся ў Порту-Алегрэ, а Беларусь для спартсмена стала першым легіянерскім вопытам і адразу настолькі далёкім. Гільерме добра ўліўся ў калектыў і ўжо не аднойчы дапамог сваёй камандзе ў вырашальныя хвіліны матчаў. У тым ліку і намаганнямі бразільца «Сталіца» сёння ўзначальвае турнірную табліцу чэмпіянату Беларусі. За некалькі апошніх тураў да плэй-оф мы вырашылі сустрэцца з Фансекам, каб пагаварыць пра тое, што здзівіла бразільца ў нашай краіне і з якімі цяжкасцямі іншаземец сутыкаецца ў Мінску.


— Гільерме, ты ўжо асвоіўся ў новай краіне?

— Так, у Мінску ўжо некалькі месяцаў. Калі менеджар прапанаваў гуляць у «Сталіцы», я ведаў пра Беларусь толькі тое, што краіна знаходзіцца дзесьці ў Еўропе і што яна такая ж халодная, як Расія. Клуб шукаў гульца з характарыстыкамі, якія ўласцівыя мне, — гэта добрая хуткасць, дрыблінг, хуткі пас. Пасля прапановы ад менеджара звязаўся з земляком Бэтам, які гуляе ў «Сталіцы» ўжо практычна год. Першае, што я спытаў, — як жыццё ў Беларусі і наколькі моцныя халады ў гэтай краіне.

— Што цябе больш за ўсё здзівіла ў Беларусі?

— Ну, па-першае, тут рэальна холадна. Мая паездка ў Беларусь — гэта першы раз, калі я выехаў з Бразіліі. Ляцеў у Мінск цераз Франкфурт, там не было холадна, не было снегу. А вось у Мінску я ўжо ў поўнай меры адчуў ваш клімат, выйшаў з самалёта і тут жа замерз, мала таго, яшчэ і прастыў. Гэтак жа сутыкнуўся з моўным бар'ерам, мытнікі не маглі зразумець мяне, плюс не працаваў інтэрнэт, гэта значыць я не мог скарыстацца перакладчыкам.

Ну, а пазней, калі трохі пажыў у Мінску, быў вельмі здзіўлены, што Беларусь настолькі спартыўная краіна. Тэлебачанне, рэклама, такое прасоўванне і папулярызацыя спорту. У Бразіліі ў гэтым сэнсе ўсё вельмі сумна. Я заўважыў, што людзі ў вас любяць займацца не толькі прафесійным спортам, але і аматарскім — гуляюць у футбол, бадмінтон, бегаюць, катаюцца на роварах. Калі прыходжу ў трэнажорную залу, там заўсёды шмат людзей з прыгожымі целамі.

— Што стала для цябе самым складаным у адаптацыі?

— Раскажу выпадак, які адбыўся са мной, калі ўпершыню адправіўся ў беларускую краму. Я ўзяў прадукты, падышоў да касы і толькі пачаў складаць іх у пакет, як прадавец пачала нешта эмацыйна казаць і паказваць на пакет, я зразумеў, што браць яго нельга, потым аказалася, што за яго проста трэба было заплаціць грошы, але мне і ў галаву не магло прыйсці. У Бразіліі не трэба купляць пакеты, я ўзяў пакупкі ў рукі і пайшоў, але мне было так сорамна, бо людзі ў краме маглі падумаць, што я хацеў яго ўкрасці. Потым яшчэ паўдня я думаў пра гэта. Добра, што ёсць Бэта, які ўжо трохі адаптаваўся ў Беларусі і дапамагае мне зразумець, што і як тут уладкавана.

— Якія-небудзь рускія ці беларускія словы ўжо ведаеш?

— Так. «Говорить», «привет», «как дела», «хорошо», «мяч», «зелёный», «синий», «молоко», «грудка». З беларускай складаней, я даведаўся, што ў вас дзве мовы, калі да Дня ўсіх закаханых у клубе мы здымалі віншавальнае відэа. Бразільскія гульцы спявалі песню «Касіў Ясь канюшыну» на беларускай мове. Канюшына — гэта беларускае слова?

— Так.

— Беларускія словы пакуль для мяне вельмі складаныя.

— Можа быць, у Мінску ў цябе ўжо з'явіліся любімыя месцы?

— Мне складана гаварыць на гэтую тэму, бо бразільцы з маёй каманды практычна не выходзяць з дому. У нас так прынята, што калі не ідзе адзін, то не ідуць усе. Для вас, напэўна, гэта складана зразумець... Таму я практычна нідзе не бываю, акрамя гульняў і трэніровак. Такая ж сітуацыя з беларускай кухняй, я не каштаваў вашых нацыянальных страў, хоць ужо атрымалася пабываць у рэстаране грузінскай кухні і паесці італьянскую піцу.

Наогул, вядома, пакуль мне сумнавата, таму, калі застануся тут гуляць на наступны год, то прывязу ў Мінск сваю дзяўчыну.

— Беларускія прыгажуні не ўражваюць?

— Дзяўчаты ў Беларусі і Бразіліі вельмі розныя. У маёй краіне яны звычайна маюць больш пышныя формы, маленькага росту, а беларускі — худыя, стройныя, высокія, як быццам усе мадэлі. У Мінску вельмі прыгожыя дзяўчаты, але ёсць праблема — яны занадта высокія, а ў мяне невялікі рост. Яшчэ я не разумею, навошта жанчыны носяць абцасы, у Бразіліі ўжо даўно аддаюць перавагу камфортнаму абутку.

— Якія яшчэ адрозненні ты заўважыў паміж беларусамі і бразільцамі?

— Мне здаецца, што ў нас людзі больш сонечныя, можа, гэта з-за надвор'я... Яны заўсёды ўсміхаюцца, абдымаюцца пры сустрэчы. А беларусы вельмі стрыманыя, яны кажуць «прывітанне» звычайна з досыць халодным тварам, рэдка пытаюцца як справы. Шчыра кажучы, для мяне гэта сапраўдная праблема. Нешта падобнае і на трэніроўках, выключна рабочая атмасфера. У Бразіліі ўсе цікавяцца тваім жыццём, расказваюць пра сваю сям'ю, пытаюцца пра тваю. Адрозненне ёсць і ў зносінах з трэнерам, у мяне на радзіме трэнер і гулец гэта як бацька і дзіця. Настаўнік заўсёды цікавіцца маімі справамі, здароўем, справамі ў маіх бацькоў, пры тым усё гэта вельмі шчыра і зацікаўлена. Калі нешта не так, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. Мне здаецца, у Беларусі людзі больш накіраваны на вынік, але не магу сказаць добра гэта ці дрэнна.

— Нядаўна Бразілія прыняла два прэстыжныя спартыўныя турніры — чэмпіянат свету па футболе і Алімпійскія гульні...

— Футбол для нас як рэлігія, ён у нас у крыві, гэта наш нацыянальны від спорту, гэтак жа як для вас хакей, таму чэмпіянат свету быў нашмат важнейшы, чым Алімпіяда. Тэлебачанне, радыё, газеты, урад — усе надаюць вельмі вялікае значэнне гэтаму віду спорту.

— Для і так небагатага насельніцтва Бразіліі гэта былі жаданыя спаборніцтвы?

— Бразілія не столькі бедная, колькі карумпаваная краіна. У нас дастаткова рэсурсаў, але карупцыя на такім узроўні, што не дае краіне развівацца. Так, многія людзі кажуць, што ва ўрада няма грошай на будаўніцтва бальніц, якіх не хапае, рэканструкцыю школ, але чамусьці знаходзяцца грошы для таго, каб будаваць вялізныя сучасныя стадыёны. Калі паглядзець на гэта з іншага боку і ўзяць звычайнага бразільца, ён можа аддаць досыць буйную суму грошай на квіток на матч Бразілія — Нідэрланды, напрыклад, але калі ў яго будзе балець горла, ён наўрад ці купіць сабе лекі. Мне здаецца, гэта ў нас у крыві, але гэта ж не вельмі разумна. Бразілец лепш пойдзе на стадыён, чым у бальніцу, і гэта таксама развязвае рукі нашаму ўраду.

— Міні-футбол у тваёй краіне гэтак жа папулярны, як і вялікі?

— Так, можа быць, нават больш папулярны, таму што ў яго гуляюць у кожнай школе. Але я пачынаў з вялікага футбола, потым выйшла так, што менавіта па міні-футболе пачаў дасягаць поспехаў, ды і мае фізічныя даныя больш падыходзяць для гэтага віду. Вядома, у вялікім футболе нашмат больш грошай, але ў міні-футболе я знайшоў сваё шчасце.

— Якія задачы ў «Сталіцы» ў сёлетнім сезоне?

— Я прыехаў у Беларусь і разам з камандай маю намер стаць чэмпіёнам. Не хачу асабістых заслуг, тытулаў, дасягненняў. Мне хацелася б упісаць сваё імя ў гісторыю гэтага клуба.

— У камандзе зараз тры бразільцы, і ўсіх вас акрамя нацыянальнасці аб'ядноўвае яшчэ і вялікая колькасць татуіровак.

— У Бразіліі гэта норма — насіць на целе шмат татуіровак. Большасць жыхароў маюць хоць бы адзін малюнак. Мае татуіроўкі адлюстроўваюць асабістую гісторыю жыцця, усе яны з сэнсам. Паколькі мы жывём у гарачай краіне, большая частка цела адкрыта, таму татуіроўкі для нас, як вопратка, гэта адначасова і мода, і традыцыя.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».