Вы тут

Галоўны прыярытэт — устойлівае развіццё


Выступленне старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Андрэйчанкі У. П. на адкрыцці другой сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання


Паважаныя дэпутаты, члены ўрада і запрошаныя!

Пачынае сваю работу другая сесія Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання.

Яе прыярытэты вызначаны праграмнымі дакументамі развіцця краіны на бягучае пяцігоддзе і задачамі кіраўніка дзяржавы па забеспячэнні суверэнітэту, умацаванні эканомікі, павышэнні якасці жыцця грамадзян і захаванні сацыяльнай стабільнасці з улікам сучасных геапалітычных рэалій.

Роля парламента ў рэалізацыі дзяржаўнай стратэгіі будзе дакладна абазначана ў Пасланні Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Але ўжо сёння нашы заканатворчыя напрацоўкі, вопыт парламенцкай дыпламатыі і вырашэння праблем у выбарчых акругах даюць нам магчымасць вылучыць тыя задачы, на якіх трэба засяродзіць асноўную ўвагу.

Перш за ўсё важна прадоўжыць фарміраванне ўмоў, пры якіх нацыянальная эканоміка зможа больш гібка рэагаваць на глабальныя і рэгіянальныя выклікі. Выявіць яе ўнутраныя рэзервы і канкурэнтныя перавагі прызначаны меры па паляпшэнні дзелавога і інвестыцыйнага клімату, развіцці інавацыйнай дзейнасці, забеспячэнні гарманічнага партнёрства ўсіх сектараў эканомікі.

Канкрэтным крокам у гэтым напрамку павінна стаць прыняцце праектаў законаў аб дзяржаўных закупках, інвестыцыйных фондах, аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках, аптымізацыя механізма дзяржаўна-прыватнага партнёрства.

Асноўныя навацыі гэтых дакументаў шырока вядомы дзякуючы таму, што іх падрыхтоўка ішла ў гранічна адкрытым фармаце. Думаецца, дэпутаты задалі правільны тон у сваёй рабоце, і такую практыку трэба развіваць, тым больш што гэта далёка не апошнія рашэнні, дзе неабходна ўлічваць увесь спектр грамадскай думкі.

Такі падыход будзе дарэчны, напрыклад, пры абмеркаванні новай рэдакцыі Закона «Аб процідзеянні манапалістычнай дзейнасці і развіцці канкурэнцыі», распрацаванай з улікам патрабаванняў Еўразійскага эканамічнага саюза.

Павышаную ўвагу грамадскасці выклічуць і законапраекты сацыяльнага блока. Бяспека прадуктаў харчавання, пітное водазабеспячэнне, абарона правоў спажыўцоў, якасць сацыяльнага абслугоўвання і адвакацкіх паслуг — усе гэтыя пытанні глыбока закранаюць інтарэсы кожнага чалавека.

Завяршаецца работа над праектам новай рэдакцыі Закона «Аб дзяржаўных дапамогах сем'ям, якія выхоўваюць дзяцей». Дэпутаты ўжо выказалі свае заўвагі адносна змянення падыходаў да вылічэння і пераразліку памеру дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. І сёння важна знайсці найбольш прымальныя рашэнні па гэтым пытанні.

Выкананне сацыяльных абавязацельстваў дзяржавы і забеспячэнне збалансаванага развіцця эканомікі выстаўляюць даволі строгія патрабаванні да рэалізацыі бюджэтна-фінансавай і падатковай палітыкі. Распрацоўка пакета адпаведных дакументаў на 2018 год пачата ўжо. Удзел у такой адказнай і складанай рабоце для цяперашняга склікання стане своеасаблівым экзаменам, і вельмі важна вытрымаць яго дастойна.

Адна з неабходных умоў стабільнага развіцця грамадства — надзейнае забеспячэнне яго бяспекі. Таму мы прадоўжым прымаць паслядоўныя меры па ўмацаванні абараназдольнасці краіны, узмацненні барацьбы з тэрарызмам і экстрэмізмам, удасканаленні сістэмы аховы грамадскага парадку.

Фарміраванне такога насычанага парадку дня стала вынікам напружанай заканадаўчай работы і маніторынгу правапрымяняльнай практыкі, праведзеных дэпутатамі ў
міжсесійны перыяд.

Не менш інтэнсіўнай у гэты час была і міжнародная дзейнасць Палаты прадстаўнікоў. Цалкам зразумела, што яна праходзіла пад знакам падрыхтоўкі 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Прапанова правесці такое маштабнае мерапрыемства ў г. Мінску сведчыць аб пазітыўнай ацэнцы ўдзелу нашай дэлегацыі ў ПА АБСЕ і прызнанні ўкладу Беларусі ў забеспячэнне міру і стабільнасці ў рэгіёне.

У рамках зімовага пасяджэння ПА АБСЕ ў г. Вене была паспяхова праведзена прэзентацыя Рэспублікі Беларусь у якасці краіны, якая прымае сесію. А ў ходзе нядаўняга візіту ў г. Мінск дэлегацыі гэтай аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыі на чале з яе старшынёй Крысцін Мутанен былі ўзгоднены ўсе дэталі, звязаныя з яе падрыхтоўкай, і падпісана адпаведнае пагадненне.

Паспяховае правядзенне гэтага прадстаўнічага форуму — пытанне нацыянальнага гонару. І парламентарыі ў цесным узаемадзеянні з зацікаўленымі дзяржаўнымі органамі павінны зрабіць усё, каб умовы работы палітыкаў з больш як 50 краін свету ў час іх знаходжання ў Беларусі адпавядалі самым высокім міжнародным стандартам. Акрамя таго, гэта адна з важнейшых перадумоў умацавання міжпарламенцкіх сувязяў з нашымі еўрапейскімі партнёрамі.

Аб тым, што падставы для нарошчвання такога супрацоўніцтва ёсць, сведчыць танальнасць нашага дыялогу з Парламенцкай асамблеяй Савета Еўропы, у прыватнасці, вынікі перагавораў з дакладчыкам па Беларусі камісіі ПАСЕ па палітычных пытаннях і дэмакратыі Андрэа Рыгоні, узровень адносін з Парламенцкай канферэнцыяй Балтыйскага мора, на які мы паступова выходзім, а таксама нарастанне дынамікі двухбаковых кантактаў.

Плённа прайшлі нашы сустрэчы з дэпутатамі Бундэстага Германіі, прадстаўнікамі дыпламатычных місій Вялікабрытаніі, Венесуэлы, Славакіі і ЗША.

Важнейшай сферай прыкладання нашых намаганняў з'яўляецца паглыбленне стратэгічнага партнёрства на еўразійскай прасторы. Беларускія парламентарыі актыўна ўдзельнічалі ў мерапрыемствах па лініі міжпарламенцкіх структур СНД, АДКБ, Саюзнай дзяржавы. Аб узгодненасці дзеянняў і ўзаемнай падтрымцы на інтэрнацыянальных парламенцкіх пляцоўках ішла размова ў час візіту старшыні Мажыліса Парламента Рэспублікі Казахстан.

Учора мы адзначалі Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі. Гэта святочная дата — сур'ёзная нагода задумацца пра будучае нашай інтэграцыі. На мінулай сесіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі ішла адкрытая размова аб праблемах, якія назбіраліся ў беларуска-расійскіх адносінах. Наступная, 52-я, сесія саюзнага парламента пройдзе ў чэрвені гэтага года ў Беларусі. Важна арганізаваць работу такім чынам, каб яе вынікі далі магчымасць нам рэальна рухацца наперад у рэалізацыі ўзгодненай прамысловай палітыкі, стварэнні роўных умоў для суб'ектаў гаспадарання, выпрацоўцы адзіных тарыфаў на энерганосьбіты і вырашэнні іншых не менш важных пытанняў двухбаковага парадку дня.

У бліжэйшыя месяцы плануецца даволі інтэнсіўны абмен візітамі. Чакаецца, што Беларусь наведаюць парламенцкія дэлегацыі Індыі, Кітая, Пакістана, Польшчы. У сваю чаргу, мы сур'ёзна рыхтуемся да візіту ў Пакістан, які пройдзе ў другой дэкадзе красавіка. Яго праграма сфарміравана ў мэтах развіцця дамоўленасцяў, дасягнутых прэзідэнтамі дзвюх краін. Разам з парламентарыямі ў г. Ісламабад накіруецца прадстаўнічая дэлегацыя дзелавых колаў Беларусі, якая прыме ўдзел у першым беларуска-пакістанскім сельскагаспадарчым форуме.

Нягледзячы на насычаны графік заканатворчай і міжнароднай дзейнасці, дэпутаты выканалі вельмі значную місію ў выбарчых акругах. Рэалізуючы ўстаноўкі кіраўніка дзяржавы, у цесным узаемадзеянні з мясцовымі ўладамі яны правялі сур'ёзную работу па фарміраванні баз даных грамадзян, якія могуць быць вызвалены ад выплаты збору на фінансаванне дзяржаўных расходаў, і вырашэнні праблемы занятасці насельніцтва.

Гэта дапамагло знізіць градус сацыяльнай напружанасці, выкліканай практыкай прымянення норм дэкрэта аб сацыяльным утрыманстве. Не сакрэт, што грамадская незадаволенасць была выклікана перш за ўсё недасканаласцю пастаноўкі растлумачальнай работы. Парламентарыі пастараліся ліквідаваць гэты прабел. Пры гэтым яны ішлі да людзей не з пустымі лозунгамі, а з канкрэтнымі прапановамі. Толькі за апошні месяц дапамогу ў пошуках рабочага месца атрымалі сотні людзей.

Важна не зніжаць набраныя тэмпы, паколькі ад падтрымання канструктыўнага грамадзянскага дыялогу шмат у чым залежаць кансалідацыя народа і яго здольнасць пераадольваць самыя няпростыя выпрабаванні.

На заканчэнне, паважаныя калегі, дазвольце мне падзякаваць вам за добрую падрыхтоўку да сесіі і запрасіць да работы.

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.